«Охотник» на котов и «гуманист» с топором. В Ушачах появились факты живодёрства

Закон - один для всех

Калі чалавек для абароны можа выкарыстоўваць законы, сілу, розум і нават зброю, то ў арсенале братоў нашых меншых, калі яны змагаюцца за сваё жыццё, – хіба што зубы ды кіпцюры. У цывілізаваным грамадстве жывёла павінна быць абаронена ад жорсткага абыходжання і здзекаў. На жаль, многія людзі, якія заводзяць дамашніх пітомцаў, не ўсведамляюць, што бяруць на сябе адказнасць за іх лёс. У выніку, калі “жывая цацка” надакучвае, яе проста выкідваюць на вуліцу. А бывае, што жывёла становіцца своеасаблівым буферам, на якім гаспадары вымяшчаюць дрэнны настрой і няўдачы. І нават калі кату ці сабаку пашанцавала з уладальнікам, няма гарантыі, што яны не пачнуць “перашкаджаць жыць” суседзям.

Падобны выпадак адбыўся не так даўно ў нашым раёне. У райаддзел міліцыі патэлефанаваў грамадзянін, які паведаміў, што сусед, узброіўшыся пнеўматычнай вінтоўкай, устроіў паляванне на яго кошку, калі тая ўздумала прагуляцца па яго агародзе. Сведкай гэтага стала дачка заяўніка, якая прынесла акрываўленую жывёлу ў дом і расказала тату пра здарэнне. “Стралок” паспрабаваў заявіць, што яго агаворваюць, аднак у выніку праверкі ў яго доме была знойдзена вінтоўка, а ў кошкі, па заключэнні ветэрынара, выяўлена кулявое раненне грудной клеткі. У адпаведнасці з артыкулам 15.45 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных парушэннях, за жорсткае абыходжанне з жывёлай, якое пацягнула гібель ці калецтва, а таксама за яе катаванне, прадугледжаны штраф ад 10 да 30 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт. Такім чынам, суд прызначыў аматару стральбы па жывых мішэнях штраф у памеры 490 рублёў.

Падобны, і разам з тым супрацьлеглы выпадак стаў гэтым летам прадметам гарачага абмеркавання ў адной з бліжэйшых да райцэнтра вёсак. У гэты раз у ролі абаронцаў жывёлы выступілі менавіта суседзі, якія абвінавацілі ў жывадзёрскіх дзеяннях гаспадара сабакі. Жыхар вёскі на іх вачах жорстка забіў свайго дамашняга гадаванца. Спачатку спрабаваў задушыць яго пятлёй, калі ж гэта не ўдалася, ручкай сякеры некалькі разоў стукнуў па галаве, пасля чаго давяршыў пачатае з дапамогай вяроўкі. Пры гэтым, як расказалі сведкі, віск няшчаснай істоты разносіўся па ўсім наваколлі. Цела забітай жывёлы мужчына закапаў паблізу ад дома. Ну а ўражаныя суседзі паведамілі пра экзекуцыю ў міліцыю. Падчас праверкі, якую праводзілі супрацоўнікі РАУС, гаспадар патлумачыў, што яго сабака некалькі месяцаў хварэла, а ў апошні час яе стан пагоршыўся, і забіць жывёлу ён вырашыў з гуманных меркаванняў, каб пазбавіць яе ад пакут. Ды вось толькі відавочна, што такі спосаб эўтаназіі быў абраны абсалютна няўдала. У падобных выпадках трэба звяртацца да спецыялістаў-ветэрынараў, якія б проста ўсыпілі безнадзейна хворую жывёлу, ды і сусе­дзі не былі б падвергнуты такому стрэсу. Паколькі было выяўлена, што гаспадар пазбавіў сабаку жыцця не з хуліганскіх, карыслівых ці іншых нізкіх намераў, ва ўзбуджэнні супраць яго крымінальнай справы было адмоўлена, бо ў яго дзеяннях адсутнічаў састаў злачынства, прадугледжанага артыкулам 339-1 КК Рэспублікі Беларусь. Учынак грамадзяніна быў кваліфікаваны як адміністрацыйнае правапарушэнне, якое прадугледжана тым жа артыкулам 15.45 КаАП Рэспублікі Беларусь. Складзены адпаведны пратакол, які будзе разгледжаны ў судзе.

Аналізуючы гэтыя выпадкі, хочацца нагадаць грамадзянам, што жорсткае абыходжанне з жывёлай можа пацягнуць за сабой не толькі штраф, а і больш сур’ёзнае пакаранне. Так, адпаведна прыгаданага вышэй артыкула Крымінальнага кодэкса нашай краіны, дзеянні людзей, якія пацягнулі за сабой гібель ці калецтва жывёлы, здзейсненыя з хуліганскіх, карыслівых ці іншых меркаванняў або ў прысутнасці малалетніх, караюцца грамадскімі работамі або штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да аднаго года ці арыштам. Падобнае дзеянне, якое здзейснена паўторна або групай асоб, караецца арыштам або абмежаваннем ці пазбаўленнем волі на тэрмін да аднаго года.

Але, вядома ж, кожны чалавек у адносінах да жывёлы павінен кіравацца не толькі бояззю парушыць закон, але і ўласнымі маральнымі прынцыпамі. Дамашнія жывёлы нездарма з даўніх часоў лічацца лепшымі сябрамі людзей, цярплівымі, надзейнымі, умеючымі плаціць дабром за пяшчоту і клопат.

Н.АВАДНЁВА, памочнік пракурора Ушацкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *