Председатель Витебского облисполкома Н.Н.Шерстнёв провёл встречу с представителями региональных масс-медиа

Общество

7 мая старшыня Віцебскага аблвыканкама М.М.Шарснёў правёў традыцыйную сустрэчу з прадстаўнікамі рэгіянальных мас-медыя з нагоды Дня друку і Дня работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі. Кіраўнік рэгіёна адзначыў, што ў наш час запатрабавана журналістыка з аўтарскай пазіцыяй, дакладнымі фактамі і глыбокай аналітыкай. Мікалай Мікалаевіч заклікаў рэгіянальныя СМІ да выпуску інфармацыйнага прадукту, які дапаможа жыхарам Прыдзвіння разабрацца ў тым, што адбываецца ў краіне і ў свеце. Гэта няпроста – дайсці да ісціны, але пазіцыя журналістаў у тым, каб ускрываць недахопы сучаснага жыцця, выяўляць іх, аналізаваць прычыны і шукаць шляхі іх вырашэння. “Вы ўдзельнічаеце ў стварэнні сацыяльнага настрою людзей, іміджу вобласці”, – канстатаваў М.М.Шарснёў, які ў Год малой радзімы чакае ад пішучай браціі новых цікавых праектаў, прысвечаных сельскай тэматыцы. На сустрэчы ўзнагародамі былі адзначаны лепшыя прадстаўнікі галіны, пасля чаго Мікалай Мікалаевіч адказаў на пытанні рэдактараў рэгіянальных выданняў.

Цэнтральная тэма

Аразу некалькі пытанняў было аб’яднана сельскагаспадарчай тэматыкай. Кіраўнік выканаўчай улады вобласці прывёў лічбы, якія характарызуюць  стан аграрнай галіны. У Прыдзвінні паспяхова ажыццяўляюць дзейнасць чатыры аграхолдынгі, якія аб’ядноўваюць сельскагаспадарчыя і перапрацоўчыя прадпрыемствы. Пачыналі з малога – каля 10 тысяч гектараў ворыва кожная. “А сёння гэтыя структуры маюць больш чым па 70 тысяч”, – адзначыў М.М.Шарснёў.

Агульны тэмп росту выручкі ад рэалізацыі па аграхолдынгам за першы квартал бягучага года склаў 139,5 працэнта, у тым ліку па Віцебскай – 159,4, Глыбоцкай – 128, Аршанскай – 107, па Полацкай, куды уваходзяць 5 гаспадарак нашага раёна – 134 працэнты. Ва ўсіх структурах станоўчая рэнтабельнасць.

– А што 2-3 гады таму было ў Оршы? Малочны камбінат – на стадыі банкруцтва, мясакамбінат – банкрут, прастойваў камбінат хлебапрадуктаў. Сёння ўсё працуе, за мінулы год, які быў вельмі цяжкім, дынаміка прыросту па зерні – 142 працэнты, па рапсе – 152. Вось і эфектыўнасць, – прыводзіў аргументы Мікалай Мікалаевіч.

Разам з тым практычна ў кожным раёне ёсць сельгаспрадпрыемствы, якія паспяхова развіваюцца і без інтэграцыйных працэсаў. Аднак хапае і гаспадарак, якія самастойна, без падтрымкі, існаваць не могуць. Як жа быць тым, каму “не пашанцавала” далучыцца да холдынгаў?

– У бліжэйшы час мы перабудуем усю сельскую гаспадарку падобным чынам, – акрэсліў далейшы этап развіцця старшыня аблвыканкама. – Дойдзем да кожнага сельгаспрадпрыемства праз падтрымку з боку інтэграцыйных структур. Але каб яны сталі трывала на ногі, каб іх не “пакласці на лапаткі”, далучаць да сябе гаспадаркі холдынгі будуць па меры рэальнай магчымасці.

Кіраўнік выканаўчай вертыкалі вобласці звярнуў увагу журналістаў на той факт, што яшчэ 10 год таму на сяле на Віцебшчыне налічвалася звыш 150 тысяч працаўнікоў, зараз – каля 40, значна зменшылася колькасць прадпрыемстваў. А аб’ёмы вытворчасці застаюцца тымі ж і нават растуць. Пры гэтым магутнасці прадпрыемстваў перапрацоўкі задзейнічаны толькі на палову. Стварэнне аграхолдынгаў дазваляе збалансаваць сітуацыю і даказвае сваю паспяховасць.

Месца знойдзецца кожнаму

Стаўка ў развіцці рэгіёнаў у цэлым робіцца не толькі на буйныя аб’яднанні, а і на малы, сярэдні бізнес. Сёння палова зямель сельгаспрызначэння рэгіёну знаходзіцца ў распараджэнні неплацежаздольных прадпрыемстваў. “Толькі дзякуючы інтэграцыйным структурам мы завозім туды ўгнаенні, паліва, уздымаем зябліва і сеем. Але бясконца так працягвацца не можа. Трэба ствараць умовы для тых, хто прыйдзе на гэтыя землі”, – канстатаваў М.М.Шарснёў.

Месца знойдзецца для любога, хто захоча займацца вырошчваннем збожжа і рапсу, авечкагадоўляй, адкормам буйной рагатай жывёлы, перапрацоўкай у невялікіх аб’ёмах ці чым іншым. І ў гэтым плане ўжо ёсць станоўчыя прыклады таксама ў кожным рэгіёне. У нас такім з’яўляецца дзейнасць аграфірмы “Райнбов-Агро”, якая літаральна выратавала некалькі соцень гектараў у глыбачанска-вяркудскай частцы раёна.

Сфера для прымянення сваіх сіл і здольнасцей знойдзецца для кожнага. Стартавых пляцовак нават больш, чым патэнцыяльных жадаючых адкрыць сваю справу. Таму мясцовым органам улады неабходна актывізаваць работу па стварэнні і прапанове ўмоў для прыватнікаў.

– Сёння пятая частка бюджэту фарміруецца за кошт малога і сярэдняга бізнесу, – прывёў статыстыку Мікалай Мікалаевіч. – Калі ў якім-небудзь райвыканкаме няма разумення, падтрымкі ініцыятывы грамадзян па адкрыцці ўласнай справы, няхай прадпрымальнік стукаецца да нас, мы акажам дапамогу ў рэалізацыі любых разумных пачынанняў.

Новыя старыя кіламетры і аграсядзібы

Усіх турбуе злабадзённае пытанне ўтрымання аўтадарог. Мікалай Мікалаевіч прызнаў, што на Віцебшчыне ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі краіны гэта адна з вялікіх праблем. У рамках абласной праграмы па развіцці і паляпшэнні якасці мясцовых дарог да 2020 года будзе праведзены капітальны рамонт амаль тысячы кіламетраў. Прыярытэтнымі стануць самыя ажыўленыя. М.М.Шарснёў лічыць, што такімі з’яўляюцца трасы ў бок мяжы з Прыбалтыкай, а таксама ад абласнога цэнтра да Оршы – сёння яны зусім не адпавядаюць сучасным патрабаванням. Прывесці іх у парадак – вялізная работа, тым больш што ёсць пытанні па крыніцах фінансавання. Але гэта не значыць, што не будзе ўдзяляцца ўвага сельскім дарогам у раёнах. Актывізаваць дзейнасць па іх належным утрыманні павінны мясцовыя органы ўлады, а аблвыканкам акажа садзейнічанне па самых балючых момантах.

На Віцебшчыне ажыццяўляе дзейнасць звыш 600 аграсядзіб – амаль трэцяя частка ад іх колькасці ў рэспубліцы. Мікалай Мікалаевіч прыгадаў, што калісьці многія са скептыцызмам адносіліся да развіцця гэтай галіны, маўляў, не будзе карыстацца попытам. Між тым, абсалютная большасць аграсядзіб паспяхова працуе, гэта занятак людзей, і крыніца папаўнення бюджэтаў, якая, праўда, пакуль выкарыстоўваецца слаба. М.М.Шарснёў зазначыў, што для новага якаснага развіцця галіны мала прадставіць інвестарам участкі ў маляўнічых месцах. Трэба ствараць інфраструктуру, каб павышаць прыродную прыцягальнасць такіх аб’ектаў. І ў гэтым плане эталонам павінен стаць Браслаў, дзе запланавана правядзенне абласных “Дажынак-2019”.

Аб кадрах, максімалізме і прыкладзе

Кожны год ВНУ і іншыя навучальныя ўстановы выпускаюць спецыялістаў, а ў асобных галінах назіраецца яўны дэфіцыт кадраў, у прыватнасці, у сельскай гаспадарцы і асабліва ў жывёлагадоўлі. М.М.Шарснёў падзяліўся сваім бачаннем вырашэння праблемы. У бліжэйшай перспектыве чакаецца значнае павышэнне аплаты працы маладых спецыялістаў, якія прыйдуць на фермы і комплексы, і наогул усім работнікам галіны. Навучальным установам трэба перагледзіць падыход да арганізацыі вучэбнага працэсу, бо не сакрэт, што многіх выпускнікоў назваць хоць і маладымі, але “спецыялістамі” можна тольк ў двукоссі. Неабходна павышаць колькасць гадзін практыкі, без якой, як вядома, тэорыя – нішто. А ў некаторых дысцыплінах, наадварот, лагічным бачыцца скарачэнне тэрмінаў навучання.

Як заўсёды, не абышлося і без пытання пра спартыўныя поспехі кіраўніка вобласці. У канцы мінулага года М.М.Шарснёў на спаборніцтвах “Славянскі кубак” у практыкаваннях на вынослівасць падняў 100-кілаграмовую штангу 22 разы, а ў практыкаванні на максімальную вагу выжаў 165 кілаграмаў і ўстанавіў новы рэкорд Беларусі ў сваёй узроставай катэгорыі! Журналістаў цікавіла, калі Мікалай Мікалаевіч знаходзіць час для заняткаў. Аказалася, што нават не раніцай, або ўвечары, а хутчэй… ноччу.

– Я максімаліст па натуры, – раскрыў сакрэты сваіх поспехаў старшыня аблвыканкама. – Стаўлю сабе амбіцыйную задачу і стараюся яе дасягнуць. Зараз ідзе пасяўная і часу зусім не хапае. Таму прыходзіцца прачынацца ў 4 гадзіны і ісці ў спартзал. Складана, канечне, але я атрымліваю задавальненне, калі дабіваюся мэты. Не ўтойваю, што стараюся дабівацца новых вышынь і для таго, каб быць прыкладам. Спорт загартоўвае характар, што дапамагае ў рабоце. Калі можна штосьці паказаць асабістым прыкладам, чаму б кіраўніку гэта не зрабіць?

Пракаменціраваў старшыня аблвыканкама і змяненні ў заканадаўстве аб СМІ. Ён зазначыў, што даўно пара навесці парадак у інтэрнэт-сферы. Не пагоня за сумніўнай сенсацыяй, а граматнасць і кампетэнтнасць павінны быць галоўнымі складнікамі работы мас-медыя. Трэба засцерагчы людзей ад хлусні, непрыстойнасці і фальшы, якія нясе так званая “жоўтая прэса”, многія бязлікія інтэрнэт-рэсурсы. Ілжывая інфармацыя шкодзіць нават не столькі канкрэтнай асобе, а ўсяму грамадству. Таму павінна быць адказнасць за напісанае і сказанае. Як і ў любой іншай дзейнасці.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *