В Ушачах прошёл районный конкурс молодых исполнителей «Песни юности наших отцов»

Образование и молодежь

Раённы конкурс маладых выканаўцаў “Песні юнацтва нашых бацькоў” прайшоў на бягучым тыдні ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. 11 юнакоў і дзяўчат з розных арганізацый, навучальных устаноў Ушаччыны парадавалі прысутных сваімі талентамі, прапанаваўшы па дзве кампазіцыі: грамадска-патрыятычную і песню-шлягер.
Узгаданы конкурс у нашым раёне ўжо стаў традыцыйным. З кожным годам расце не толькі колькасць яго ўдзельнікаў, але і прафесійны ўзровень выканаўцаў. Гэта заўважылі і члены журы пад старшынствам начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В.П.Котава, і шматлікія гледачы.

Быццам не гукамі, а гарачым шчырым сэрцам выводзілі вакалісты словы вядомых усім песень. Многія выступленні суправаджаліся відэасюжэтамі ці фотазастаўкамі на экране, харэаграфічнымі і нават тэатралізаванымі нумарамі груп падтрымкі канкурсантаў.

Шчодрымі апладысментамі сустрэлі гледачы выступленні прадстаўніц Вялікадолецкага СДК Маргарыты Алексяёнак і Анастасіі Рэут – акрамя добрага вакалу парадавалі дзяўчаты яшчэ і сваёй “экіпіроўкай”: ваенная форма і доўгія косы былі да твару кожнай. А вось Лілія Смаляк з гэтай жа культустановы аддала перавагу “мірнаму” ўбору, у якім закружылася ў прыгожым вальсе. Пранікнёным лірызмам, чуллівымі акордамі дзяліліся са сцэны Улада Маісеева з Ушацкай школы і Ганна Александровіч з раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Нікога не пакінула раўнадушным выступленне Алесі Бойчанкі, выхаванкі гуртка пры цэнтры культуры і народнай творчасці, а таксама Аляксандры Зільберт і Кацярыны Шабанавай з дзіцячай школы мастацтваў. Усім прысутным цяжка было ўтрымацца на месцах, каб не пусціцца ў танцы, калі на сцэну з песняй “Малінаўка” выйшаў супрацоўнік аддзела па надзвычайных сітуацыях Арцём Бірукоў. Пераканаць журы сапраўднасцю, эмацыянальнай падачай кампазіцыі ўдалося Вікторыі Гулюце з цэнтра дзяцей і моладзі. А пасля “кіношнага” эцюду па матывах песні “Дзяўчаты пакахалі не мяне” з рэпертуару групы “Лепрыконсы” ў выкананні Кірыла Шалыгі з цэнтра культуры і народнай творчасці ў зале доўга не змаўкалі авацыі.
Як адзначыла, падводзячы вынікі конкурсу, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў М.А.Шаўчэнка, выканаўчы ўзровень удзельнікаў гэтага творчага фестывалю не можа не радаваць – кожнаму выступленню былі ўласцівыя індывідуальнасць, яркасць, творчы каларыт. Спецыяльны ж падарунак і дыплом ад грамадскага аб’яднання за выкананне песень патрыятычнай накіраванасці Марыя Аляксееўна ўручыла В.Гулюце.
Без узнагарод у гэты дзень не застаўся ніхто. Галоўны ж п’едэстал гонару занялі А.Зільберт, К.Шалыга і А.Бірукоў – першае, другое і трэцяе месцы адпаведна. “Пераканана, што адраджэнне лепшых нацыянальных традыцый пачынаецца менавіта з песні, у якой праслаўляецца адданасць Радзіме”, – з упэўненасцю зазначыла Аляксандра.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *