На базе Ушачского лесхоза прошёл областной семинар, посвящённый вопросам лесовосстановления и лесоиспользования

Общество

Мала проста пасадзіць лес – трэба яго вырасціць. Менавіта тэме догляду за культурамі з мэтай паляпшэння іх якасці і пераводу ў катэгорыю каштоўных насаджэнняў быў прысвечаны абласны семінар, які ладзіўся на базе Ушацкага лясгаса.

Дзяліцца вопытам і пераймаць штосьці новае ва ўшачан прыехалі спецыялісты Віцебскага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання, і ўсіх рэгіёнаў вобласці. Пасля азнаямлення з вытворчай дзейнасцю ўдзельнікі семінара адправіліся непасрэдна ў лес, каб на справе разгледзець нюансы тэмы. Адразу на некалькіх участках Касарскога лясніцтва яго работнікі прадэманстравалі падрыхтоўку ліставых парод: елкі еўрапейскай 2012-2013 гадоў стварэння да пераводу ў пакрытыя лесам землі. Ішла размова і пра рэканструкцыю. Так, гэта не памылка, у лесе таксама бывае рэканструкцыя… малакаштоўных насаджэнняў. Гэта комплекс мерапрыемстваў па паляпшэнні саставу і структуры насаджэнняў шляхам уводу ў іх каштоўных парод дрэў.

А вось у Плінскім лясніцтве абмяркоўвалі не менш важны этап лесааднаўлення – агратэхнічны догляд за маладымі насаджэннямі з прымяненнем вала Кракоўскага, што прызначаны для выдалення пустазелля, рыхлення, выраўноўвання глебы.

Пабывалі ўдзельнікі семінара і ў месцы, дзе нараджаюцца дрэвы – лесагадавальніку. Тут яны агледзелі цяпліцы для вырошчвання пасадачнага матэрыялу і чаранкавання, пасяўныя і школьныя аддзяленні, а таксама дэкаратыўныя расліны. Не абмінулі і дэндрапарк на тэрыторыі Ушацкага лясніцтва. Прадстаўнікі многіх раёнаў былі ўражаны як відавым напаўненнем, так і альтанкамі, лавачкамі, штучнымі вадаёмамі. Як адзначыў галоўны ляснічы Віцебскага ДВЛГА Я.Філіпаў, у апошнія гады ў лясной галіне Беларусі актыўна рэалізуецца праграма па стварэнні ў кожным лясгасе дэндрапаркаў, а ў кожным лясніцтве – міні-дэндрапаркаў – калекцый іглічных і ліставых драўняных раслін. І ўшацкі дэндрапарк у гэтым плане – дастойны прыклад. Пасля падвядзення вынікаў сустрэчы ўдзельнікі семінара папоўнілі тэрыторыю парка новымі насаджэннямі.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *