Поддерживают порядок на священном месте. Как Дмитрий Куленок и Мария Шорец в любую погоду трудятся на «Прорыве»

Общество

“Вялікі дзякуй хочацца сказаць людзям, якія падтрымліваюць у парадку гэтыя святыя месцы!” – адзначыў у сваёй прамове падчас святкавання 75-годдзя прарыву варожай блакады старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка. І са словамі нашага дэпутата нельга не пагадзіцца: на мемарыяльным комплексе “Прарыў” чыста і прыгожа не толькі напярэдадні святочных дат. Дасягаецца ж гэта штодзённай карпатлівай працай двух людзей, з якімі мы мусім вас пазнаёміць.

Даглядаюць вялікую тэрыторыю мемарыяла – а гэта каля 4 гектараў – Дзмітрый Генадзьевіч Кулянок і Марыя Паўлаўна Шорац. У любое надвор’е і пару года яны нясуць сваю вахту на гэтым вялізным аб’екце: ачышчаюць яго ад снегу і лісця, абкошваюць траву, даглядаюць кветкі, падразаюць дрэвы і кусты, прыводзяць у парадак дарожкі, партызанскую школу і зямлянкі. А зімой, як аказалася, нават пратапліваюць у іх “буржуйкі” – надаюць памяшканням “жылы дух” і самі саграваюцца ад марозу, адчуваючы на сабе партызанскі быт.
Да працы яны звыклыя: абое амаль усё жыццё прысвяцілі сельскай гаспадарцы: Дзмітрый Генадзьевіч быў трактарыстам, Марыя Паўлаўна – даяркай. І вось ужо чацвёрты год адказваюць за тое, каб галоўная славутасць нашага раёна заўсёды мела прывабны выгляд. Прычым, робяць гэта з ахвотай і дружна: калі сёлетняй вясной жанчына пайшла ў водпуск, ужо праз дзень зноў прыбегла на “Прарыў” дапамагаць свайму калегу па працы і спадарожніку па жыцці. Знаходзяць яны час, і каб разам наводзіць прыгажосць на ўласнай сядзібе ў Новым Сяле: летась атрымалі перамогу ў конкурсе па добраўпарадкаванні, што праводзіў Ушацкі сельсавет.
“Работу сваю мы вельмі любім! – адзначае Д.Кулянок. – Мяркуйце самі: жывём побач, працуем на вольным паветры, а які цудоўны ў нас калектыў! Калі неабходна тэрмінова навесці парадак, работнікі музея народнай славы, да якога належыць комплекс, на чале з нашым дырэктарам Наталляй Пятроўнай Бугай выходзяць на суботнікі. Нядаўна, напрыклад, усе разам чысцілі плітку, зграбалі скошаную траву”. “А яшчэ грэе душу тое, што маем дачыненне да пачэснай справы захавання памяці пра подзвіг нашых продкаў!” – дадае Марыя Паўлаўна. І бачна, што для жанчыны гэта не пафасныя словы, а шчырае пачуццё. Расказвае, што за час работы міжволі праслухала столькі расказаў экскурсаводаў, што, напэўна, і сама б змагла ў дэталях распавесці пра гісторыю нашай партызанскай зоны. Тым больш што тэма гэта блізкая, напэўна, любому тутэйшаму жыхару. Часта прыгадваюць пра вайну ў сям’і Кулянкоў: маці Дзмітрыя Таццяна Мікалаеўна родам з Паперына, і хоць была ў той час чатырохгадовай дзяўчынкай, добра памятае, як напярэдадні прарыву немцы сагналі мясцовых жыхароў у адрыну – відаць, хацелі спаліць, ды не паспелі, бо якраз пачаліся баі. Матуля выпіхнула яе ў акенца, і пры гэтым малая згубіла валёначкі (як вядома, май 44-га быў вельмі халодным), а потым усе беглі ў натоўпе пад свіст куль… Ім пашанцавала застацца жывымі. Як пазней, у канцы 80-х, пашчасціла вярнуцца дамоў з Афганістана самому Дзмітрыю Кулянку.
Змяніліся пакаленні, але памяць пра падзеі Вялікай Айчыннай застаецца жывой і яскравай – спрыяюць гэтаму ў тым ліку помнікі і мемарыялы, да ўтрымання якіх у Беларусі ставяцца па-асабліваму. “Нядаўна адзін жыхар Украіны, аглядаючы комплекс, падышоў да нас і, уздыхнуўшы, мовіў: “Як добра тут у вас: велічна, чыста, прыгожа і так спакойна. А ў нас ваююць…” – расказвае Марыя Паўлаўна. – І мне падумалася, што гэта сапраўды вялікае шчасце – тое, што мы можам жыць у сваім утульным доме, садзіць ля яго кветкі і сустракаць на ганку сваіх дзяцей і ўнукаў”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *