Ушаччина отпраздновала День Независимости Республики Беларусь

Общество

Трэцяга ліпеня разам з усёй краінай Ушаччына адзначыла галоўнае дзяржаўнае свята – Дзень Незалежнасці і 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Нягледзячы на халаднаватае надвор’е, выдатны настрой панаваў на працягу ўсяго дня не толькі ў райцэнтры.

Адкрыўшы з раніцы на насценным календары дату 3 ліпеня, Васіль Мікалаевіч Казачонак (на здымку) з Завыдрына чакаў гасцей. Накінуў цяжкі ад медалёў пінжак, паглядаў у акно, а ўбачыўшы машыну, бадзёра бег насустрач, а праз пяць хвілін ужо граў на гармоніку “Дзень Перамогі” і “Лявоніху”. Менавіта з віншаванняў тых, хто 75 гадоў таму здабываў Перамогу, і распачалося дзяржаўнае свята. Радаваліся ветэраны і падарункам – цёплым пледам і віншавальным паштоўкам ад райвыканкама, райсавета, Прэзідэнта нашай краіны А.Р.Лукашэнкі, і, канечне, простай увазе. Прадстаўнікі ўлады, грамадскіх арганізацый наведалі ўсіх 13 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія пражываюць на тэрыторыі Ушаччыны. Якраз напярэдадні свята падвяло здароўе Надзею Ягораўну Кальверш – яе віншавалі ў бальніцы. Але ветэран абяцала хутка зноў вярнуцца ў строй.

Не пабаяліся зменлівага надвор’я і прыйшлі на ўрачыстасць на цэнтральную плошчу гарпасёлка многія ўшачане, госці раёна. Гучнымі апладысментамі сустрэлі яны вынас вымпела “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”. Чаканым момантам стала шэсце працоўных калектываў і грамадскіх аб’яднанняў. З добрым настроем ішлі ў прыгожых калонах медыкі, сувязісты, сацыяльныя работнікі, лясгасаўцы, камунальнікі, работнікі газавай гаспадаркі. Адной з самых прыгожых стала дэлегацыя райспажыўтаварыства – паветраныя шары і шалікі колераў дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь стваралі па-сапраўднаму святочны настрой. Пра сваё ўбранне – футболкі, кепкі, сцягі з адмысловымі надпісамі і лагатыпамі – паклапаціліся прадстаўнікі раённага аб’яднання прафсаюзаў і “Белай Русі”. Нягледзячы на дастаткова “гарачую” пару, былі тут і прадстаўнікі практычна ўсіх сельгасарганізацый Ушаччыны. Упершыню ў падобным шэсці прыняла ўдзел зборная каманда ветэранскай арганізацыі і Фонду міру. Дарэчы, менавіта яны ў рамках урачыстасці сталі ўдзельнікамі рэспубліканскай акцыі “Беларусь памятае” – прынеслі партрэты ваяваўшых бацькоў і дзядоў. Далучыліся да старэйшага пакалення і сённяшнія піянеры, якія да адзначанай даты падрыхтавалі вялікі сцяг нашай краіны з нанесенымі прозвішчамі тых, каму мы абавязаны жыццём. “На чырвоным колеры змясцілі звесткі пра ветэранаў, нашых землякоў, якіх, на жаль, ужо няма разам з намі, – патлумачыла педагог дадатковай адукацыі раённага цэнтра дзяцей і моладзі Вера Васільеўна Дрозд. – На зялёным жа запісалі тых, хто дагэтуль у страі”. Самым юным удзельнікам шэсця стаў Яраслаў Абраменка. Васьмігадовы хлопчык трымаў партрэт свайго прадзеда Яўгена Піліпавіча Троцкага, які ў 1942-1944 гадах быў радавым партызанскай брыгады імя Чапаева.
Мінула 75 гадоў пасля вызвалення. І тое, што народ стварыў за гэты час, ляжыць у аснове цяперашняй стабільнасці нашага грамадства, у аснове будучыні краіны. У ёй жыве працавіты народ, выдатная моладзь. Аб гэтым казалі падчас мітынгу старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка і першы сакратар райкама БРСМ Рыта Уладзіміраўна Хрыпель. Яны жадалі ўсім прысутным упэўненасці ва ўласных сілах, плённай працы на карысць нашай любімай Беларусі і Ушаччыны.
Усе ўдзельнікі параду накіраваліся да помніка загінуўшым воінам і партызанам, дзе па традыцыі былі ўскладзены вянок і кветкі.
Асабліва шчымлівым стаў мітынг у Кублічах, дзе пасля капітальнага рамонту адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка на месцы воінскага пахавання. На ім увекавечаны імёны 82 воінаў савецкай арміі і партызан. У гады вайны ў Кублічах размяшчаўся штаб першай партызанскай брыгады імя Суворава, фашысты двойчы спрабавалі сцерці вёску з твару зямлі. На абнаўленне помніка было затрачана 15 тысяч рублёў, а работы выконвала прадпрыемства “Ніксілбуд”. 800 рублёў на справу ўвекавечання пералічыла Надзея Ягораўна Салаўёва з Віцебска: у ліку загінуўшых – яе бацька Ягор Пятровіч Філіпоўскі. Дарэчы, пры рэстаўрацыі абеліска на пліты занесены і дадатковыя прозвішчы, каб не заставалася безыменных магіл і не было забыта ні адно імя.
“Мы прыходзім сюды на кожнае свята, а сёлетнюю знакавую падзею тым больш не маглі прапусціць, – казала жыхарка аграгарадка Алена Паўлаўна Лаўрыновіч і многія іншыя кублічане. – І хоць не ў кожнага ў брацкай магіле пахаваны блізкія, свята захоўваем памяць пра загінуўшых”. Дрыжачай рукой трымала ў руках кветкі, а з вачэй выцірала слёзы ўраджэнка Загуззя Валянціна Аляксандраўна Мялешка. Пасля ж урачыстасці яна разам з сынам Віктарам Пятровічам яшчэ доўга стаяла каля помніка. “Тут пахаваны мой дзед, камісар Іван Раманавіч Булаўскі. Так склалася, што ўсе мужчыны ў нашай сям’і ваявалі. Мама часта прыгадвала, што іх, дзяцей, у бацькоў было пяцёра, цудам засталіся ў жывых: фашысты спалілі хату, не было адзення і ежы… Мы вельмі ўдзячны сельвыканкаму і ўсім выканаўцам рэканструкцыі за гэтую высакародную справу”, – патлумачыў В.П.Мялешка.
Углядваючыся ў твары кублічан, шукаў сярод іх знаёмых Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня – адзіны з усіх ветэранаў, які змог прыняць удзел у свяце. І хоць мала аказалася тых, з кім разам працаваў у саўгасе “Кублічы”, многія падыходзілі, віталіся, казалі добрыя словы.
Для ветэрана гэта свята, сапраўды, са слязамі на вачах. У чарговы раз яго агортваў сум і на “Прарыве” з-за нахлынуўшых успамінаў. Памяць пра тых, хто аддаў жыцці падчас прарыву варожай блакады, усе прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання. Да мемарыяльных пліт ляглі вянкі і кветкі ад кіраўніцтва раёна, працоўных калектываў і грамадзян. Словы ўдзячнасці за магчымасць жыць, любіць, ствараць і працаваць ад імя моладзі выказала ветэранам Валерыя Карэйша з калектыву Ушацкага раёна газазабеспячэння. Эмацыянальнасці мерапрыемству дадалі вакальныя і харэаграфічныя нумары ў выкананні ўшацкіх, полацкіх і віцебскіх артыстаў.
У гэты дзень мемарыял наведвалі не толькі ўшачане. “У раён мы завіталі ў рамках 9-дзённага краязнаўчага паходу, – гавораць настаўнікі і вучні вілейскай гімназіі, – тут раней бывалі, але на “Прарыве” не даводзілася. Вельмі ўражаны велічнасцю помніка і маштабам мерапрыемства. Абавязкова параім прыехаць сюды сваім землякам!”
Тым часам працягвалася свята на вуліцах райцэнтра. Кожны мог пабываць на агляднай экскурсіі над Ушачамі на верталёце, наведаць выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, літаратурную і спартыўную пляцоўкі, прыняць удзел у творчых майстар-класах. Непадробную цікавасць выклікала выстава баявой зброі – каб патрымаць яе ў руках і ўявіць сябе байцом, нават выстраілася чарга. Такая ж атмасфера панавала і на плошчы, дзе з раніцы і да вечара ладзілася выстава тэхнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна. “Адбою няма ад хлопчыкаў і дзяўчынак, якія хочуць сесці за штурвал “Нью Холанда” – усміхаўся малады перадавік “Маяка-Ушацкага” Станіслаў Малахаў. – Для ўсіх з задавальненнем праводзім адмысловую экскурсію”. Смачныя стравы прапаноўвалі гандлёвыя кропкі райспажыўтаварыства, самабытныя падворкі сельскіх устаноў культуры. “Калі галодны, ні да чаго не годны!” – запрашалі да свайго стала абаяльныя прадстаўніцы Селішчанскага сельскага клуба. Арэхаўцы ж зрабілі стаўку на вакал – песні пад гармонік у іх выкананні прымушалі многіх падпяваць і нават прытанцоўваць. Пазнавальнымі былі выставы, якія размясціліся з беларускімі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі і скарбамі айчыннай літаратуры, падрыхтаваныя супрацоўнікамі музея і бібліятэкі. Самыя ж маленькія грамадзяне забаўляліся на атракцыёнах, малявалі. “Нам спадабалася, што ўсё сканцэнтравана ў адным месцы – можна падысці, пазнаёміцца і нават штосьці набыць. Вось табе забавы для дзяцей, своеасаблівы горад майстроў, выставы, акцыі – усё, што пажадаеш. Цёплая, сяброўская абстаноўка!” – падзялілася сваімі ўражаннямі сям’я Малюціных з Оршы, якая прыехала да знаёмых у госці і не змагла абмінуць святочныя мерапрыемствы.
“Якія цудоўныя артысты! Я ўжо знаёма з іх творчасцю, а канцэрт у чарговы раз прайшоў на адным дыханні!” – казала пра выступленне ансамбля песні і танца “Талака” ўшачанка Людміла Рыгораўна Карабань. Многа станоўчых эмоцый падарылі гледачам і творчыя калектывы Ушаччыны.
Скончылася свята традыцыйнай рэспубліканскай патрыятычнай акцыяй “Спяём гімн разам!” і феерверкам, які расквеціў неба над Ушачамі сотнямі рознакаляровых агнёў. І, напэўна, многім у гэты момант падумалася: няхай толькі мірныя залпы гучаць над нашай зямлёй!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ, Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *