В Ушачах проходит чемпионат района по мини-футболу

Cпорт

Халодны сезон перамясціў самую папулярную ў свеце гульню з зялёных газонаў у спартыўныя залы, але, канечне, ніяк не зменшыў палкасці пачуццяў футбольных аматараў. Вось і ў нашым гарпасёлку снежань абяцае для іх шмат цікавага: у спарткомплексе “Юнацтва-Ушачы” праходзяць паядынкі чэмпіянату раёна па міні-футболу.

Сёлета для ўдзелу ў спаборніцтвах заявіліся каманды лясгаса, райгаза, раёна электрасетак, дэпартамента аховы, райаддзела па надзвычайных сітуацыях, Ушацкай школы і фізкультурна-спартыўнага клуба. У сямі папярэдніх турах яны вызначаць чатырох фіналістаў, якія і разыграюць па кругавой сістэме прызавыя месцы. Ужо вядомыя вынікі чатырох першых тураў. У стартавым, 27 лістапада, футбалісты аховы з лікам 5:2 перамаглі настаўнікаў, а газавікі не змаглі аказаць супраціўленне выратавальнікам, якія лічацца адным з фаварытаў (1:7). А вось лясгасаўцы стварылі першую сенсацыю, ва ўпартай барацьбе абыграўшы ФСК (4:3). Зрэшты, галоўны суддзя спаборніцтваў Раман Фядосенка лічыць, што ў гэтым няма нічога дзіўнага, бо ў складзе каманды “леснікоў” некалькі былых выхаванцаў футбольнага аддзялення ДЮСШ – Юрый Уладзіёнак, Аляксандр Кучаронак, Павел Мацвееў. Да слова, турнір сабраў амаль усіх лепшых футбалістаў Ушаччыны, у тым ліку былых ігракоў прафесійных клубаў Сяргея Кіслага, Андрэя Лодзіса.

Другі тур чэмпіянату быў адметны захапляльным паядынкам выратавальнікаў і ФСК, у якім зафіксавана першая нічыя (2:2). У астатніх жа сустрэчах барацьбы не атрымалася: ахова разграміла энергетыкаў 8:1, а школа – газавікоў 10:1. Апошнія, напэўна, не змаглі прыйсці ў сябе і не з’явіліся на гульню трэцяга тура, з-за чаго аховаўцы аўтаматычна атрымалі тры ачкі. Затое два іншыя суботнія паядынкі былі цікавымі: лясгас не без барацьбы перайграў каманду РЭС (3:1), а сустрэча Ушацкай школы і РАНС стала сапраўдным трылерам: літаральна за пяць хвілін да яе заканчэння настаўнікі вялі 3:1, але выратавальнікі здолелі забіць у іх вароты тры безадказныя галы. Трэба было бачыць напал эмоцый, які панаваў не толькі на пляцоўцы, а і на трыбунах, дзе балельшчыкі актыўна і гучна падтрымлівалі сваіх любімцаў не толькі крыкамі і апладысментамі, а і традыцыйнымі футбольнымі дудкамі!

Прынамсі, далучыцца да захапляльнага футбольнага дзейства могуць усе жадаючыя: наступны тур чэмпіянату пройдзе ўжо заўтра, 6 снежня, калі на пляцоўку выйдуць РАНС і РЭС, ахова і ФСК, Ушацкая школа і лясгас, пачнуцца сустрэчы ў 18.30. Расклад двух апошніх папярэдніх тураў наступны: у суботу, 8 снежня, згуляюць райгаз і лясгас, ахова і РАНС, ФСК і РЭС (пачатак а 10-й гадзіне); у аўторак, 11 снежня – Ушацкая СШ і РЭС, райгаз і ФСК, РАНС і лясгас (пачатак ў 18.30). Паядынкі фіналістаў запланаваны на 13, 15 і 18 снежня, пры гэтым у календары турніру магчымы змены. Газета будзе асвячаць ход чэмпіянату, але ж лепей, канечне, убачыць гульні на свае вочы, таму чакаем вас ва ўтульнай і прыгожай зале спартыўнага комплексу!
Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *