Юные помощники лесоводов. Ушачские школьники трудятся на прополке игличных растений в питомнике лесхоза

Образование и молодежь

На бягучым тыдні працоўны дэсант з ліку вучняў 8-10 класаў Ушацкай школы высадзіўся ў пітомніку лясгаса. 12 юнакоў і дзяўчат дапамагаюць тут лесаводам у праполцы іглічных раслін.

Нягледзячы на ўяўную прастату, задача гэта не з лёгкіх. Патрабуюцца ўвага і цярпенне, а яшчэ больш – старанне і працавітасць. А калі ўлічыць, што шчыруюць школьнікі ў першай палове дня – у самую спёку – добрае здароўе, вынослівасць. Праўда, самі юнакі і дзяўчаты на гарачае надвор’е не скардзяцца:
– Мы заняты не больш чатырох гадзін. Ды і робім усё па сваіх сілах, не гонімся за “рэкордамі”.
Між тым, спраўляюцца маладыя людзі – члены студатрада пры райкаме БРСМ, а таксама лагера працы і адпачынку пры Ушацкай школе – вельмі ўдала. Па словах начальніка пітомніка І.М.Пішчыка, які каардынуе іх работу, на значна забруджаным пустазеллем участку ў 86 сотак усяго за чатыры дні пераадолена ўжо больш паловы. Зрэшты, ад плошчы праполатых насаджэнняў будзе напрамую залежыць заробак школьнікаў. Калі запланаваныя дзесяць дзён працаваць яны будуць у тым жа тэмпе, то атрымаюць прыкладна па 100 рублёў.
– Нам пашанцавала з маладымі памочнікамі, – кажа Іван Мікалаевіч. – Усе старанна выконваюць пастаўленую задачу і нават пытаюцца, ці хопіць спраў да канца лета. Усіх ахвотнікаў запэўніваю: хопіць! Акрамя праполкі трэба будзе правесці рамонт і афарбоўку агароджы пітомніка.
Вядома, у першую чаргу, школьнікі імкнуцца падзарабіць. Скажам, выпускнік 9 класа Дзмітрый Жаваранак мяркуе сёлета стаць студэнтам – патрэбны сродкі, каб годна падрыхтавацца да паездкі на вучобу. Антон Пугач запісаўся ў атрад адразу пасля выпадковага “ўтаплення” свайго мабільнага тэлефона – каб займець яму замену. На такі ж сродак сувязі плануе патраціць заробленае і Аляксандр Шарыпенка.
– Не менш важна тое, што школьнікі набываюць такім чынам першы працоўны вопыт, вучацца з розумам траціць грошы, – кажа першы сакратар райкама БРСМ Рыта Уладзіміраўна Хрыпель. – У мінулым годзе ўдзельніцы такога ж атрада перад пачаткам змены збіраліся “спусціць” заробленае на розныя дробязі з кітайскіх інтэрнэт-магазінаў. Пасля ж дзесяцідзённай занятасці ўсе перадумалі: зразумелі, як няпроста даюцца грошы…
Умовамі працы юнакі і дзяўчаты задаволены. Кожны дзень работнікі лясной гаспадаркі прывозяць іх з Ушач у пітомнік і забіраюць назад. Транспарт на гэтыя мэты выдзеліў аддзел па адукацыі райвыканкама, а паліва – лясгас. Пастаянна побач знаходзяцца вопытныя лесаводы, педагогі, а таксама прадстаўнікі райкама БРСМ.

* * *

Арганізацыя другаснай занятасці моладзі – адзін з прыярытэтных накірункаў дзейнасці названага грамадскага аб’яднання. Сёлета напярэдадні летніх канікул яго работнікамі праведзена акцыя “Выбіраем студатрад”, па выніках якой быў складзены банк даных жадаючых працаўладкавацца. Дзякуючы ж трохбаковаму дагавору, заключанаму паміж райкамам БРСМ, лясгасам і аддзелам па адукацыі, самыя актыўныя і ініцыятыўныя навучэнцы Ушаччыны атрымалі такую магчымасць.
Працоўнае лета працягваецца. Жадаючых пашчыраваць у пітомніку Ушацкага лясгаса нямала. Аказацца ў іх ліку плануюць і сёлетнія выпускнікі – пасля здачы цэнтралізаванага тэсціравання і падачы дакументаў у абраныя навучальныя ўстановы яшчэ будзе магчымасць з карысцю правесці час.
Па пытаннях запісу ў студатрад можна звярнуцца ў райкам БРСМ па нумары 5-77-84.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *