В Ушачах прошёл конкурс «Песни юности наших отцов»

Образование и молодежь

“Выбірала песню сэрцам”. Менавіта такімі словамі ахарактарызавала выбар рэпертуару для конкурсу “Песні юнацтва нашых бацькоў” Маргарыта Мяркулава. Ды і астатнія дзяўчаты (мужчынскіх галасоў на ім, на жаль, на аказалася) прызнаваліся, што любяць савецкія хіты патрыятычнай, ваеннай тэматыкі. А падбіралі іх, зыходзячы з уласных вакальных даных.

Удзельнікаў сёлета было сем і што прыемна, чацвёра з іх дэбютавалі ў конкурсе, аднак неаднойчы да гэтага выходзілі на сцэну. Супрацоўніца Дэпартамента аховы Віка Гулюта скончыла эстраднае аддзяленне Ушацкай школы мастацтваў, да і зараз з’яўляецца членам Народнага квартэта “Натхненне”. Маргарыта таксама выпускніца нашай “музыкалкі” – вучылася ігры на акардэоне, зразумела, спявала ў хоры пад кіраўніцтвам Ж.Савіцкай, а потым у Полацкім педагагічным каледжы, дзе займалася таксама на музычным аддзяленні. Ды і зараз педагог-арганізатар Ушацкай школы і да таго ж мнагадзетная маці працягвае самастойна “ставіць” голас. Ветэрынарны фельчар “Сафійскіх дароў” Яна Рэуцкая па працоўных абавязках ніяк не звязана з музыкай, але падчас вучобы ў Лужаснянскім каледжы спявала ў ансамблі народнай песні, таму з задавальненнем прыняла ўдзел. Ну а супрацоўнік раённага цэнтра культуры Крысціна Войсет проста не магла прапусціць мерапрыемства, як і яе калега Анастасія Карымава. У рэпертуары дзяўчат і да гэтага былі патрыятычныя песні і яны прызналіся, што не толькі на сцэне, а і пад гітару ля вогнішча любяць праспяваць “Цёмную ноч” ці “Жураўлёў”. Самыя юныя ўдзельніцы – школьніцы Насця Сяліцкая і Даша Краснова таксама звязаны з раённым цэнтрам культуры – у Глыбачанскім і Вяркудскім СДК працуюць іх маці, якія ўжо другі год запар падбіраюць дзяўчатам рэпертуар. Ну а арганізатары конкурсу літаральна для ўсіх запісалі прыгожыя відэазастаўкі, якія ажыўлялі выхад на сцэну артыстак. Рабілі яны гэта двойчы, бо акрамя патрыятычных савецкіх песень ацэньвалася выкананне яшчэ і беларускіх хітоў.

Адзнака журы, у якім, дарэчы, былі ўдзельнікі конкурсу ранейшых гадоў – начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама П.А.Алексяёнак і загадчык сектара культуры Л.М.Шкаруба, поўнасцю супала з меркаваннем гледачоў. Падводзячы вынікі, Пётр Аляксандравіч адзначыў дастойны ўзровень выканання, пажадаў пашыраць рэпертуар і ўдасканальвацца, каб перамагчы ў наступны раз, ну і, канечне, уручыў дыпломы і каштоўныя падарункі пераможцам. “Бронза” дасталася Яне Рэуцкай, “срэбра” – Вікторыі Гулюце, а “золата” – Маргарыце Мяркулавай. І калі пераможца нават расплакалася ад нечаканасці, то яе група падтрымкі ўпэўнена зазначыла, што прадказвала такі вынік.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *