Пятиклассницы Ушачской школы нашли в сквере планшет, не растерялись и отнесли находку в районный отдел милиции

Наши дети

У тым, што моладзь Ушаччыны – здольная і таленавітая, сумнявацца не прыходзіцца: пра шматлікія дасягненні нашых юных землякоў перыядычна расказваем на старонках газеты. А вось тое, што хлопчыкі і дзяўчынкі яшчэ і надзвычай сумленныя і выхаваныя, даказваюць іх учынкі.

Нядаўна ў любімае многімі ўшачанамі месца – на дзіцячую пляцоўку ў скверы гарпасёлка – трэцякласніца Крысціна прыйшла з планшэтным камп’ютарам. Актыўныя гульні на атракцыёнах… а калі прыйшоў час збірацца дамоў, Крысціна заўважыла прапажу. Слёзы, перажыванні, пакутлівыя пошукі планшэта, падчас якіх паўставалі непрывабныя малюнкі крадзяжу дарагой рэчы ці яе разбіцця іншымі дзецьмі. Між тым, нагоды засмучацца, як аказалася пазней, не было…

У гэты дзень у скверы бавілі час вучаніцы 5 “В” класа Ушацкай школы Юля Хамёнак і Анжаліка Федарэнка. Заўважыўшы непадалёк “безгаспадарны” планшэт, яны паспрабавалі самастойна высветліць яго ўладальніка. Калі ж справа зайшла ў тупік, дзяўчаты не разгубіліся і накіраваліся ў райаддзел міліцыі, куды перадалі знаходку. Напэўна, нехта б паспрабаваў прысвоіць такую модную “цацку” ці, як мінімум, прынёс яе дамоў, каб параіцца з бацькамі. Для нашых жа дзяўчат паход да праваахоўнікаў боязі не выклікаў. Тым больш што Юля ўжо мела падобны вопыт: год таму, калі яе тата, займаючыся падводным паляваннем, знайшоў на дне ракі Ушачы веласіпед, дзяўчынка разам з ім адносіла транспартны сродак у райаддзел міліцыі.

– Уся наша сям’я вельмі ўдзячна Юлі і Анжаліцы за такі ўчынак, – кажа тата Крысціны Пётр Герасімёнак. – Я сам больш дзесяці гадоў працаваў у аддзяленні крымінальнага вышуку, таму добра ведаю, як бывае няпроста знайсці падобныя рэчы, тым больш калі яны трапляюць да лоўкіх зламыснікаў. Дзеянні ж дзяўчат гэта прадухілілі. Лічу, што такая дзіцячая сумленнасць павінна абавязкова заахвочвацца.

Падчас урачыстай лінейкі з нагоды заканчэння навучальнага года Юлі Хамёнак і Крысціне Федарэнка былі ўручаны каштоўныя падарункі, набытыя за сродкі ўдзячнай сям’і Герасімёнкаў. Не засталіся без увагі і бацькі дзяўчат – за дастойнае выхаванне дачок яны атрымалі Лісты падзякі ад кіраўніцтва школы.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *