Несмотря на запрет выхода на лёд, на озёрах Ушаччины немало рыбаков-экстремалов. Как мы отправились в рейд со спасателями

Cлужба-101 Профилактика и безопасность

За 4 дні ў Уле пад лёд праваліліся два чалавекі, а ў Пухавіцкім раёне мужчына, якога выратавальнікі дасталі з вады, вярнуўся на возера – і зноў праваліўся пад лёд. Падобныя выпадкі ў краіне рэгіструюцца амаль кожны дзень. Зараз у раёне аб’яўлена забарона выхаду на лёд, зацікаўленыя службы праводзяць рэйды па вадаёмах, да аднаго з якіх далучыліся і мы. Забягаючы наперад, адзначу, што нягледзячы на пацяпленне і інтэнсіўнае раставанне лёду аматары падлёднай лоўлі не спяшаюцца падводзіць вынікі зімовай рыбалкі гэтага года.

Дзе іх шукаць? Канечне ў Рыбаках! Менавіта гэты населены пункт стаў першай кропкай нашага маршруту. З раніцы трымаўся марозец, а днём засвяціла яркае сонца – цудоўны дзянёк для рыбалкі. Такімі думкамі і кіраваліся мясцовыя рыбакі. Як “дастукацца” да іх? Упэўніўшыся, што на лёд стаць можна, накіроўваемся да аднаго. Шчыра кажучы, нават за спіной тых, хто не пакіне ў бядзе, адчуваеш сябе не вельмі ўтульна, а ў галаве круцяцца думкі: і што я тут раблю? Няма ў мяне рыбацкай жылкі!
– Пра забарону ведаю, але чым яшчэ займацца, на канапе ляжаць? Ды паглядзіце – на нашым возеры лёд яшчэ трывалы! – упэўнена сцвярджаў мужчына, які сядзеў непадалёк ад берага. Другі рыбалоў размясціўся з шалашом далей, гутарку з ім вырашылі адкласці, бо лёд пад нагамі падаваў зусім непрыемныя гукі.
Рашэнні аб забароне выхаду на лёд носяць у большай ступені прапагандысцкі характар – такім чынам органы мясцовай улады стараюцца прыцягнуць увагу людзей, напомніць ім пра правілы бяспекі. Пры ўмовах надвор’я, калі мароз змяняецца адлігай, лёд становіцца рыхлым і неаднародным, таму выхад на яго катэгарычна забаронены.
Больш дзясятка экстрэмалаў, якія выпрабоўвалі лёс, было і на арэхаўскім возеры. Падыходзім да берага – мінімум пару метраў ад яго лёду ўжо няма. У мужчыны, які рыбачыць непадалёк, пытаемся, як ён заходзіў. “Дык я яшчэ раніцай з супрацьлеглага берага. Пра забарону нічога не ведаю, не чуў і не чытаў!” А пра тое, што адысці ад берагоў лёд мог зусім – не задумваўся.
І калі на азёрах вялікадолецка-кубліцкай зоны рыбакоў практычна не было, то на папулярных Чарсцвядскім і Оталава іх не злічыць. “У мяне 20 гадоў рыбацкага стажу, усё будзе добра!” – адказы падобнага кшталту даводзілася чуць ад многіх. Пацікавіліся ў аматараў рыбнай лоўлі веданнем правілаў бяспекі і аказання дапамогі тым, хто праваліўся пад лёд. Вось толькі ўлічваючы колькасць вадаёмаў у нашым раёне, да кожнага возера прафілактычную групу не накіруеш – не хопіць ні людзей, ні сродкаў. Таму рыбаловам неабходна ў першую чаргу самім прымаць максімум мер бяспекі.
Падчас “рыбацкага” рэйду “ўсплыў” і яшчэ адзін веснавы галаўны боль – выпальванне сухой расліннасці. Так, у сераду ўжо гарэла трава на полі непадалёк ад Гарбаціцы. “Пачынаецца “гарачая” пара. Некалькі выпадкаў палаў за апошні тыдзень зарэгістравана ў вяркудскай зоне. Пакуль яны носяць лакальны характар, бо зямля яшчэ сырая, але некалькі дзён сонечнага надвор’я зробяць сваю справу”, – адзначае начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях С.Я.Аваднёў. Актывізуюцца са спальваннем смецця і грамадзяне на сваіх участках. За гэтай справай якраз і засталі 85-гадовага пенсіянера ў Машчонах, які ў некалькіх кроках ад лазні з дапамогай запалак знішчаў лісце і траву. “Я ж тут стаю і ўсё кантралюю!” – сцвярджаў той, але, як паказвае практыка, нават у маладым узросце людзі часта не спраўляюцца з утаймаваннем агню, а навядзенне парадку заканчваецца папялішчам. Не рызыкуйце, прытрымлівайцеся правіл, тады і маёмасць застанецца цэлай, і ўнушальны штраф не атрымаеце.
Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *