Прямая линия с заместителем председателя райисполкома О.И.Карчевской

Общество

Нэлі Антонаўна Харак з Капылоўшчыны выказала пажаданне, каб было паведамлена ў мясцовую гаспадарку і Кубліцкі сельскі Савет аб тым, што трэба касіць па вёсцы, трава ж не лішняя. Канечне, каб участкі былі суцэльныя. Пакуль што, гаварыла жанчына, ёсць агароды, ад якіх трэба адмовіцца. Хто памёр, хто не ўзворвае. Гэта была падказка, аб якой паведамлена ў КУСГП “Кублічы” і сельскі Савет.
Не ўяўляла вастрыні і пытанне ад жыхаркі Вялікіх Долец Лідзіі Прохараўны Панкрацьевай. Яна расказала, што два неабгароджаныя дамы стаяць насупраць перакрыжавання дарогі Докшыцы-Лепель. Калі рабілі добраўпарадкаванне сённяшняга аграгарадка, абяцалі паставіць агароджы. “Я зраблю яе ля свайго дома, але ці ўпішацца яна ў агульны выгляд?” – разважала жыхарка вёскі. Вольга Іванаўна сказала, што зрабіць гэта можна ў прыватным парадку: набыць штыкетнік і абгарадзіць, для чаго звярнуцца ў сельскі Савет, дзе падкажуць каардынаты ТАА “Лес” або ААТ “Ушачы”.
Васіль Паўлавіч Собаль з гарпасёлка закрануў пытанне якасці рамонту дома па вуліцы Дзяржынскага, дзе ён пражывае. Пасля правядзення “прамой лініі” В.І.Карчэўская дала даручэнне камунгасу, які вёў рамонт, разабрацца канкрэтна па закранутай тэме. Пытанне ўрэгулявана.
Два звароты датычыліся электрычнай сувязі. Уладзіміра Іванаві- ча Папко з гарпасёлка не задавальняла, што яго тэлефон на блакіратары, сям’ю Цімафея Іванавіча Плігаўкі з Мосара – няспраўнасць тэлефона. Першаму заяўніку пасля “прамой лініі” тэлефон быў пераключаны на асобную лінію, другому – адрамантаваны раённым вузлом электрычнай сувязі.
Яніна Станіславаўна Белавусава выказала пажаданне, каб была зроблена дарожка ад магазіна “На Віцебскай” да дамоў № 4, 29. Яно выканана.
“Чаму ў гаспадарцы нельга купіць цяляці? Хацела б выгадаваць быка” – задала пытанне жыхарка Ільюшына. Адказ быў такі, што гаспадарцы трэба за кошт маладняку аднаўляць пагалоўе свайго статка. Таму продаж магчымы толькі па рашэнні кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства. Карыстаючыся тым, што “прамая лінія” праводзілася ў рэдакцыі і адказ даём на старонках газеты, можам прапанаваць жанчыне самы просты спосаб набыцця бычка – даць аб’яву ў газету: нехта хоча прадаць, нехта купіць.
Жыхарка вёскі Ліпавец, інвалід другой групы Соф’я Аляксандраўна Басак звярнулася на “прамую лінію” наконт таго, каб дапамаглі пракапаць канаву. Пасля такой просьбы В.І.Карчэўская паклапацілася, каб выканаць яе. Але, як паведамілі пазней з ДЭУ-37, на месцы аказалася, што зрабіць гэта не ўяўляецца магчымым, таму што можна пашкодзіць кабелі, якія там закладзены.
Самае падрабязнае тлумачэнне пасля званка на “прамую лінію”, хоць і не першае ў нашай газеце на гэтую тэму, атрымаў жыхар вёскі Старое Сяло Валянцін Васільевіч Шчэрбік. Адбылося гэта пасля таго, як да яго з мэтай разгляду пытання выязджалі дырэктар “Райаграсервісу” І.І.Баруноў і яго намеснік Н.А.Каваленка. Тлумачэнне наступнае:
“У адпаведнасці з артыкулам 77 Воднага кодэксу Рэспублікі Беларусь, рубка лесу, выдаленне аб’ектаў расліннага свету без лесаўпарадкавальных праектаў у водаахоўнай зоне забаронена, а ўчастак, на якім Вы хацелі правесці саманарыхтоўку дроў, знаходзіцца ў водаахоўнай зоне.
Вы можаце звярнуцца ў Плінскае лясніцтва з заявай аб выдзяленні ўчастка для саманарыхтоўкі дроў і ва ўстаноўленыя заканадаўствам тэрміны на тэрыторыі дзяржлесфонду Вам будзе выдзелены ўчастак з ветравальнай, бураломнай або сухастойнай драўнінай для гэтага.
Пры саманарыхтоўцы дроў насельніцтвам паслугі па іх вывазе не аказваюцца.
У той жа час лясгас можа адпусціць дровы ў гатовым выглядзе з паслугамі аўтатранспарту, пагрузкай і разгрузкай”.
Быў званок з вёскі Азаранкі. Яе жыхарка заклапочана тым, што ў іх не даведзены да канца мінулагодні рамонт дарогі мясцовай гаспадаркай і сельскім Саветам (іх старшыні ўжо не працуюць). На гэта можна адказаць толькі тое, што ў раёне ў выніку намаганняў старшыні райвыканкама па вышукванні сродкаў, створана брыгада, ідзе рамонт вясковых дарог, цяпер – па Глыбачэнскім сельсавеце. Дойдзе чарга і да Жарскага. Старшыня гэтага сельскага Савета А.У.Кузьміна пабывала ў заяўніцы, растлумачыла сітуацыю.
У М.І.Шуневіч з Касароў узнікла пытанне наконт страхоўкі. Яна атрымала тлумачэнне адпаведнай службы.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *