Ветеран войны Иван Кириллович Коршун: «Хоть бы вам такого не видеть…»

Общество

Расказваць пра вайну Іван Кірылавіч Коршун зусім не любіць. Прыгадваючы пра тыя падзеі, былы франтавік ледзі стрымлівае слёзы. А калі пра ліхалецце пачынаюць распытваць дзеці ці ўнукі, лаканічна зазначае: “Гора хапіла. Хоць бы вам такога ніколі  не бачыць!”

Нялёгка складвалася яго жыццё і да вайны. У вялікай сям’і не заўсёды хапала кавалка хлеба, не быў з хлопчыкам ласкавым і айчым. Таму яшчэ юнаком, каб дапамагчы маці і малодшым братам і сёстрам, Іван пайшоў працаваць на чыгунку. “Не было тады такіх дарог, аўтамабіляў, і ў Віцебск са сваіх Ліпавак я адправіўся пешшу і босы – так бедна мы жылі. На чыгунцы клаў рэйкі, менавіта там у 1941-м мяне і застала вайна”, – узгадвае Іван Кірылавіч.

Маладога хлопца прызвалі на фронт, з Віцебска ён трапіў у Ельню, дзе фарміраваўся артдывізіён. За час вайны прыйшлося прайсці нямала гарадоў і вёсак: “Трапіў у распараджэнне Жукава, быў на “Кацюшах”, атрымліваў і вазіў снарады нашым байцам”, – не ўдаючыся ў падрабязнасці, заўсёды скупа расказваў сваім дзецям ветэран.

– Неяк ехалі мы з Іванам Кірылавічам яшчэ ў савецкія часы па Ленінградскай вобласці, дык ён нават дакладна паказваў лясы, дзе ў вайну дыслацыраваўся яго дывізіён, расказваў аб звязаных з імі сітуацыях. Шмат прыйшлося яму выцерпець, у адным з баёў быў кантужаны. Але паправіўся і вярнуўся ў строй, – гаворыць зяць ветэрана Пётр Дзмітрыевіч.

Пасля перамогі над фашысцкай Германіяй служба радавога І.Коршуна прадоўжылася на Далёкім Усходзе, дзе ішла вайна з японскімі захопнікамі. У родныя Ліпаўкі ён прыехаў толькі ў 1947-м. А вось яго браты, сястра Валя і айчым з вайны не вярнуліся.

Пачыналася новая старонка жыцця. Сваімі рукамі Іван Кірылавіч пабудаваў дом, разам з абранніцай Аленай Максімаўнай, якая дачакалася яго з вайны, гадавалі траіх дзяцей. Ну а працоўны шлях ветэрана быў непарыўна звязаны з мясцовай гаспадаркай, дзе яго цанілі як выдатнага каваля, а пазней і палявода.

Хоць і надзявае свой парадны пінжак І.К.Коршун па святочных днях, аднак у гэтыя хвіліны яго хутчэй агортвае не радасць, а сум ад таго, якой нялёгкай была перамога. Акрамя шматлікіх юбілейных медалёў (адзін з апошніх уручаны сёлета да 100-годдзя Узброеных Сіл Беларусі) ёсць асабліва значныя для ветэрана – ордэн Вялікай Айчыннай вайны другой ступені і медаль “За баявыя заслугі”. Дарэчы, у архіўных дакументах на сайце “Подзвіг народа” ўдалося знайсці наступныя звесткі аб узнагароджанні нашага земляка названым медалём: “Чырвонаармеец І.К.Коршун у баях з японскімі захопнікамі паказаў сваю самаадданасць, бесперабойна дастаўляў наступаючым часцям у Маньчжурыі боепрыпасы. Сваёй узорнай работай спрыяў баявому поспеху нашых войскаў”.

Зараз 96-гадовы ветэран жыве ў сваім доме разам з дачкой Раісай, летам увагай радуюць яго праўнукі. Хоць і падводзіць у такім узросце ўжо здароўе, аднак стараецца быць бадзёрым. У папярэднія гады на свята 9 Мая яшчэ ездзіў на мемарыяльны комплекс “Прарыў” і ва Ушачы. “Усе строем яшчэ на свята пойдзем!” – жартуючы, гаворыць сваім родным ветэран, хоць і разумее, што сустракаць Дзень Незалежнасці сёлета прыйдзецца дома. Галоўнае свята краіны ён разам з сотнямі тысяч землякоў “выкаваў” потам і кроўю – ратным подзвігам і мірнай справай.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *