Прежде чем бросить спичку, подумайте! Уже 6 ушачан получили штрафы за палы сухой травы

Cлужба-101 Профилактика и безопасность Экология

Тое, што выпальванне сухой травы караецца законам, пэўна, назаўсёды засвояць шасцёра жыхароў нашага раёна, якім нядаўна такія дзеянні абышліся ў “кругленькую” суму. Прычым, штраф за палы травы, знішчэнне пажніўных рэшткаў на карані яны атрымалі мінімальны – 10 базавых велічынь.

Праязджаючы па раёне, у розных кутках можна ўбачыць чорныя плямы – сляды таго, што многія па-ранейшаму не ўсведамляюць, што выпальванне сухой расліннасці наносіць урон прыродзе, знішчае дамы і пабудовы. Нехта суботнім вечарам кінуў запалку на полі за Старым Сялом. Сонечны дзень, вецер – і агонь хутка бег у бок дамоў на крайняй вуліцы вёскі. Бачачы блізкую пагрозу для сваіх пабудоў і суседніх пустуючых дамоў, мясцовая жыхарка спачатку сама спрабавала змагацца з агнём, але зразумеўшы, што гэта ёй не па сілах, патэлефанавала ў выратавальную службу. Гэтак жа пагражаў агонь сядзібам і ў вёсцы Увалокі. Усяго за апошні тыдзень ушацкім выратавальнікам больш дзясятка разоў даводзілася выязджаць на тушэнне буйных ачагоў узгарання сухой расліннасці.

– Адны наўмысна падпальваюць траву на палях, уздоўж дарог, а іншыя наводзяць парадак на сваіх участках, спальваючы смецце, лісце і пажніўныя рэшткі, але часта не могуць кантраляваць агонь. У Горацкім раёне пенсіянер паліў траву каля дома і загінуў у агні. Гэта ўжо другі такі выпадак у краіне з пачатку сезона палаў, – гаворыць інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі райаддзела па надзвычайных сітуацыях В.Карэйша.

На шчасце, пакуль у раёне не было лясных пажараў з-за палаў травы. Работнікі лясгаса ўдзяляюць вялікую ўвагу прафілактыцы, у зонах масавага адпачынку абсталёўваюцца спецыяльныя месцы для развядзення вогнішчаў, робяцца мінералізаваныя палосы ў лясных масівах.

– У цяперашні час узмоцнены кантроль за выкананнем патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах, – адзначае інжынер па ахове лесу ДЛГУ “Ушацкі лясгас” І.Шугалей. – Настойліва просім грамадзян быць уважлівымі і асцярожнымі з агнём, строга выконваць правілы пажарнай бяспекі: не кідаць падпаленых запалак і акуркаў, не разводзіць вогнішча ў лясных масівах, на тарфяніках і ў месцах з падсохлай травой, не пакідаць у лесе прамаслены альбо прамочаны гаручымі рэчывамі матэрыял.

Зараз у раёне прадаўжаецца месячнік па папярэджанні выпальвання сухой расліннасці. Зацікаўленыя службы штодня праводзяць рэйды, абследуючы населеныя пункты. Перш чым кінуць запалку ў траву, падумайце, што гэта можа моцна ўдарыць па вашым кашальку, каштаваць вам здароўя, што ў гэтую хвіліну камусьці спатрэбіцца дапамога, а падраздзяленні МНС заняты на тушэнні травы, не гаворачы ўжо пра тое, якія сродкі затрачваюцца на гэта. Сачыце, каб дзеці і тым больш несумленныя дарослыя не выпальвалі сухую расліннасць. Калі вы заўважылі пажар, сталі сведкам падпальвання, паведамляйце аб гэтым у пажарную службу (тэл. 101, 112,) і дзяржаўную лясную ахову (2-77-30).

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *