По традиции в Ушачах ко Дню молодёжи чествуют лучших молодых представителей трудовых коллективов

Образование и молодежь

Сярод юнакоў і дзяўчат Ушаччыны нямала старанных, умелых у сваёй прафесіі людзей, актыўных, гатовых узяцца за любую даручаную справу. Стала добрай традыцыяй напярэдадні Дня моладзі ўшаноўваць маладых работнікаў арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Сёлетні год не стаў выключэннем.

З найноўшымі тэхналогіямі Ганна БУГАЙ на “ты”. Ва Ушацкім участку электрасувязі РУП “Белтэлекам”, дзе яна працуе ўжо пяць гадоў, была аператарам і спецыялістам групы продажы паслуг, а зараз – электрамеханік лінейных збудаванняў сувязі і абаненцкіх прылад. На плячах Ганны – усё справаводства і справаздачнасць участка, кадравая работа. Актыўна ўдзельнічае яна і ў грамадскім жыцці арганізацыі, раённых спаборніцтвах. Захапляецца спортам, вольны час праводзіць з сям’ёй: мужам і дачушкай.

За арганізацыйна-кадравую работу ў ДЮСШ з 2017 года адказвае граматны спецыяліст Анастасія СПІРЫДОВІЧ. Яна паспяхова спраўляецца з вялікім аб’ёмам спраў, любіць дакладнасць і акуратнасць, патрабавальная да сябе, а вось з калегамі падтрымлівае цёплыя зносіны, ініцыіруе правядзенне культурна-масавых мерапрыемстваў у арганізацыі. Дарэчы, вольны час часта таксама праводзіць на рабоце – толькі не ў кабінеце, а ў трэнажорнай зале ці басейне.

Любыя віды зварачных работ пад сілу Вадзіму ЛЕАНЕНКА. Работа электрагазазваршчыка ў жыллёва- камунальнай гаспадарцы вельмі запатрабаваная, асабліва зараз – падчас падрыхтоўкі цеплатрас да будучага ацяпляльнага сезона. У Вадзіма нямногім больш 5 гадоў працоўнага стажу і ўжо высокі 5 разрад, тым не менш ён працягвае развіваць прафесійнае майстэрства. Любіць парыбачыць, заняцца рамонтам тэхнікі. Праўда, часу на гэта рэдка хапае: кожную вольную хвілінку стараецца правесці з сям’ёй – жонкай і трыма дзецьмі.

Галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Вадзім РУБАНІК заўсёды ў цэнтры спартыўных падзей. З’яўляецца не толькі іх непасрэдным арганізатарам, але і ўдзельнікам. Мае “ўнушальны” 9-гадовы працоўны стаж, добра разбіраецца ў пытаннях галіны. Для нас, журналістаў, Вадзім – сапраўдная знаходка: пра любыя спаборніцтвы, турзлёты расказвае цікава, з інтрыгай… застаецца толькі пашкадаваць аб тым, што нейкія прапусцілі, ці пачынаць збірацца на наступныя. Пастаянна прапагандуе здаровы лад жыцця.

Заўсёды ў акружэнні сваіх выхаванцаў, якія з задавальненнем прыходзяць на трэніроўкі ў басейн “Юнацтва-Ушачы”, Вікторыя ЛУКАШЭВІЧ. Знайсці падыход да юных плыўцоў, умацаваць іх фізічнае і псіхалагічнае здароўе, падрыхтаваць да спаборніцтваў трэнеру-выкладчыку ДЮСШ дапамагае вялікая апантанасць сваёй прафесіяй. Яна актыўная ўдзельніца спартыўных мерапрыемстваў па плаванні, на якія выходзіць і ў якасці суддзі. За год работы паспела заваяваць павагу сярод навучэнцаў і іх бацькоў.

У жыллёва-камунальнай гаспадарцы, дзе Юрый ЛЯЎШОЎ працуе два гады, яго цэняць і ведаюць, што гэты хлопец не падвядзе. Прыроджаны вадзіцель, які не толькі ўпэўнена адчувае сябе на дарозе, а і справіцца з любой паломкай аўтамабіля. Працавіты, шчыры і мэтанакіраваны, ён мае многа сяброў, а ўвесь вольны час прысвячае самым родным людзям – жонцы і двум маленькім дзеткам. Нямала сіл укладвае ў добраўпарадкаванне і абсталяванне нядаўна пабудаванага дома.

Самы малады з сёлетніх намінантаў ужо добра вядомы ўшачанам – без Кірыла ШАЛЫГІў апошні час не абыходзіцца ні адно мерапрыемства, якое ладзіцца ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Хлопец займае пасаду гукааператара аддзела культурна-масавай работы, але выходзіць на сцэну ў якасці вядучага, саліста, валодае і акцёрскім талентам, з лёгкасцю пераўвасобіцца ў любую ролю. Яго здольнасці пацвярджаюцца і шматлікімі дыпломамі: заявіў аб сабе на абласных конкурсах “Песні юнацтва нашых бацькоў”, “Музычная скарбніца”, на міжнародным – “Мы разам”.

Нягледзячы на яшчэ невялікі стаж работы, Дзмітрый ДУНЕЦ зарэкамендаваў сябе добрым спецыялістам. Малады майстар лесу Плінскага лясніцтва пасля заканчэння Полацкага ляснога каледжа прыехаў працаваць у родны раён і з першых дзён работы паказаў, што да справы ставіцца добрасумленна і адказна. Умее арганізаваць работу, вельмі патрабавальны да сябе і падначаленых. Зараз рыхтуецца да абласных спаборніцтваў “Лепшы па прафесіі”, а вольны час прысвячае сваёй сям’і.

З нецярпеннем чакаюць заняткаў, каб атрымаць новыя веды па гісторыі і грамадазнаўстве, вучні Глыбачанскай школы. Такі інтарэс да прадметаў усяго за два гады прывіў ім Дзмітрый ­ПАРШОНАК. Пад яго кіраўніцтвам дзеці паспяхова ўдзельнічаюць у навукова-практычных канферэнцыях, алімпіядах, акцыях. Натхняе настаўнік і на вывучэнне роднага краю, арганізуе цікавыя паходы па Ушаччыне. Прапагандуе здаровы лад жыцця, захапляецца спортам і турызмам.

У скарбонцы дасягненняў вучняў Віталя ДЗЯМІДАВА нямала перамог на прадметных алімпіядах, творчых і спартыўных конкурсах, хаця ў Глыбачанскай школе ён працуе ўсяго год – выкладае працоўнае навучанне і чарчэнне. Вельмі любіць сваю справу, што дапамагае дасягаць выдатных вынікаў. У настаўніку гарманічна спалучаюцца прафесіяналізм, працавітасць, уменне зацікавіць. Прымае актыўны ўдзел у школьных і раённых мерапрыемствах, дэманструе клас у турызме. Аптыміст па натуры, з’яўляецца душой любой кампаніі.

Атрымліваць высокія ўраджаі, каб гарэлі вочы ў працаўнікоў, а дадому ты вяртаўся хоць і стомленым, але задаволеным – такія мары ў Станіслава ЛІСІЧОНКА. Малады аграном у ААТ “Дземенец” прыйшоў мінулым летам пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі. Удумліва і адказна ставіцца да кожнага даверанага ўчастка, хварэе за справу і мае вялікае жаданне рупліва працаваць. Хоць і няма яшчэ за плячыма вялікага стажу, але калегі па рабоце адзначаюць яго кампетэнтнасць і дасведчанасць у пытаннях раслінаводства.

За бухгалтарскі ўлік у прадпрыемстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі не хвалююцца, бо за яго адказвае граматны спецыяліст Кацярына ГЛЕБКА, якая працуе тут з 2014 года і ў 2017-м назначана галоўным бухгалтарам. Яна паспяхова спраўляецца з вялікім аб’ёмам работы, любіць дакладнасць і акуратнасць, патрабавальная да сваіх падначаленых. Пастаянна абараняе гонар прадпрыемства на раённых і галіновых спартыўных мерапрыемствах. Не раз заваёўвала перамогі ў лыжных гонках, захапляецца плаваннем, тэнісам, а таксама шахматамі і шашкамі.

У калектыў ААТ “Ільюшынскі” Віктар КЛІПАЦКІ паспяхова ўліўся ў мінулым годзе. Выпускніку Гарадоцкага аграрна-тэхнічнага каледжа даверылі пасаду загадчыка рамонтнай майстэрні. За кароткі час ён змог праявіць сябе, і яго здольнасці не засталіся непрыкмечанымі – зусім нядаўна назначаны галоўным інжынерам. Няпросты ўчастак работы, але ў калектыве ўпэўнены, што малады спецыяліст справіцца. Вольнага часу ў Віктара застаецца зусім нямнога, і яго ён імкнецца правесці з жонкай і дачушкай, якія пераехалі разам з ім у Ільюшына.

У калектыў цэнтральнай раённай бальніцы медсястра тэрапеўтычнага кабінета Святлана СТАЖЫК улілася ўсяго два гады таму, але ўжо паспела атрымаць нямала станоўчых водгукаў ад пацыентаў, заслужыць павагу калег. Доказ таму – “Прыз глядацкіх сімпатый”, які дзяўчына атрымала па выніках мінулагодняга раённага конкурсу прафесійнага майстэрства. Захапляецца спортам, аддае перавагу актыўнаму адпачынку з сябрамі. Любіць “паваражыць” і на кухні – ад аднаго ўзгадвання пра яе піццу ў блізкіх Святланы цякуць слінкі.

Пастаянныя наведвальнікі кафэ “Тайм-аут” добра ведаюць Сняжану ФІЛІПАВУ. Бармэн 4 разраду працуе тут з дня адкрыцця “Юнацтва-Ушачы”, а ў райспажыўтаварыстве – з 2008 года. Ветлівая і тактычная, вывучае густы наведвальнікаў, умее прапанаваць тавар, таму ніхто з кафэ не выходзіць у дрэнным настроі. Штогод Сняжана прымае ўдзел у выязным гандлі на “Славянскім базары ў Віцебску”, “Дажынках” і іншых рэспубліканскіх і раённых мерапрыемствах, неаднаразова заахвочвалася граматамі і падзякамі райспажыўтаварыства.

Вадзіцель аўтамабіля 6 разрада УП ЖКГ Аляксей СЕЛЯВЁНАК да сваёй справы прыкіпеў душой. Не пужаюць яго ні раннія пад’ёмы, ні выезд на аб’екты ў пазаўрочны час. Да любой тэхнікі – а папрацаваць даводзілася практычна на ўсёй – адносіцца з веданнем і клопатам. Зараз шчыруе на лесавозе з маніпулятарам. У прынцыпах Аляксея – працаваць на сумленне, быць не назіральнікам, а актыўным удзельнікам усіх грамадскіх спраў калектыву ўшацкіх камунальнікаў. Захапляецца спортам, ні ў якіх абставінах не губляе аптымізму.

Урачу-тэрапеўту прыёмнага аддзялення райбальніцы і ўрачу-кардыёлагу па сумяшчальніцтве Марыі ТУЛЕЙ даводзіцца даволі часта сутыкацца з неардынарнымі выпадкамі, знаходзіць выхад з крытычных сітуацый, аднак гэта для яе не з’яўляецца праблемай. Сваіх пацыентаў малады спецыяліст “забяспечвае” не толькі медыкаментамі, але і добрымі словамі, суперажываннем. Здаровага ладу жыцця дзяўчына прытрымліваецца сама і раіць гэта іншым. У вольны час наведвае трэнажорную залу, захапляецца вязаннем.

Камандзір аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 г.п.Ушачы Дзмітрый ПРАШКЕВІЧ у экстрэмальнай сітуацыі дзейнічае смела і рашуча. Сёлета хлопец ужо 17 разоў выязджаў на ліквідацыю надзвычайных сітуацый, падчас якіх выратавана 7 пабудоў і каштоўнасцей на суму больш за 8,3 тысячы рублёў. Выконвае вялікі аб’ём платных паслуг, паспяхова выступіў на нядаўнім абласным конкурсе прафмайстэрства, дзе каманда аддзела заняла першае месца. Сябруе малодшы сяржант і са спортам, з’яўляючыся пастаянным удзельнікам раённых спаборніцтваў і абласных турзлётаў.

Гэтую абаяльную дзяўчыну ва Ушачах, напэўна, ведае кожны. Кантралёрам раёна газазабеспячэння філіяла ПУ “Полацкгаз” Валерыя КАРЭЙША працуе з 2016 года. Рухавік перадавых ідэй – гэта дакладна пра яе. Заўсёды хутка і якасна спраўляецца з пастаўленымі задачамі, праяўляе творчасць. Умацаванне дысцыпліны і законнасці на прадпрыемстве – у полі зроку Валерыі як грамадскага інспектара па ахове працы. Яна добрая спявачка і спартсменка, прымае актыўны ўдзел у раённых і абласных мерапрыемствах, з’яўляючыся прафгрупоргам, сама арганізуе культурна-масавае жыццё калектыву.

Кіраўнік фізічнага выхавання ясляў-сада №2 г.п.Ушачы Сяргей КАВАЛЕНКА заўсёды ў акружэнні хлопчыкаў і дзяўчынак, якія не толькі з задавальненнем прыходзяць на заняткі, але і імкнуцца правесці вольны час з педагогам. Знайсці падыход да маленькіх непасед, умацаваць іх здароўе, прывіць любоў да спорту Сяргею дапамагае вышэйшая адукацыя па спецыяльнасці, а таксама вялікая апантанасць сваёй прафесіяй. Вольны час любіць праводзіць з сябрамі, рэгулярна наведвае трэнажорную залу і басейн.

Падрыхтавалі Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ, Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *