Будьте осторожны с борщевиком!

Здравоохранение

У цяперашні час многія ўшачане ўдзельнічаюць у работах па знішчэнні баршчэўніку. На жаль, пры гэтым нярэдка людзі атрымліваюць апёкі ад кантакту з ім, а таму нялішнім будзе нагадаць асноўныя правілы абыходжання з небяспечнай раслінай.

Сок баршчэўніку, трапляючы на скуру, робіць яе больш адчувальнай да сонечных прамянёў. Каварства такіх апёкаў – у адсутнасці непрыемных адчуванняў непасрэдна пасля кантакту: яны ўзнікаюць праз суткі ці пазней і толькі пасля таго, як пашкоджанае месца трапіць пад сонца. А яшчэ баршчэўнік – моцны дыхальны і кантактны алерген, вельмі небяспечны для адчувальных людзей.

Клінічная карціна апёку пачынаецца з пачырванення скуры, ацёку, свербу і пякоты. Пры вялікай плошчы паражэння павышаецца тэмпература, узнікаюць слабасць, галаўны боль, утвараюцца пухіры. Загойваюцца апёкі толькі праз 2-4 тыдні.

Калі сок баршчэўніку трапіў на вашу скуру – адразу ідзіце ў цень і як мага хутчэй прамыйце паражоны ўчастак вадой з густой мыльнай пенай. На працягу некалькіх тыдняў хавайце пашкоджанае месца ад сонца – насіце адзенне з доўгімі рукавамі, галаўныя ўборы. Пры павышэнні тэмпературы, з’яўленні пухіроў, калі апёк перавышае па плошчы памер далоні, знаходзіцца на твары ці палавых органах, абавязкова трэба звярнуцца да дэрматолага ці хірурга.

Вось некалькі правілаў, захаванне якіх абароніць ад сумных наступстваў. Не дазваляйце дзецям гуляць паблізу ачагоў расліны. Скошваць баршчэўнік лепш у пахмурнае надвор’е, апрануўшы шчыльную вопратку, пальчаткі, акуляры, галаўны ўбор. У сухое надвор’е ў перыяд цвіцення працаваць можна толькі ў спецадзенні, а пасля работы вопратку неабходна дэзактываваць. Алергікам жа ўвогуле трэба пазбягаць знаходжання побач з раслінай.

А.НІКІЦЕНКА, інструктар-валеолаг Ушацкага РЦГЭ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *