Пловцы Центра олимпийского резерва Минска по водных видах спорта проводят тренировочный сбор в Ушачах

Cпорт

Хоць лета ў плане наведвальнасці басейнаў лічыцца мёртвым сезонам, сёлетнім чэр­венем на водных да­­рожках фізкультурна-аздараўлен­чага комплексу “Юнацтва-Ушачы” кіпіць спартыўнае жыццё. Менавіта на нашым аб’екце вырашылі правесці трэніровачны збор юныя плыўцы Цэнтра алімпійскага рэзерву Мінска па водных відах спорту.

– Пра існаванне спартыўнага комплексу ва Ушачах даведаліся ў інтэрнэце, – расказвае старшы трэнер Цэнтра Алена Ганчарык. – Калі складалі гадавы графік трэніровачнага працэсу, трэба было падабраць месца для правядзення збору, бо ў гэты час у нашым мінскім басейне адключаюць ваду. Нам жа неабходна весці падрыхтоўку да летняга чэмпіянату краіны, які пройдзе з 10 па 14 ліпеня ў Брэсце. А паколькі спаборніцтвы праводзяцца на кароткай вадзе, ваш 25-метровы басейн як раз падыходзіў. Зімой мы прыехалі “ў разведку”, на свае вочы ўбачылі комплекс і паспяшаліся заключыць папярэдняе пагадненне.

Плаванне ва Ушачах ніколі не культывавалася – і тым цікавей было назіраць за трэніроўкай юных спартсменаў. Аказалася, што для работы ў басейне плыўцы выкарыстоўваюць адмысловы інвентар – лапаткі, калабашкі, трубкі і шмат іншых прыстасаванняў, з дапамогай якіх даецца нагрузка для пэўных мышцаў. За час нашай размовы з трэнерам юнакі і дзяўчаты старэйшай групы праплылі рознымі стылямі, напэўна, добры кіламетр, але ж на іх тварах не было слядоў стомы: гэта звыклая планамерная работа, без якой не дасягнеш хуткіх секунд.

Дарэчы, пацікавілася ў самага юнага ўдзельніка збора – 9-гадовага Захара Лебедзева, за які час ён адольвае 25-метроўку кролем. Аказалася, што нядаўна хлопчык выйграў першынство Цэнтра алімпійскага рэзерву сярод аднагодкаў з вынікам 18 секунд. Для параўнання скажу, што ва Ушачах такую хуткасць могуць паказаць лічаныя дарослыя плыўцы.

Давялося пазнаёміцца і з бацькамі таленавітага хлопчыка: трэнеры Наталля і Георгій Лебедзевы гасцінна запрасілі ў свой нумар, каб паказаць умовы пражывання, якімі мінчане ў цэлым задаволены. У гэтым сэнсе нельга не адзначыць намаганні адміністрацыі спарткомплексу і асабіста намесніка дырэктара Сяргея Кіслага, які перад заездам групы (а яна складаецца з 28 спартсменаў і 3 трэнераў) здолеў абсталяваць дадатковыя месцы для пражывання ў тутэйшай гасцініцы. Увогуле ж, літаральна ад усіх, з кім размаўляла, пра арганізацыю збора давялося пачуць толькі добрыя водгукі. “У пэўных момантах праводзіць трэніроўкі ў вашым спарткомплексе нават больш зручна, чым у Цэнтры алімпійскага рэзерву, – адзначалі трэнеры. – Трэнажорка аснашчана лепш за нашу, мы можам выкарыстоўваць для бегавых і скачковых практыкаванняў спартыўную залу, ладзіць трэніроўкі па агульнафізічнай падрыхтоўцы на вольным паветры”. “А яшчэ тут смачна кормяць!” – ацаніў немалаважны аспект прабывання ва Ушачах юны плывец Андрэй Кухаронак. “Спадзяёмся, што гэты збор дапаможа нам выйсці на пік формы перад адказнымі стартамі!” – кажуць Улад Юрчанка, Цімафей Ляўковіч і Даніла Вярбіцкі, якія ўжо “стукаюцца” ў юнацкую зборную краіны.

Трэба сказаць, што апошнім часам беларускае плаванне атрымала новы імпульс развіцця. Алімпійскія подзвігі нашай “залатой рыбкі” Аляксандры Герасімені, якая зараз узяла “дэкрэтную” паўзу, знаходзяць працяг у пераможных выступленнях Яўгена Цуркіна, Паўла Санковіча, Ільі Шымановіча, юнай беларускай надзеі Анастасіі Шкурдай. А таму хлопцам і дзяўчатам, якія ў гэтыя дні павышаюць сваё майстэрства ва Ушачах, ёсць на каго раўняцца. Ну а іх трэнеры мяркуюць, што супрацоўніцтва мінскага Цэнтра алімпійскага рэзерву і ўшацкага спарткомплексу працягнецца. “Абавязкова выкажу ў федэрацыі адпаведную прапанову!” – адзначае А.Ганчарык.

Ушацкі спартыўны аб’ект у гэтым таксама шчыра зацікаўлены, бо правядзенне падобных збораў – крыніца папаўнення даходаў комплексу, утрыманне якога абыходзіцца нятанна. А таму адміністрацыя “Юнацтва-Ушачы” спадзяецца, што пастаянныя наведвальнікі з разуменнем аднясуцца да часовых нязручнасцяў: да 28 чэрвеня ў час трэніровак плыўцоў з 7.00 да 11.00 і з 16.00 да 19.00 доступ у басейн закрыты, у любы астатні час тут па-ранейшаму чакаюць аматараў плавання.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *