Каникулы активного режима. В лагере «Орлёнок» при Ушачской школе дети интересно проводят время

Наши дети

Аздараўленчы лагер, арганізаваны сумесна з райаддзелам міліцыі, штогод настолькі запатрабаваны, што адно ўзгадванне пра яго выклікае ў школьнікаў і іх бацькоў мноства станоўчых эмоцый. З першага да апошняга дня змены (сёлета з 23 ліпеня па 15 жніўня) жыццё ў лагеры багатае на цікавыя падзеі. Розны ўзрост хлопчыкаў і дзяўчынак – ад 8 да 15 гадоў – не перашкаджае знайсці кожнаму занятак па душы з улікам інтарэсаў і схільнасцяў. Тут усё, як у вялікай дружнай сям’і: разам загартоўваюцца, арганізуюць і праводзяць мерапрыемствы, спартыўныя спаборніцтвы. Сёлета ў “Арляня” наладжана цеснае супрацоўніцтва з раённай і дзіцячай бібліятэкамі, раённым цэнтрам дзяцей і моладзі, БРСМ, прыходам храма святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры. Штодзень сустракаюцца вучні і з праваахоўнікамі, якія арганізуюць для іх цікавыя лекторыі і экскурсіі. Любяць хлопчыкі і дзяўчынкі праводзіць час за гульнёй у “Мафію”, караоке і заняткамі па сучасным джаз дэнсе. Такая згуртаванасць – заслуга начальніка лагера, педагога з вялікім стажам і важкім багажом ідэй Марыі Уладзіміраўны Ядрэўскай.

Не трэба хвалявацца бацькам пра харчаванне і здароўе сваіх дзяцей: побач з дзецьмі пастаянна знаходзяцца вопытныя педагогі, а повары радуюць традыцыйна разнастайным меню. Дарэчы, харчаванне ў лагеры – трохразовае бясплатнае.

– У чым сакрэт поспеху “Арляня”? – развітваючыся, пацікавілася ў хлопчыкаў і дзяўчынак.

– Мы ўсе ідзём сюды ў чаканні чагосьці новага, цікавага, – з захапленнем зазначылі тыя. – Ды і педагогі ў нас – самыя лепшыя: не лічацца са сваім часам, кантактуюць з намі, як з блізкімі сябрамі.

І сапраўды, хтосьці дэманструе спрыт у спорце, нехта прыгожа лепіць, а іншыя актыўна ўдзельнічаюць у экалагічнай справе – збіраюць для далейшай утылізацыі адпрацаваныя батарэйкі… Няма ніякіх сумненняў: такі адпачынак прынясе дзецям карысць і стане для іх лепшым успамінам пра летнія канікулы.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *