Поощрены поезкой в Минск

Наши дети

У пачатку 2010 года газета “Юны выратавальнік” аб’явіла акцыю “Хроніка Перамогі”, прысвечаную 65-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Юным чытачам было прапанавана вывучыць ваенную гісторыю сваёй малой Радзімы і расказаць пра яе праз газету іншым. Вучні 5 “В” класа SDC12019Ушацкай школы вырашылі паспрабаваць свае сілы ў намінацыі “Краязнаўчы маршрут “Па дарогах вайны”. Тым больш што падчас аднаго з наведванняў музея народнай славы дзяцей зацікавіў расказ экскурсавода аб аперацыі па выратаванні дзяцей “Зорачка”. Вучні захацелі як мага больш даведацца пра гэтую падзею. Яны раздзяліліся на тры групы. Першая атрымала заданне даведацца аб партызанскім руху ў час вайны, другая – сабраць звесткі пра дапамогу лётчыкаў партызанам, трэцяя занялася зборам матэрыялаў аб возеры “Вечалле” – былым партызанскім аэрадроме.

Дзеці з захапленнем займаліся даследаваннем, прачыталі мноства кніг, газетных артыкулаў, шмат звестак пачарпнулі з гісторыка-дакументальнай хронікі “Памяць.Ушацкі раён”, а таксама кнігі У.Е.Лабанка “Партызаны прымаюць бой”. Акрамя гэтага распытвалі пра вайну сваіх родных, знаёмых, з цікавасцю паслухалі расказ ветэрана вайны І.К.Падворнага.

Калі ўсе матэрыялы былі сабраны, здзейснілі турыстычны паход на возера “Вечалле”. Падрабязны расказ пра яго, фотаздымкі, малюнкі, схемы, матэрыялы і былі адпраўлены ў рэдакцыю газеты “Юны выратавальнік”. А ўжо ў маі дзеці былі ўзрадаваны, калі ўбачылі ў газеце матэрыялы свайго паходу, і даведаліся, што сталі пераможцамі конкурсу. У якасці ўзнагароды была арганізавана паездка ў Мінск з наведваннем гісторыка-культурнага комплексу “Лінія Сталіна”, якая прайшла ў пачатку чэрвеня.

На тэрыторыі комплексу “Лінія Сталіна” адбылася сустрэча і ўзнагароджанне пераможцаў і прызёраў конкурсу з усёй рэспублікі. Галоўны рэдактар газеты ўручыла нашаму класу грамату “За творчы падыход і высокі ўзровень падрыхтоўкі літаратурных і даследчых матэрыялаў” і памятныя падарункі. Пасля адбылася цікавая экскурсія, абед на палявой кухні, знаёмства з узорамі баявой тэхнікі і зброі. Затым наведалі рэспубліканскі атрад спецыяльнага назначэння Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, дзе былі паказаны спецыяльныя машыны, з дапамогай якіх ліквідуюцца складаныя пажары, прадэманстраваны навыкі сабак-выратавальнікаў. Завяршэннем паездкі стала наведванне заапарка ў Мінску.

Хочацца выказаць шчырую ўдзячнасць рэдакцыі газеты “Юны выратавальнік”, ушацкаму раённаму аддзелу па надзвычайных сітуацыях і асабіста С.Я.Аваднёву за арганізацыю, фінансаванне цікавай і займальнай паездкі, якая запомніцца надоўга.

К.ШАРЫПА,

класны кіраўнік 5 “В” класа Ушацкай школы.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *