Настоящий рай на берегу озера Ветче. Домик охотника Ушачского лесхоза в Мирном привлекает не только белорусов, но и зарубежных гостей

Ушаччина туристическая

Адна мая знаёмая штогод ставіць сабе жалезную мэту наведаць Турцыю ці Егіпет, у крайнім выпадку – Крым, і траціць на гэта ледзь не апошнія грошы. На пытанне, чаму б не застацца ў водпуску дома, здзіўлена кажа: “А дзе ж тут правядзеш час?” Насамрэч, наш раён – цудоўнае месца, якое падабаецца не толькі беларусам, а і замежным гасцям. Упэўніцца ў гэтым у чарговы раз давялося, калі завітала ў домік паляўнічага Ушацкага лясгаса.
Гэты аб’ект на беразе маляўнічага возера Вятчанскае ў Мірным, акружаным сасновымі барамі, пабудаваны ў 1999-м годзе. Першапачаткова ён быў разлічаны на паляўнічых, аднак сёння тут з задавальненнем прымаюць усіх, хто жадае адпачыць ці, напрыклад, адзначыць вяселле. Умовы пражывання на вышэйшым узроўні – у двухпавярховым катэджы некалькі пакояў, у якіх свабодна размесціцца больш 10 чалавек, маецца кухня, гасціная, душавы пакой і поўны набор бытавых электрапрыбораў – ад мікрахвалевай печы да пральнай машыны. Незвычайны антураж інтэр’еру надаюць чучалы паляўнічых трафеяў – глушца, ваўка, лася і дзіка, арыгінальныя вырабы з дрэва, у тым ліку і мэбля. Каб госці не засумавалі, для іх прадугледжаны більярдны і тэнісны стол, прасторная лазня з парылкай і пакоем для адпачынку. А на вялікай тэрыторыі двара так і хочацца прысесці на лавачку з грыбкамі, адпачыць у альтанках, абсталяваных адмысловым мангалам. Нядаўна тут з’явілася яшчэ адна – з лавачкамі і сталом, якая… качаецца, як арэлі! Можна выйсці на пірс і з яго нырнуць у возера, пакатацца на лодцы ці пазагараць на плывучым пантоне. Плануецца, што ў хуткім часе будуць і катамараны, для якіх абсталёўваецца прычал, аматарам рыбалкі яе арганізуюць. Усім жадаючым прапануюць пабываць на глушцовым току, бабровым пасяленні і спецыяльных вышках назірання за жывёламі, наведаць сядзібу-музей П.Броўкі ў Пуцілкавічах. За асобную плату зімой можна пакатацца на снегаходзе, а ўлетку ўзяць у арэнду веласіпед.
– У маі мы прымалі паляўнічых з Расіі і Польшчы, са Славакіі паляваць на глушца прыязджала сямейная пара. Цікава, што ў апошніх галоўным завадатарам была жанчына. Многім тут так падабаецца, што вяртаюцца яшчэ і яшчэ. Напрыклад, ужо добра запомніў француза Паскаля, які наведваўся ў Мірны шэсць разоў і кожны раз браў з сабой новых сяброў, каб паказаць такое прыгожае месца. Часта прыязджаюць кампаніі на адпачынак з розных гарадоў Беларусі, якія праз тураператараў даведваюцца пра наш домік адпачынку. Прычым, не толькі летам. Будынак ацяпляецца, ёсць і камін. Напрыклад, не было яшчэ такога, каб у навагоднюю ноч комплекс пуставаў. А калі ў 2014-м мы зачыняліся на рэканструкцыю, пастаянныя кліенты вельмі засмучаліся, што трэба шукаць іншае месца, – расказвае Валерый Мікалаевіч Броўка (на здымку). На працягу апошніх 10 гадоў ён з’яўляецца вартаўніком аб’екта, але выконвае і мноства іншых функцый – сустракае і размяшчае гасцей, сочыць за парадкам на тэрыторыі, які інакш як ідэальным і не назавеш. Валерый Мікалаевіч кажа, што дзеці неаднаразова звалі жыць да сябе, але ці можна прамяняць такі рай на шумны горад?
Шчыра кажучы, “пагасціўшы” ў доме паляўнічага, хацелася тут застацца, ці пры першай жа магчымасці вярнуцца на адпачынак. Ёсць у нас месцы не горш замежных курортаў, проста не заўсёды мы заўважаем, колькі прыгожага зусім побач.
Атрымаць падрабязную інфармацыю пра адпачынак у Мірным, цэнах, паслугах можна ва Ушацкім лясгасе па тэлефоне 2-77-30.
Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *