В любую погоду торопится к своим пожилым подопечным соцработник Зоя Казачонок

Экономика и малый бизнес

Прафесія сацыяльнага работніка вучыць цярплівасці, падпітвае мудрасцю. Толькі ўявіце, што некалькі разоў на дзень трэба прыбраць у доме, збегаць у магазін, прынесці вады, прыгатаваць ежу. А яшчэ прайсці пешшу ці праехаць на веласіпедзе некалькі кіламетраў у любое надвор’е. Пры гэтым быць уважлівым, спакойным, добразычлівым…

Пайшоў ужо дзевятнаццаты год, як ураджэнка Рагозіна, а зараз жыхарка Царкавішча Зоя Васільеўна Казачонак спяшаецца да сваіх падапечных пенсіянераў – іх на абслугоўванні васьмёра. Графік для кожнага свой, у залежнасці ад узросту і стану зда­роўя. І калі наведаць аднавяскоўцаў не праблема, то дабірацца ў Замошша, каля 10 кіламетраў, даводзіцца амаль экстрэмальнымі спосабамі.

– Праз лес атрымліваецца бліжэй, у цёплую пару пераадольваю гэты шлях на веласіпедзе, – расказвае жанчына. – Бывае страшнавата, паколькі добра не ведаю масіву, ды і бадзяжныя сабакі час ад часу сустракаюцца. Узімку ж, калі ўсе сцяжыны завеяны, да адзінага ў населеным пункце падапечнага на трактары падвозіць муж.

У ТЦСАН Ушацкага раёна З.В.Казачонак прыйшла ў 24-гадовым узросце, паспеўшы папрацаваць даяркай у мясцовай гаспадарцы. Новая спецыфіка работы праблемай не стала, ладзіць з прадстаўнікамі сталага пакалення Зоі Васільеўне дапамагае яе лагодны характар.

– Мне ўсе падапечныя як родныя. Калі некага часова забіраюць дзеці, вельмі сумую, – кажа сацыяльны работнік. – Падчас пастаянных зносін вывучаю прыхільнасці кожнага. Ведаю, хто які хлеб любіць, каму якія лекі дапамагаюць. Вось зараз да аднавяскоўкі пабягу: яна палец парэзала – трэба мазь календулы занесці. У мяне ў дамашняя аптэчцы заўсёды ўсё напагатове. А калі з маімі бабулямі і дзядулямі здараецца нешта сур’ёзнае, спяшаюся да іх, чакаю прыезду “хуткай”.

Для сваіх падапечных Зоя Васільеўна не проста памочніца ў бытавых клопатах. Яна крыніца інфармацыі, сувязь са знешнім светам, малодшая сяброўка ці яшчэ адна дачка. У кожным доме сацработнік праводзіць мінімум дзве гадзіны. Пакуль выконвае службовыя абавязкі, у яе цікавяцца навінамі, дзеляцца кулінарнымі рэцэптамі, успамінаюць мінулае, даюць слушныя парады.

– З пажылымі людзьмі часам бывае нялёгка: яны вельмі ранімыя, чуллівыя, безабаронныя, як дзеці, – кажа гераіня нашага аповеду. – Але ў мяне ні разу не ўзнікала жадання змяніць прафесію. Прыкіпела да падапечных душой, жыву іх клопатамі, трывогамі і радасцямі.

Пасля працоўнага дня З.В.Казачонак чакаюць дамашнія справы. Ва ўласнай гаспадарцы – карова і куры, трэба дапамагчы і свекрыві, якая трымае парсючкоў. Летам дадаюцца клопаты на агародзе і сенажаці.

Вольнага часу ў сацыяльнага работніка і вясковай жанчыны няшмат. Прысвячае яго любімым людзям: мужу і маленькай дачушцы. Ад іх чэрпае пазітыў, запас якога асабліва неабходны ў прафесіі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *