Итоги работы животноводства в 2018 году и планы по оздоровлению сферы на новый год

Сельское хозяйство

Нядаўна мы друкавалі вынікі работы жывёлаводаў раёна за мінулы год, а таксама аналіз якасці здадзенага малака. Сёння ж у інтэрв’ю з выконваючым абавязкі намесніка старшыні райсельгасхарча В.У.ДАЎГАПОЛАВЫМ высвятлялі прычыны недапрацовак у жывёлагадоўлі і размаўлялі аб тых мерапрыемствах, якія запланаваны па аздараўленні галіны.

Віктар Уладзіміравіч, па-першае, давайце спынімся на станоўчых момантах. Бо хаця і няма рэкордных надояў і прываг, аднак “правальнай” гадавую работу назваць таксама нельга.

– Так, па валавой вытворчасці мы прыраслі на 105,6 працэнта. Прычым у вырошчванні мяса буйной рагатай жывёлы гэты паказчык складае 130,7, свіней – 110,7 і толькі па малацэ 91,7 – зніжэнне адбылося перш за ўсё па прычыне змяншэння на 230 галоў колькасці кароў з-за ліквідацыі “Райаграсэрвіса”. Не магла не паўплываць і адсутнасць неабходнай колькасці камбікармоў: даём 300 грамаў на літр малака плюс пры расцёле. Адсюль і зусім нізкі надой на карову – усяго 2445 кілаграмаў.

– Спецыялісты племянной справы сцвярджаюць, што генетычны патэнцыял нашых чорна-пярэстых буронак адпавядае чатыром тысячам.

– Згодны з гэтым. Аднак акрамя “радаслоўнай” на прадукцыйнасць уплываюць кармы і чалавечы фактар, вось і атрымліваецца, што недапрацоўкі менавіта ў апошніх складніках. Напрыклад, на ферме Сержаны ААТ “Ільюшынскі” практычна палова кароў даюць толькі па 3 літры – гэта “плён” рук даяркі: недадаіла, нясвоечасова адключыла апарат… і мастыт. Ёсць праблемы там і з работай тэхналагічнага абсталявання. А вынік – 1300 кілаграмаў на карову. Такую жывёлу трэба выбракоўваць. “Вялікадолецкае” з-за недахопу аператараў перайшло на двухразовае даенне – і таксама зніжэнне надояў.

Ці ёсць чым замяняць хворых кароў? Калі не памыляюся, увод цялушак у статак штогод павінен складаць 25 працэнтаў?

– Так, аднак у нас толькі ў “Маяку-Ушацкім” гэты паказчык складае 160 працэнтаў, а па раёне толькі 81, хоць замяніць трэба 559 кароў. Таму асаблівая ўвага надаецца вырошчванню цялушак. Хачу зазначыць, што камбікорм маладняку даюць літаральна на ўсіх фермах раёна, таму і нядрэнны паказчык па прывагах. Рост “валоўкі” атрыманы і з-за павелічэння колькасці жывёлы на “Маяку”, наогул да канца года на комплексе “Завячэлле” мяркуюць павялічыць дойны статак да 530 галоў замест 382.

Раней гаспадаркі для ўдзешаўлення кармоў рыхтавалі камбікорм спецыяльнай машынай на месцы са свайго зерня.

– Так было і сёлета. Той жа “Ільюшынскі” рабіў гэта, абагачаючы муку неабходнымі мікраэлементамі. Ну а многія, як “Дземенец”, “Селішча”, “Вялікадолецкае”, проста здрабняюць зерне, што не дае патрэбнай аддачы.

– Асаблівая ўвага пастаянна надаецца захаванню колькасці пагалоўя, невытворчаму выбыццю.

– Чым больш пагалоўе – тым больш прадукцыі. Як я казаў, колькасць кароў скарацілася з-за ліквідацыі “Райаграсэрвіса” і на 1 студзеня складала 3376 ці 93,3 працэнта да ўзроўню мінулага года. Стапрацэнтнае захаванне жывёлы ў ААТ “Селішча”, 107 – у “Вялікадолецкім”, 156 – у “Маяку-Ушацкім”, прычым 223 працэнты па каровах. У “Дземенцы” адпаведна 91 і 96, “Ільюшынскім” – 84 і 99, “Глыбачанах” – 76 і 86.

— Што робіцца для таго, каб павялічыць выпуск прадукцыі?

– Аптымістычныя лічбы з пагалоўем, кармамі, кантроль і захаванне тэхналогіі на “Маяку-Ушацкім” даюць падставы да павышэння прадукцыйнасці статка. На “Завячэллі” і па мінулым годзе самыя высокія надоі на корову – 3578 кілаграмаў, а сёлета яны плануюць атрымаць па 4500. У разрад праблемных у нас трапіла, на жаль, валаўтваральная гаспадарка ААТ “Ільюшынскі”, дзе як і ў “Арэхаўне” на карову не надоена і дзвюх тысяч. У першай створаны дзве групы раздою для замены хворай жывёлы. Наогул у цэлым па раёне ў нас чакаецца павелічэнне расцёлаў як у першым квартале, так і па годзе, што зразумела, спрыяе росту надояў.

– А каму мы абавязаны павышэннем вытворчасці мяса?

– Па ялавічыне, канечне, “Маяку-Ушацкаму”, дзе сярэднясутачныя прывагі каля 600 грамаў, а сярэднія па раёне 472. У астатніх, акрамя “Вялікадолецкага”, няхай і невялікае, але зніжэнне. На ПУП “Сарочына” атрымалі 562 грамы прываг, што на 24 больш леташняга.

– Якія перспектывы наогул па жывёлагадоўлі?

– Па свінакомплексе стаіць задача аднавіць пагалоўе на ўзроўні 2012 года, для чаго трэба падрыхтаваць свінарнік на 1200 галоў, устанавіць абсталяванне. На базе КУСГП “Глыбачаны” плануецца вырошчванне жывёлы мяснога накірунку. Пастаўляць туды белагаловікаў будзе “Вялікадолецкае”, “Ільюшынскі” і “Маяк-Ушацкі”, ён жа прымае людзей на работу. Стаіць задача ў кожным раёне аднавіць авечкагадоўлю, мяркуем, што гэта магчыма ў “Дземенцы” і “Кублічах”. Аднак найперш трэба навесці парадак у нашых традыцыйных накірунках. Задача, шчыра кажучы, зусім няпростая, улічваючы складанае эканамічнае становішча гаспадарак. Але рэальная.

Гутарыла Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *