77 выпускников Ушаччины попрощались со своими школами

Образование и молодежь

Па­-святочнаму апранутыя, усхваляваныя і радасныя, 77 экс-адзінаццацікласнікаў школ Ушаччыны сабраліся ў чацвер на знакавую ўрачыстасць з уручэннем атэстатаў сталасці. І хоць праходзілі мерапрыемствы сёлета ў асаблівым фармаце, атрымаліся, як заўсёды, яркімі, насычанымі.

Напэўна, больш за ўсё ўвагі ў гэты дзень дасталася выпускнікам, настаўнікам Глыбачанскай школы. І гэта зразумела: яе сёлета скончыла адзіная ў раёне залатая медалістка Дзіяна Герцык. Дасягнуць такой вяршыні, па словах дзяўчыны, удалося дзякуючы пастаўленай мэце і пастаяннай рабоце над сабой. Дарэчы, выпускніца марыць стаць перакладчыкам.

“Калі сабраць усе яе ўзнагароды, заваяваныя за гады навучання ў Дубраўскай, Вяркудскай і Глыбачанскай школах, напэўна, у нас не хопіць месца, каб іх развесіць, – з гонарам кажа дырэктар Зоя Іванаўна Жогаль. – Гэта наша зорачка, якая гучна заявіла пра сябе ў алімпіядным руху (па беларускай мове і літаратуры была дыпламантам абласнога ўзроўню), у штогадовых Кірыла-Мефодзіеўскіх чытаннях, інтэлектуальных і творчых спаборніцтвах, ездзіла на рэспубліканскую ёлку для адораных дзяцей. І што адметна – засталася сціплай дзяўчынай”. Дапамагалі ж Дзіяне ў спасціжэнні навук яе першая настаўніца Еўдакія Васільеўна Мядзведзева, класны кіраўнік Іна Васільеўна Сяліцкая, іншыя педагогі.

“Гэта вялікае шчасце – бачыць поспехі свайго дзіцяці, – кажа маці медалісткі Алена Сцяпанаўна Герцык. – Сёння для нас з мужам Уладзімірам Леанідавічам, які, на жаль, не змог прыйсці на ўрачыстасць, асаблівы дзень, калі разумееш, што жыццё не прайшло дарэмна!”

Пад апладысменты аднакласнікаў, бацькоў юнакі і дзяўчаты з Глыбачкі атрымалі атэстаты сталасці. Кожнаму з іх настаўнікі падрыхтавалі словы наказу. “Па гэтым выпускнікам будзем асабліва сумаваць! – зазначыла намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Галіна Васільеўна Казлова. – Усе сямёра – выхаваныя, дасведчаныя, чацвёра збіраюцца паступаць у ВНУ, Вікторыі Пліскевіч, Фёдару Рубісу і Дзіяне Герцык за поспехі ў вывучэнні асобных прадметаў уручаны Пахвальныя лісты. Нагадваць нам пра іх будзе і алея туй, пасаджаная дзецьмі перад школай”.

“Гэта мой першы, а таму асаблівы выпуск, – падзялілася з намі класны кіраўнік 11 класа Арэхаўскай школы Таццяна Валер’еўна Бандарэнка. – З дзевяццю гэтымі юнакамі і дзяўчатамі пазнаёміліся, калі яны былі сямікласнікамі”. Пра тое ж, якім быў апошні вучэбны год для іх, пра клопаты і дасягненні, расказаў удзельнікам урачыстасці відэафільм, падрыхтаваны настаўніцай. Кранальны падарунак для яе падрыхтавалі і выпускнікі: на вялізны плакат у форме сэрца яны наклейвалі свае фотаздымкі, расказваючы штосьці адметнае.

“Ведаеце, я б усіх пяцярых сваіх выпускнікоў пакінула на другі год! – жартавала дырэктар Ільюшынскай школы Таццяна Анатольеўна Пахолак. – Гэта дастаткова моцны, згуртаваны клас. Патрэбна “працоўная” дапамога – ведаю, што хлопцы з 11 класа не адмовяць. Падрыхтаваць культурна-масавае мерапрыемства – таксама сюды, да Мацвея Шыбко, які браў на сябе ролю вядучага, іншых актывістаў. Выступіць на спартыўных спаборніцтвах – гэта да Віктара Волаха. “Прадметныя” вяршыні брала Кацярына Халімоненка, штогадовы прызёр раённага этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Усё гэта – заслуга і іх класнага кіраўніка Наталлі Іванаўны
Клопавай”.

Кранальнымі пачуццямі запомніцца гэты дзень выпускнікам Вялікадолецкай школы. Шчырыя словы знайшліся пра кожнага з семярых юнакоў і дзяўчат – чацвёра з іх на павышаным узроўні вывучалі аграрныя дысцыпліны, трое атрымалі пасведчанне агародніка, двое збіраюцца паступаць у ВНУ. Добрага шляху ім пажадалі дырэктар Рыма Леанідаўна Аніскевіч, класны кіраўнік Тамара Сямёнаўна Тухто, а ад імя бацькоў – Аксана Леанідаўна Зянюк.

У блізкім да прывычнага фармаце – з вальсам, мноствам сюрпрызаў і віншаванняў – праходзіў выпускны вечар ва Ушацкай школе. Ля роднай альма-матэр сабраліся 49 экс-адзінаццацікласнікаў, педагогі, бацькі, госці. “Прапусціць такое дзейства не маглі – вырашылі зноў акунуцца ў атмасферу свята”, – казалі мінулагоднія выпускнікі Яўген Бародзіч і Наталля Ладзік. Прыйшла на ўрачыстасць і колішняя залатая медалістка Ганна Герцык, праўда, у яе была іншая місія – падтрымліваць матулю Наталлю Мікалаеўну, якая выпускала свой 11 “Б”.

“Вельмі сумна развітвацца, – казала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Святлана Дзмітрыеўна Галай. – 11 “А” – гэта 14 абаяльных дзяўчат і 11 цікавых юнакоў. Дзевяцёра з іх вывучалі хімію і біялогію на павышаным узроўні. Сапраўдная зорачка – выдатніца вучобы, пераможца заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры Злата Клачок. На школьных і раённых алімпіядах вылучаліся Валерыя Мацеша, Ангеліна Міцкевіч, Таццяна Дуброўская, Юлія Жданава. 11 “Б” – гэта вялікая дружная сям’я з 10 дзяўчат і 14 юнакоў. Пераможцамі раённага этапу алімпіяды па фізкультуры і здароўі былі Андрэй Бутоўскі і Арцём Правада, неаднаразовыя прызёры навукова-практычных канферэнцый – Максім Клімашэўскі, Дар’я Дабрынеўская, Аляксей Бурнейка, Марыя Лукашэвіч, пераможца раённага этапу алімпіяды па фінансавай граматнасці – Аляўціна Конан, прызёр абласнога этапу конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці – Мікіта Жарнасек, неаднаразовыя пераможцы і прызёры чэмпіятаў Віцебшчыны па кулявой стральбе – Уладзімір Бутоўскі, Віктар Лёля, Максім Клімашэўскі”.

Ніколі не здраджваць сваёй мары, быць настойлівымі і працавітымі жадалі выпускнікам ад імя першых настаўнікаў – Святлана Міхайлаўна Ільюшэнка, ад класных кіраўнікоў – Алена Валер’еўна Правада, бацькоў – Раман Мікалаевіч Фядосенка. За актыўны ўдзел у рабоце БРСМ шэрагу юнакоў і дзяўчат ад райкама грамадскага аб’яднання ўручаны дыпломы і сувеніры, а Канстанціну Кучаронку і Уладзіславу Байцову – Рэкамендацыі для паступлення ў Ваенную акадэмію і Універсітэт грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь.

Атэстаты і Пахвальныя лісты выпускнікам, а Злаце Клачок як пераможцы рэспубліканскай алімпіяды – яшчэ і Пасведчанне аб прысуджэнні штогадовай прэміі Віцебскага аблвыканкама ўручыў дырэктар школы Віталь Іосіфавіч Клімашэўскі. Многія мамы і нават таты змахвалі слёзы, калі на экране з’яўляліся фота іх дзяцей. Каб не прапусціць урачыстасць, загадзя адклалі ўсе планы прадстаўнікі вялікай сям’і Фядосенкаў – на апошні школьны баль Мікіты прыйшлі не толькі бацькі, але і дзядуля, бабулі, сястрычкі.

Эмоцый мерапрыемству ва Ушачах дадалі цікавыя відэаролікі, падрыхтаваныя экс-адзінаццацікласнікамі і іх бацькамі. Завяршыўся ж вечар традыцыйнай пасадкай туй на алеі выпускнікоў ля школы.

Віншаванні, кветкі, здымкі на памяць – усё гэта выпускны баль, які перагарнуў апошнюю старонку дзяцінства і раскрыў перад учарашнімі школьнікамі нязведаныя прасторы дарослага жыцця. У добры шлях, выпускнікі!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *