
У палітры панарамы палявога сезона залатыя колеры спелых ніў зноў саступілі месца зялёным – надышла чарга ўборкі кукурузных палеткаў.
Ва ўсялякім разе ля ўрочышча Чыстабор’е “каралева палёў” у аздабленні сонечных промняў утварала яркі, амаль што летні пейзаж.
Адпавядаў яму і настрой вялікадолецкіх механізатараў. На мінулым тыдні Рыгор Філімонаў вось ужо ў 25-ы раз вывеў КВК на ўборку гэтай кармавой культуры. Комплекс сёлета ўжо нямала папрацаваў – у летнія месяцы Юрый Стрыжонак убіраў на ім травы, і перш чым выйсці на кукурузныя палеткі, яго “зменшчык” некалькі дзён грунтоўна рыхтаваў тэхніку: памяняў нажы і пласціны, перагледзеў усе агрэгаты, каб не здарылася на фінальным этапе корманарыхтоўкі непрыемных сюрпрызаў.
“Летась мы каля 16 тысяч тон сіласу нарыхтавалі. Кармоў і на сезон хапіла, і на наступны засталіся. І гэта добра, бо сёлета кукуруза не такая ўрадлівая”, – разважае Рыгор Аркадзьевіч. “Зрэшты, вось гэтае поле неблагое. А яшчэ ў раёне Весніцка добры ўчастак будзе”, – далучаецца да размовы Васіль Алексяёнак, які спыніў побач з КВК свой МТЗ. “Вы што, новы трактар нядаўна атрымалі? А мы і не чулі пра гэта…” – пытаюся ў ветэрана гаспадаркі. Але той у адказ смяецца: “Ды не, трактарку майму ўжо сёмы год!”.
А па тым, як блішчаць на сонцы ярка-сінія фарбы кабіны, ззяе чыстае шкло, і не скажаш, што ў паслужным спісе тэхнікі некалькі напружаных сезонаў. Усё таму, што старанна, як уласную, даглядае яе механізатар. Нядаўна, праўда, яму давялося на пэўны час перасесці з любімага “Беларуса” на КЗС-1218 – вопыт і адказнасць Васіля Рыгоравіча спатрэбіліся на ўборцы зерневых. Пра тое ж, як ён сябе праявіў на гэтым стратэгічным працэсе, красамоўна сведчыць лідарства ў раённым спаборніцтве сярод камбайнераў!

Сустрэлі мы на чыстаборскім полі і яшчэ аднаго хлебароба, які нядаўна шчыраваў на жніве, а ў гэты дзень прыехаў дапамагчы на адвозцы кукурузнай масы. У адрозненне ад калегі, Артур Арцюх за штурвал камбайна сеў упершыню. Прызнаецца, што хваляваўся, але ў настаўнікі яму вылучылі якраз Васіля Рыгоравіча – з такім дарадцам дэбютант хутка асвоіўся і ўнёс прыкметны ўклад у хлебны каравай гаспадаркі.
Працяглыя размовы ў разгар вераснёўскага дня – недазвольная раскоша, і вось ужо механізатары заводзяць рухавікі. Пакуль дайшла да палявой дарогі – КВК паспеў зрабіць круг, і МТЗ Васіля паімчаў у бок Міхалкаўшчыны, дзе руплівы Генадзь Качан за рулём “Амкадора” нястомна трамбуе сакавітую “зялёнку”. Кармоў многа не бывае! У “Вялікадолецкім” гэта добра ведаюць і не першы год робяць асаблівую стаўку на гэты аграрны працэс.
Наталля БАГДАНОВІЧ.