Фестиваль межкультурных коммуникаций прошёл в Ушачской школе

Наши дети

Восем год таму віцебскі настаўнік англійскай мовы Яўген Варацілін задумаўся, як разнастаіць навучанне, зацікавіць дзяцей незвычайнай формай засваення ведаў, зрабіць гэты працэс захапляльным? У выніку нарадзілася ідэя правядзення фестывалю для тых, хто лічыць замежную мову любімым школьным прадметам. Наватарства спадабалася – і з таго часу кожнай вясной юныя прыдзвінскія “паліглоты” распачынаюць творчыя спаборніцтвы, у якіх добрыя веды павінны падмацоўвацца крэатыўнасцю і артыстызмам.

Як вы, пэўна, здагадаліся, гаворка ідзе пра фестываль міжкультурных камунікацый. На яго раённым этапе мы пабывалі ў суботу і сталі сведкамі яркіх і разнастайных выступленняў. Самай папулярнай і непрадказальнай у плане вынікаў стала намінацыя “Я – аратар”. Сямёра паслядоўнікаў Дэмасфена і Цыцэрона скрупулёзна аналізавалі перавагі і складанасці дзяцінства і дарослага жыцця – самымі пераканаўчымі журы, у склад якога ўваходзілі выкладчыкі замежнай мовы з розных устаноў раёна, палічыла прамовы вучня Ушацкай школы Марата Клачка (настаўнік – Г.Данілёнак), прадстаўніцы Ільюшынскай СШ Кацярыны Халімоненкі (Л.Шарыпа) і Паліны Салаўёвай (Ушацкая школа, Л.Варанько). Названыя прамоўцы занялі першае, другое і трэцяе месцы адпаведна.
Відовішчным і пазнавальным стаў конкурс экскурсаводаў, падчас якога творчыя групы з Вялікадолецкай і Ушацкай школ расказалі пра гісторыю і элементы традыцыйнага нямецкага і беларускага касцюмаў. Пры гэтым дальчане правялі ўяўны тэлемост з Германіяй, а ўшачане, таксама з дапамогай экрана, падключылі да свайго аповеду кампетэнтнага эксперта – настаўніцу роднай мовы і літаратуры І.Леснічэнку. Вялікадолецкі дуэт Дар’я Васілевіч і Руслан Крыштопенка (настаўнік І.Мычко) атрымаў срэбра, ну а перамога на рахунку вучняў Т.Гардзіёнак Златы Клачок, Яўгена Бародзіча, Ангеліны Міцкевіч, Івана Цвяцінскага і Ангеліны Мядзведзевай. Хоць і не было канкурэнцыі ў глыбачанскіх дзяўчат Вікторыі Пліскевіч і Лізаветы Казловай, дыплом першай ступені ў намінацыі “Прэзентацыя газеты” вучаніцы Т.Церашкавец цалкам заслужылі. Як адзначыла, узнагароджваючы дуэт, начальнік аддзела па адукацыі Н.В.Стрыжонак, сэнс іх паведамлення, прысвечанага сучасным нанатэхналогіям, зразумелі нават тыя, хто не ведае нямецкай мовы. Ну а пераможцы намінацыі “Фабрыка зорак” Надзеі Раманоўскай (Л.Варанько), якая пакарыла залу джазавай кампазіцыяй, Наталля Васільеўна прадказала ў будучым выступленні на буйных сусветных пляцоўках. Другой у гэтай намінацыі стала Паліна Раманоўская, якая разам з Вікторыяй Пятніцай і Лізаветай Лісіцай атрымала таксама дыплом трэцяй ступені за выкананне хіта групы “Queen” (дзяўчаты – вучаніцы педагога Ушацкай школы І.Маслоўскай). Завяршыла праграму фестывалю выступленне міні-тэатра вучняў 3 “Б” класа Ушацкай СШ (на здымку). Юныя акцёры і іх настаўнікі І.Маслоўская і А.Саўчанка падрыхтавалі англамоўны варыянт казкі пра трох мядзведзяў. Выглядалі яны на сцэне ўпэўнена і сталі ўладальнікамі дыплома першай ступені.
Пераможцы прадставяць раён на абласным этапе, ну а эмоцыі і новыя веды, атрыманыя падчас падрыхтоўкі і правядзення фестывалю, безумоўна павысяць у школьнікаў матывацыю да вывучэння замежных моў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *