Экзамен перед посевной. В сельхозорганизациях Ушаччины прошёл гостехосмотр

Сельское хозяйство

У сакавіку своеасаблівую рысу пад зімовымі намаганнямі механізатараў і інжынерных службаў па традыцыі падводзіць дзяржаўны тэхнічны агляд машынна­-трактарнага парку гаспадарак. І сёлета назіраецца вельмі розная ступень гатоўнасці сельгаспрадпрыемстваў да веснавой кампаніі – адны могуць хоць заўтра выехаць у поле, другім для гэтага трэба яшчэ шмат папрацаваць.

Мехдвор “Ільюшынскага” сустрэў унушальнай лінейкай гатоўнасці: падрыхтаваная тэхніка нават не ўмясцілася ў адзін рад, былі выстаўлены трактары розных марак – ад маленькіх да энерганасычаных, чыстыя і дагледжаныя, быццам толькі што з канвеера (на здымках). Асобна захоўваюцца і чакаюць свайго часу прычапныя агрэгаты, раскідвальнікі ўгнаенняў.

Тэхагляд з’яўляецца сур’ёзным экзаменам, а вопытны экзаменатар – галоўны дзяржаўны інспектар Дзяржтэхнагляду І.М.Пухальскі – да справы адносіцца прынцыпова, усе “паперы” і кожны трактар вывучае дасканала. У парадку павінна быць дакументацыя і на тэхніку, і ў механізатара, які за ёй замацаваны. Медыцынская аптэчка, вогнетушыцель, знак аварыйнага прыпынку – без гэтых неабходных атрыбутаў агляд таксама не пройдзеш. Вялікая ўвага надаецца знешняму выгляду “жалезных коней”, а ўсё абсталяванне і механізмы, устаноўленыя на трактары, павінны працаваць.

Пра ўсё гэта на зубок ведае кожны ільюшынскі работнік. Першым атрымаў штамп у талон Анатоль Усовік. На праверку яго трактара дзяржінспектар затраціў некалькі хвілін – усё ў ідэальным парадку. Вопытны механізатар, у якога за плячыма больш трох дзясяткаў гадоў стажу, ведае патрабаванні.

– Калі агрэгат падтрымліваць у спраўным стане на працягу года, то тады і з падрыхтоўкай вялікіх праблем не ўзнікне, – упэўнены і яшчэ адзін старанны працаўнік Сяргей Клопаў.

Усе механізатары добрасумленна падышлі да агляду, дзейнічае ў гаспадарцы і сістэма ўзаемавыручкі: тэхніка тых, хто па ўважлівай прычыне не змог быць “у страі”, не засталася пакінутай – яе наладжвалі іншыя. Па дзве адзінкі рыхтавалі Антон Коўшаль, Міхаіл Рэут, Уладзімір Урбан, Павел Гардзіёнак. Больш за механізатараў хваляваўся ў гэты дзень галоўны інжынер: гэты тэхагляд і падрыхтоўка тэхнікі да пасяўной для Аляксея Бальшакова сталі першымі ў працоўнай кар’еры.

Запаветны штамп у талон атрымалі 19 з 20 выстаўленых трактароў, у тым ліку і два энерганасычаныя.

– У гэтай гаспадарцы да справы падыходзяць адказна, бо якасную падрыхтоўку давераных сельскагаспадарчых машын лічаць залогам высокапрадукцыйнай працы – так і павінна быць! І ў гэтым ёсць уклад кожнага – ад механізатара да кіраўніка, – адзначае Іван Мікалаевіч.

Высокую ацэнку ільюшынцам паставіў і галоўны інспектар абласной інспекцыі Дзяржтэхнагляду Мікалай Генадзьевіч Караткевіч, які прыняў удзел у аглядзе: “А прадпрыемства можна смела ставіць у прыклад не толькі ўсім астатнім сельгасарганізацыям Ушаччыны, а і нават калегам з іншых раёнаў”.

На належным узроўні падрыхтаваліся да дзяржтэхагляду і працаўнікі “Дземенца” (галоўны інжынер – У.Я.Хамёнак): усе 11 выстаўленых трактароў хоць зараз гатовы выязджаць у поле. Чаго не скажаш пра астатнія гаспадаркі. “Вялікадолецкае” (галоўны інжынер – Ю.Ф.Васілевіч) падрыхтавала да агляду толькі 10 з 29 трактароў. І хоць усе яны прайшлі, усё роўна гэта нізкі працэнт гатоўнасці.

КУСГП “Кублічы” (галоўны інжынер – М.М.Лазар) з 16 трактароў выставілі толькі палову, астатняя тэхніка не ачышчана, не пафарбавана, не ўкамплектавана вогнетушыцелямі, аптэчкамі, знакамі аварыйнага прыпынку. Адзін з энерганасычаных трактароў часткова разукамплектаваны, рухавік з другога больш двух гадоў знаходзіцца ў рамонце. Не падрыхтавалі тут ніводнага прычэпа.

“Глыбачаны” (галоўны інжынер – А.М.Тараканаў) на агляд выставілі 4 адзінкі з 15, не правялі абслугоўванне трох энерганасычаных трактароў, астатняя тэхніка няспраўна, не падрыхтавана ці часткова разукамплектавана.

Не могуць пахваліцца якаснай падрыхтоўкай да сяўбы ў КУСГП “Арэхаўна” (галоўны інжынер – А.У.Сабалеўскі), дзе агляд прайшоў толькі адзін трактар, астатнія не падрыхтаваны, не праведзены іх рамонт і тэхабслугоўванне.

З 14 трактароў ААТ “Агра-Селішча” да тэхагляду прадставілі 7, з іх 2 прызнаны няспраўнымі, яшчэ 2 не перааформлены з лізінга і не дапушчаны да ўдзелу ў дарожным руху.

Ва “Ушацкім райаграсэрвісе” (галоўны інжынер – Г.С.Юрчак) на балансе значыцца 31 адзінка тэхнікі, агляд прайшло толькі тры. Астатняя не падрыхтавана, у сувязі з банкруцтвам будзе здымацца і прадавацца. Сем адзінак разукамплектавана поўнасцю ці часткова.

Ва ўсіх пералічаных гаспадарках (акрамя “Дземенца” і “Ільюшынскага”) па 2 і больш энерганасычаных трактароў не гатовы выйсці ў поле.

Кіраўнікам гэтых гаспадарак выдадзены прадпісанні па ліквідацыі выяўленых недахопаў. У цэлым жа гатоўнасць тэхнікі па раёне складае 37 працэнтаў.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *