Ушачи будут сотрудничать с российским Сестрорецком

Общество

Напрыканцы сакавіка дэлегацыя Ушацкага раёна пабывала з афіцыйным візітам у расійскім горадзе Сестрарэцку. Галоўная мэта паездкі – арганізацыя міжрэгіянальнага супрацоўніцтва як у галіне эканомікі, так і ў сацыяльнай сферы. У рамках візіту старшыня Ушацкага раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка прыняў удзел у Х пасяджэнні Савета дзелавога супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Санкт-Пецярбурга, якое праходзіла ў горадзе на Няве. Падчас форуму было падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж унутрыгарадскім муніцыпальным утварэннем Санкт-Пецярбурга горадам Сестрарэцкам і Ушацкім раённым выканаўчым камітэтам. У прысутнасці губернатара Санкт-Пецярбурга Г.С.Палтаўчанкі і прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь А.У.Кабякова подпісы пад Пагадненнем паставілі кіраўнік муніцыпальнага ўтварэння г.Сестрарэцка А.М.Бельскі і старшыня Ушацкага райвыканкама У.Г.Аўдошка (на здымку).

Гэты дакумент стаў адпраўной кропкай у справе ўмацавання сяброўскіх стасункаў паміж нашымі рэгіёнамі, у аснову якіх пакладзены прынцыпы ўзаемнай карысці і агульных інтарэсаў, жаданне спрыяць пашырэнню эканамічнага, інфармацыйнага і сацыяльнага супрацоўніцтва.

Любое сяброўства павінна грунтавацца на супадзенні поглядаў і інтарэсаў, падабенстве ў пэўных аспектах. Сестрарэцк і Ушачы пры ўсіх адрозненнях маюць нямала агульнага. Названы прыгарад Санкт-Пецярбурга з’яўляецца прыморскім курортам, на яго тэрыторыі размешчана больш двух дзясяткаў здраўніц, сярод якіх славуты санаторый “Сестрарэцкі Курорт” з больш чым векавой гісторыяй, крыніцамі мінеральнай вады накшталт нашых “Лясных азёр”. Натуральна, што ў гэтым напрамку бачны добрыя перспектывы па абмене вопытам. Шмат падабенства і ў гістарычным плане: у часы Вялікай Айчыннай пад Ленінградам праходзілі кровапралітныя баі, памяць пра якія захоўвае мемарыял “Сестрарэцкі рубеж”.

Як адзначылі члены нашай дэлегацыі, намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пашковіч і начальнік аддзела эканомікі Таццяна Уладзіміраўна Ханяк, візіт у Сестрарэцк акрэсліў шмат канкрэтных напрамкаў для магчымага супрацоўніцтва як у сацыяльнай, так і ў эканамічнай сферах. Усе яны замацаваны ў падпісаным Пагадненні. Плануецца развіваць гандлёвыя, інвестыцыйныя адносіны, супрацоўніцтва ў прамысловай сферы, удзельнічаць у выставах і кірмашах, спрыяць наладжванню кантактаў паміж прадпрымальнікамі двух рэгіёнаў, абменьвацца інфармацыяй, вопытам развіцця розных турыстычных напрамкаў, наладжваць стасункі паміж установамі культуры і адукацыі. Бакі дамовіліся аб сумесным удзеле ў святах, творчых конкурсах, спартыўных спаборніцтвах. Члены нашай дэлегацыі ўжо падчас першага азнаямляльнага візіту вылучылі моманты, якія можна пераняць у нашых новых сяброў, – датычацца яны, напрыклад, патрыятычнага выхавання, добраўпарадкавання. Думаецца, што падчас візіту ў адказ расіяне таксама змогуць ацаніць і ўзяць на ўзбраенне пэўныя ўшацкія напрацоўкі і знаходкі.

Такім чынам распачата годная справа, якая павінна прынесці плён абодвум бакам, стаць праяўленнем добрай тэндэнцыі ўмацавання рэгіянальных сувязяў, паспрыяць яшчэ большаму згуртаванню братэрскіх народаў Беларусі і Расіі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *