Ушачане возвращаются со службы в армии

Общество

У гарадах і вёсках краіны гэтымі майскімі днямі сустракаюць з арміі сыноў і таварышаў. Узмужнелымі і самастойнымі пасля тэрміновай службы вяртаюцца і ўшачане.

– Здаецца, зусім нядаўна на Дні прызыўніка атрымлівалі павесткі, ускладалі вянок да помніка ў скверы, а вось ужо вярнуліся дадому, – ідучы па гарпасёлку, прыгадваюць Уладзіслаў Прасвет, Алег Манецкі і Андрэй Каваленка (на здымку), якія яшчэ не паспелі нават змяніць форму на цывільнае адзенне.

Яны якраз тады і пазнаёміліся, і служыць адправіліся ў адно месца – Заслонава. Уладзіслаў і Андрэй трапілі ў танкавыя войскі і спасцігалі абсалютна новую для сябе навуку. А вось Алег Манецкі, Дзмітрый Мароз і Уладзіслаў Троцкі таго ж прызыву праходзілі службу ў мотастралковым падраздзяленні. Першы, дарэчы, вярнуўся са службы ў званні яфрэйтара.

Ніхто не аспрэчыць, што служба ў арміі запамінаецца на ўсё жыццё, а некаторыя яе моманты – асабліва. Такімі нашы ўчарашнія салдаты называюць прыняцце прысягі, палявыя вучэнні, курс маладога байца, які праходзілі ў Печах, і ўдзел у ваенным парадзе на Дзень Незалежнасці ў Мінску.

Паўтара года праляцелі хутка. Юнакі не кажуць, што прайшлі яны лёгка, але ў адзін голас сцвярджаюць, што армейскія будні не сталі дарэмнымі.

– Ва Узброеных Сілах вучаць дысцыпліне, адказнасці! Там зусім па-іншаму адносішся да часу, цэніш яго і стараешся праводзіць з карысцю. Раней не думалі, што за дзесяць хвілін можна паспець зрабіць некалькі спраў! – дзеляцца ўражаннямі хлопцы.

Усе яны да службы паспелі атрымаць рабочыя спецыяльнасці: вадзіцеляў, механікаў, электрамантажнікаў, будаўнікоў. Зараз спадзяюцца знайсці сваім навыкам годнае прымяненне, працаваць, ствараць сем’і. Што немалаважна – спрабаваць рэалізаваць сябе ў родным раёне.

А вось для некаторых маладых людзей Ушаччыны такая пара сталення толькі пачынаецца. 12 юнакоў гэтай вясной адпраўляюцца да месцаў праходжання тэрміновай ваеннай службы.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *