Быстрее за «скорую». Дмитрий Бурак оперативно справляется со своими коммунальными обязанностями

К профессиональному празднику

На першы погляд яго можна прыняць за вартаўніка ці нават прараба – улічваючы прафесію, гэта ўражвае. “Не толькі вы здзіўляецеся, – усміхаецца вадзіцель УП ЖКГ Дзмітрый Дзмітрыевіч Бурак. – Прыходзіцца развенчваць стэрэатып”. І яму гэта ўдаецца.
Аўтамабіль з бочкай, нягледзячы на пяць год амаль бесперапыннай эксплуатацыі, выглядае так, нібы ўчора зышоў з канвеера. “Таму што ў адных руках – маіх”, – зазначае вадзіцель, які абслугоўвае ўвесь раён і нават у час водпуску выходзіць на работу, бо ў яго няма замены. Праца асенізатара вельмі няпростая не толькі з-за сваёй спецыфікі – гэта і пастаянныя зносіны з людзьмі, падставамі для якіх часта з’яўляюцца не самыя прыемныя сітуацыі.
– Пасля таго, як ад нас аддзяліўся водаканал, у зону маёй адказнасці ўваходзіць у асноўным сяло, – расказвае вадзіцель. – Але і па гарпасёлку прыходзіцца выязджаць, бо ў іх аўтамабіль часта ламаецца.
Сёлетняя вясна прыносіць няшмат турбот, а ў асобныя гады перыяд расставання снегу станавіўся вельмі клопатным: вада ў падвалах шматпавярховак, перапоўненыя каналізацыйныя калодзежы – прыходзілася працаваць і ноччу, прычым не толькі адпампоўваць сцёкі, а і прабіваць засоры.
– На парывы водаправодных ці каналізацыйных сетак таксама даводзіцца выязджаць, – кажа Дзмітрый Дзмітрыевіч. – Адкачваю ваду, дапамагаю брыгадам рамонтнікаў. У асноўным жа выконваю заяўкі насельніцтва – чышчу калодзежы, ёмістасці, туалеты. Адходы вывозяцца на ачышчальныя збудаванні.
Пераезд з Мосара ў Казімірова – звыклая справа, ратуючы людзей ад падтапленняў, за дзень Д.Д.Бурак намотвае значны кіламетраж. Сваю “кліентуру” за час працы вывучыў, прывык і да слоў ўдзячнасці, і да капрызаў патрабавальных гараджан-дачнікаў. Больш запамінаюцца, канечне ж, прыемныя моманты.
– Аб заяўцы з Ваўча дыспетчар паведаміла, калі ўжо пад’язджаў да Ушач, – прыгадвае адзін з выпадкаў мужчына. – Таму быў па адрасе праз лічаныя хвіліны. Стукаюся ў хату, адчыняе бабуля і ўсплёсквае рукамі: “А мой жа дарагі! Толькі патэлефанавала – а ты ўжо тут! Вось каб “скорая” так працавала!”
Са словамі ўдзячнасці адказнаму работніку не адзін раз звярталіся і да нас у рэдакцыю: “Выратаваў цэлую вуліцу!” – тэлефанавала пенсіянерка з аграгарадка Глыбачка. – Выклікала ачысціць свой каналізацыйны калодзеж, а ён адкачаў і суседскія. Такі ветлівы, добразычлівы і спагадлівы малады чалавек!” На гэта Дзмітрый Дзмітрыевіч зазначае наступнае:
– Інакш праблему было не вырашыць – сістэма калодзежаў звязана паміж сабой. Ды і не гэта галоўнае – проста ў сваёй дзейнасці кіруюся прынцыпам “рабі ўсё, як для сябе” і стараюся максімальна дапамагчы людзям.
Толькі станоўча адклікаецца аб працы Д.Д.Бурака і кіраўніцтва камунгаса. Гэта мабыць адзін з яскравых прыкладаў народнай мудрасці, якая сцвярджае што не месца красіць чалавека, а наадварот.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *