С начала 2018 года на Ушаччине зарегистрировано уже пять суицидов

Демография

“Чорным аўторкам” можна назваць дзень гэтага тыдня, калі адразу з дзвюх вёсак Ушацкага сельсавета прыйшлі трагічныя звесткі пра тое, што іх жыхары – мужчыны сярэдніх гадоў і прадпенсійнага ўзросту – скончылі жыццё самагубствам. Усяго ж з пачатку года ў нашым раёне зарэгістравана пяць суіцыдаў.

Калі аналізуеш такія выпадкі, міжволі задаешся пытаннем: чаму адны гадамі змагаюцца з цяжкай хваробай, даражаць кожным днём і ўсё ж заўчасна паміраюць, а другія, здаровыя і моцныя, ідуць на той свет па сваёй волі?

Адпаведна статыстыцы, у большасці краін свету крывая самагубстваў паўзе ўверх і менавіта яны выходзяць на першыя месцы сярод прычын смерці ў мірны час. Востра стаіць гэта праблема і ў Беларусі. Прычыны суіцыдаў самыя розныя: сямейныя канфлікты, здрады, безадказная любоў, страта блізкага чалавека, адзіноцтва, неразуменне, хваробы і псіхічныя расстройствы. І амаль заўсёды пералічанае падмацоўваецца вялікай дозай выпітага алкаголю – так было літаральна ва ўсіх сёлетніх выпадках.

Спіртное стала штуршком і ў спробе, якую здзейсніў не так даўно 16-гадовы жыхар яшчэ адной ушацкай вёскі. Ён ва ўсіх адносінах быў добранадзейным хлопцам: няблага вучыўся, дапамагаў бацькам па гаспадарцы, у вольны час падзарабляў і нават сам зрабіў рамонт у сваім пакоі. Уся гэтая ідылія рухнула адначасна, калі каханая дзяўчынка выбрала сабе другога кавалера. Юнацкі максімалізм, прыхаваная мамай да свята бутэлька, знойдзеная ў шафе, – і “геніяльнае” рашэнне, якое ажыццявіў, паласнуўшы лязом па запясці… На шчасце, дамоў вельмі своечасова вярнуўся бацька і хлопца ўдалася выратаваць. А праз некаторы час у размове з намі ён прызнаваўся: “Разумею, што паступіў бязглузда. Не ведаю, што на мяне найшло. Зараз бы ні ў якім разе так не зрабіў!”

Разважаючы пра гісторыі, калі здаровыя людзі гінуць у росквіце сіл ад прычын, якія прынята называць знешнімі, нельга не закрануць і яшчэ адзін аспект. Фактычна, да тых жа самагубстваў можна аднесці смерці ад перадазіроўкі алкаголем. Выпадкі, калі арганізм не справіўся з перапрацоўкай улітых у яго праміле, сёлета ў раёне рэгістраваліся тройчы, сярод памерлых адна жанчына. Прычым, падкрэслю, загінулі гэтыя людзі не ад атручвання няякасным алкаголем, а менавіта з-за перабору звычайнага. Так, напрыклад, абарвалася жыццё 44-гадовага жыхара адной з вёсак Вяркудскага сельсавета. Выпіўшы гіганцкую дозу спіртнога, мужчына заснуў на аўтобусным прыпынку. Там яго знайшоў брат, давёў да хаты і паклаў у ложак, вось толькі раніцай чалавек не прачнуўся. Эксперты прызналі прычынай смерці вострае атручванне этылавым спіртам: яго ўзровень у крыві нябожчыка складаў 6,8 праміле! Адметна, што ўжо 3-4 праміле з’яўляюцца паказчыкам цяжкога алкагольнага атручвання, смяротны зыход у дарослых выклікае 5, а ў падлеткаў – 4 праміле. Інакш кажучы, да гібелі мужчыну сярэдняга целаскладу могуць прывесці выпітыя на працягу шасці гадзін 1-1,3 літра гарэлкі. Ушачанін жа паставіў сапраўдны рэкорд, вось толькі ў кнігу Гіннеса яго занясуць наўрад ці…

Памерлых не ўваскрэсіць. Адматаць назад жыццё не атрымаецца. Але можна яшчэ націснуць на паўзу тым, хто няўмольна плыве да бездані.

М.ПАДВОРНЫ, пракурор Ушацкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *