Прибыль к зарплате, пенсии и занятие по душе. Семья Лемеш из деревни Рыбаки держит большое подсобное хозяйство

Общество

“Цікава, а гэтая парачка тут адкуль? Здаецца, і вёскі побач няма”, – разважалі мы з калегамі, убачыўшы з акна рэдакцыйнай машыны ля шашы паміж Двор Плінам і Селішчам дзвюх буронак, што засяроджана жавалі апошнюю восеньскую зеляніну. А ўжо праз некалькі хвілін гутарылі з гаспадыняй Зоркі і Лялькі Ганнай Дзмітрыеўнай Лемеш. “Хоць і парадкам ісці ад нашых Рыбакоў да таго поля, але там трава лепшая”, – патлумачыла жанчына.

Сваіх каровак яны з мужам Валерыем Васільевічам любяць і песцяць. А на пытанне, чаму іх так назвалі, жанчына жартуе, што мянушкі прыйшлі разам з буронкамі: Ляльку брала ў калгасе ўжо названай, а Зорку купіла ў бабулі на сваёй малой радзіме ў вёсцы Ухвішча. “Памятаю, як вяла яе праз лес і па дарозе хлебам падкормлівала: баялася, што не дойдзе – такая худзенькая была кароўка. Але выхадзілі, і абедзьве нашы гадаванкі дзячаць цяпер добрым малаком”, – адзначае Ганна Дзмітрыеўна. І сапраўды, нават зараз, у разгар восені, сям’я Лемешаў “адгружае” малаказборшчыку С.Палякову, які прыязджае ў вёску раз у два дні, не менш за 50 літраў. “Мы з Сяргеем Пятровічам супрацоўнічаем ужо дзесяць год, чалавек ён добры і сумленны. Апошнім жа часам сам прыязджае за таварам, пільна кантралюе якасць, а таму за ўсё лета практычна не было хібаў. Думаем, што і ў нас ён упэўнены, бо ведае – малако заўсёды чыстае і свежае. Захоўваем жа ўсе патрабаванні, набылі два халадзільнікі, і тлустасць не бывае ніжэй за 3.6-3.7. Стараемся разнастаіць рацыён, дабаўляем у яго камбікорм. Раней сеялі зерневыя, але паколькі не заўсёды ўдавалася своечасова абмалаціць, то прыйшлі да высновы, што прасцей купляць муку”.

Апроч таго што здаюць малако, пакідаюць, канечне, і сабе, і суседзям, якія з задавальненнем набываюць карысны свойскі прадукт. У наваколлі ж зараз буронак на падворках можна па пальцах пералічыць. У Рыбаках – толькі яны і трымаюць. Да нядаўняга часу, праўда, і ў сям’і Машчонкаў карова была, аднак нядаўна збылі: гаспадыня вельмі не хацела развітвацца з карміцелькай, ды сіл ужо не ставала гадаваць. Дарэчы, яе муж Пётр Сцяпанавіч, які працуе асемянатарам, ніколі не адмаўляе ў дапамозе, калі суседзям трэба пакрыць жывёлу. Ну а цяляты – таксама даход у сямейны бюджэт: іх Лемешы звычайна прадаюць прадпрымальніку Аляксандру Мядзведскаму, з якім маюць стасункі ўжо доўгі час. “Памятаю, як аднойчы выгадавала за год такога ладнага мяснога бычка, што грошай хапіла, каб купіць новы тэлевізар”, – расказвае Ганна Дзмітрыеўна.

Увогуле ж яна сцвярджае, што трымаць кароў для іх – зусім не так і складана. “А зімой дык увогуле не ведаю, што б без іх рабіла, чым займалася. Напэўна б, ляжала на канапе ды сумавала!” – усміхаецца жанчына. Адно толькі няпроста – летам сена нарыхтаваць. Але ж у гэтым Валерыю Васільевічу дапамагаюць два сыны, адзін жыве з імі, другі прыязджае са сталіцы. Набылі ротарную касілку, якую прычапляюць да мотаблока. Ёсць і яшчэ адзін, які выконвае транспартную функцыю. Увогуле ж гаспадары да жывёлагадоўлі звыклыя, абое раней працавалі ў калгасе, заўсёды трымалі вялікую гаспадарку і дома. Цяпер жа ў хлявах толькі каровы ды куры, а ад свіней адмовіліся: кажуць, што тлустае мяса ў немаладым узросце не надта карыснае.

Зрэшты, ёсць на падворку і яшчэ адзін гадаванец – Алмаз, мянушку якому, дарэчы, Лемешы таксама не давалі – сабаку набылі ў селішчанскага дачніка і цяпер удзячныя яму за такога разумнага і выхаванага чатырохлапага сябра. Калі мы пад’ехалі да сядзібы, пра візіт чужых ён паведаміў кароткім брэхам, аднак потым ніводным гукам не перашкаджаў нашай размове з гаспадыняй. Пагутарыць жа давялося толькі з ёй, бо Валерый Васільевіч працуе сацыяльным работнікам і на той час быў у сваіх падапечных – абслугоўвае ён пажылых людзей у Зерчаніцах, Селішчы ды Рыбаках.

“Як лічыце, ці вартая гэта справа – трымаць падсобную гаспадарку?”, – задалі мы напрыканцы пытанне Ганне Дзмітрыеўне. Але, здаецца, адказу яно не патрабавала – і так на іх прыкладзе ўсё зразумела. І прыбытак добры да зарплаты ды пенсіі, і занятак гэты ім відавочна па душы. А мець яго ўсім вясковым жыхарам вельмі важна, бо, на жаль, шмат прыкладаў, калі менавіта ад незанятасці пачынаюць асобныя сяльчане заглядваць у бутэльку, збочваюць на крывую сцежку. Нядаўна, напрыклад, гераіне аповеду патэлефанавала знаёмая з суседняй вёскі, якая таксама трымае жывёлу, і паскардзілася, што зламыснікі выкралі металічны цэп, на якім была навязана яе карова. “Магчыма, прынясуць табе на продаж, дык ты не адмаўляйся, купі, а я потым у цябе забяру!” Камічная сітуацыя, ды з сумным падтэкстам. Людзі на вёсцы жывуць розныя, але такіх, як Ганна Дзмітрыеўна і Валерый Васільевіч Лемешы, усё ж, канечне, больш. На іх наша зямля і трымаецца.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

Факт

  • У раённым спаборніцтве малаказдатчыкаў па выніках за мінулы год сям’я Лемешаў аказалася ў тройцы лепшых, адправіўшы на малаказавод 7365 літраў прадукцыі.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *