Посевная на полях «Маяка-Ушачского»

Сельское хозяйство

“Асваенне цалінных і залежных зямель – справа ўсенародная!” – лозунг савецкіх часоў, узняты з архіваў намеснікам дырэктара па раслінаводстве Антонам Юльянавічам Анецькам, прыжыўся на ДП “Маяк-Ушацкі” сёлетняй вясной. І трэба адзначыць, што мясцовыя механізатары пранікліся гэтым дэвізам, адносяцца да яго без ценю сарказму, на поўным сур’ёзе. Таму і вяртаюцца ў севазварот землі, якія апрацоўваліся ці ў часы саўгаса “Ушацкі”, ці ў перыяд  магутнасці “Райаграсэрвіса”, а статус “залежных” набылі з заняпадам прадпрыемства.

Да такіх, напрыклад, да нядаўняга часу адносіліся ўчасткі за Старым Сялом Ушацкага сельсавета, якія не бачылі плуга гадамі. Там, дзе некалі каласілася ніва, ужо ўздымаўся малады бярэзнік, з якога можна было вязаць венікі для лазні, а ў асіннік ісці з кошыкам за грыбамі. Тым больш уразіў кантраст, калі замест гэтага “пейзажу” ўбачыў узаранае поле, на якім К-744 з сучасным глебаапрацоўчым агрэгатам рыхтаваў участак пад сяўбу.

Трактары гэтай маркі выдатна зарэкамендавалі сябе на нашых землях і ўжо сталі візітоўкай полацкай інтэграцыйнай структуры, у склад якой уваходзіць “Маяк-Ушацкі”. Магутны “Кіравец” прыпыніўся ў клубах пылу, з якога праз хвіліну паказаўся Уладзімір Шэ­дзько.

– Восем год гэта поле пуставала, – падлічыў былы трактарыст-машыніст “Райаграсэрвіса”. – Калі пачыналі ўзворванне, кустоўе даходзіла да кабіны трактара, а зараз, бачыце – роўна. Я, дарэчы, паспеў папрацаваць яшчэ на К-700 – добрая машына, хаця новы “Кіравец” значна мадэрнізаваны як знешне, так і пад капотам. Графік напружаны, бывае, што ўвечары і пры святле фар заканчваем. Але гэта не страшна – кепска без работы стаяць. Паліва ёсць, з запчасткамі праблем няма, таму і тэмпы ў нас неблагія. З гэтымі ўчасткамі справіліся б і раней, але перашкодзіў дождж.

Былых механізатараў “Райаграсэрвіса” ў “Маяку-Ушацкім” хапае. Як хапае і ўгнаення, дзякуючы дапамозе Полацкага камбіната хлебапрадуктаў – непадалёк ад У.Шэдзько на ўжо падрыхтаваную глебу ўносіў мінералы Сяргей Крывёнак.

Праехаўшы з кіламетр у напрамку Лажаншчыны і Гамылёва, убачылі і два пасяўныя агрэгаты. Здзівіла, што ля механізатараў сустрэў дырэктара КУСГП “Кублічы” А.В.Пабойнева.

– Гэта ўжо нашы землі, кубліцкія, – патлумачыў Алег Васільевіч. – Звярнуліся за дапамогай да “Маяка-Ушацкага”, пакуль іх тэхніка працуе побач. Зрэшты, мы цяпер таксама ў інтэграцыйнай структуры. Суседзі рыхтуюць глебу, вось і “пазычылі” ў іх і тэхніку, і людзей. Хлопцы маладыя, але талковыя і старанныя.

Двум сейбітам разам усяго на пару гадоў менш, чым А.В.Пабойневу. Для Артура Карабаня на новым МТЗ-3522 з агрэгатам ад “Лідсельмаша” і Уладзіміра Вашчанкі, які ў гэты дзень сеў за руль кубліцкага МТЗ-3022 з АПП-6, гэта пасяўная – дэбютная. Нягледзячы на малады ўзрост, хлопцы ўжо кваліфікаваныя трактарысты-машыністы і давер апраўдваюць.

– Засяваем па 30-35 гектараў за дзень, – расказвае Артур. – Гэта пры норме ў 21. Праўда, разлічана яна на 8-гадзінны дзень, а мы ў полі з 6 раніцы да 9 вечара. Кормяць нас два разы ўдзень і проста выдатна – і клёцкі, і галубцы, і пельмені прывозяць. Расцэнкі неблагія, тэхніка новая – толькі працуй!

Як паведамілі мне механізатары, якія ў панядзелак дасявалі кукурузу на землях “Кубліч”, у аўторак заканчваць іх будзе адзін У.Вашчанка. А А.Карабань павінен быў пераехаць на “цаліну”, што рыхтаваў У.Шэдзько – замест бярэзніку з асіннікам тут будзе віка-аўсяная сумесь на корм жывёле. І магчыма ўжо сёння хлопцы далучацца да мехатрада сваіх калег, які яшчэ ў нядзелю накіраваўся выратоўваць становішча на палеткі КУСГП “Глыбачаны”.

Планы па зерневых і зернебабовых “Маяк-Ушацкі” выканаў на 100 працэнтаў, а па агульным аб’ёме яравой сяўбы нават перавыканаў – на раніцу аўторка было запрацавана 1415 гектараў. Напрыклад, замест 174 гектараў зернасумесі пасеяна аж 400, амаль у паўтара раза – да 300 гектараў –  павялічаны і плошчы пад кукурузай, гаспадарка закладае добрую кармавую базу для свайго вялікага статка. І лічбы яшчэ падрастуць на глыбачанскіх землях. Ужо ў аўторак там працавала 4 энерганасычаныя трактары “Маяка-Ушацкага”, прычым, два з іх уздымалі глебу для ўласнай сяўбы. Па словах дырэктара прадпрыемства Аляксандра Яўгенавіча Шкодзіна, плануецца пасеяць не менш 200 гектараў. Яшчэ 2 трактары з плугамі і камбінаваным глебаапрацоўчым агрэгатам дапамагалі мясцовай гаспадарцы – пасля асваення ўласнай “цаліны” маякоўцы не дазволяць перайсці ў разрад такіх зямель і глыбачанскім плошчам.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *