Виртуозы пилы. В Ушачском лесхозе прошли соревнования среди вальщиков леса «Лесоруб-2019»

Общество

Яны могуць зрабіць замену ланцуга бензапілы за 18 секунд, а з абрэзкай сучча віртуозна справіцца менш чым за 30, не кажучы пра тонкасці пры распілоўванні бервяна! Усё гэта пра вальшчыкаў лесу, якія ў пятніцу сабраліся на раённыя спаборніцтвы прафесійнага майстэрства “Лесаруб-2019”. Удзел у іх прынялі па два прадстаўнікі ўсіх сямі лясніцтваў і лясгаса, а праявіць свае навыкі ім неабходна было ў пяці конкурсах.

Мерапрыемства праходзіла на базе Касарскога лясніцтва адразу на дзвюх пляцоўках: самага спрытнага ў валцы лесу выяўлялі непасрэдна на дзялянцы, а вось астатнія этапы, яны ж і самыя відовішчныя, ладзіліся непадалёк ад Касароў. Майстэрства ў кожным конкурсе ацэньвалася ў балах, колькасць якіх залежыць ад шматлікіх паказчыкаў. Пільна сачыла за ўдзельнікамі строгае журы, галоўнай “зброяй” якога былі штангенцыркуль і секундамер.
– Як на працы ў лесе, так і ў конкурсе, неабходна спачатку наладзіць свой інструмент. Таму адно з заданняў – замена ланцуга бензапілы. У дакладным распілоўванні трэба разрэзаць бервяно і не закрануць памост, на якім яно ляжыць, а пры камбінаваным рэзе ад бервяна здымаецца кавалак таўшчынёй 3-8 см спачатку зверху, а потым знізу. Пры абрэзцы сукоў, акрамя хуткасці, значэнне мае наяўнасць выступаў: чым меншыя, тым лепш. У ідэале – цалкам “лысы” ствол, але трэба пастарацца і не пашкодзіць дрэва, – расказвае нюансы конкурсу суддзя І.Е.Ардынскі.
– Гэта на першы погляд падаецца, што спіліць дрэва проста, а на самой справе – цэлая навука! Галоўнае ж – дакладнасць у кожным кроку, – адзначаў прадстаўнік Сарочынскага лясніцтва Аляксей Первянёнак, які ўжо неаднойчы ўдзельнічаў у конкурсе і займаў прызавыя месцы.
Так, у сёлетніх спаборніцтвах удзельнічалі як вальшчыкі, за плячыма якіх багаты стаж, так і маладыя прадстаўнікі прафесіі. “У нас у гэтым годзе і юніёр ёсць, ён адказны і старанны!” – расказвалі прадстаўнікі каманд пра маладога работніка з Плінскага лясніцтва і шчыра хварэлі за яго. Дзмітрый Дунец упершыню прымаў удзел у конкурсе, але на мэце ставіў не столькі заваяваць перамогу, колькі набрацца вопыту. Таму ўважліва прыслухоўваўся да парад калег і заўваг суддзяў. Напэўна, гэта і дапамагло хлопцу заняць першае месца ў дакладным распілоўванні. А калі ў яго падчас аднаго з конкурсаў заглухла піла, то на дапамогу нават беглі калегі. А таму з упэўненасцю можна сказаць, што панавала на пляцоўцы хутчэй сяброўская атмасфера, чым саперніцтва.
“Зараз Дзіма Пашкевіч ды Міша Карабань захопяць лідарства і не пакінуць астатнім шанцаў! Гэта ж сапраўдныя аксакалы справы! Тым больш што і на вобласці ўжо не раз бывалі!” – абмяркоўвалі ўдзельнікі, рыхтуючыся да свайго выхаду.
І сапраўды, на тварах гэтых прафесіяналаў не было і ценю хвалявання, а з заданнямі яны спраўляліся лёгка. Першы ўзяў “золата” ў абрэзцы сучча і мантажы ланцуга бензапілы, а другому дасталася “срэбра” ў дакладным распілоўванні, камбінаваным рэзам і абрэзцы суччаў. На вышэйшую прыступку п’едэстала таксама ўздымаліся Аляксандр Шараеў з Плінскага лясніцтва, які стаў лепшым у валцы лесу, і прадстаўнік Глыбачанскага Ігар Літвін, роўных якому не аказалася ў распілоўванні камбінаваным рэзам.
Пераможцы атрымалі не толькі граматы, а і грашовае ўзнагароджанне, таксама ім давядзецца абараняць гонар Ушацкага лясгаса на адпаведных абласных спаборніцтвах, якія пройдуць у ліпені ў Шумілінскім раёне. Усім астатнім, хто не ўвайшоў у прызёры па намінацыях і не трапіў на п’едэстал, конкурс як мінімум даў стымул удасканальваць свае навыкі. Кожны ўдзельнік працаваў не толькі на асабісты вынік, а і на камандны. Так, сярод лясніцтваў першае месца прысуджана Кубліцкаму, другое – Касарскому, трэцяе заняло Вялікадолецкае.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *