«Чупакаброй» оказался…енот! В Гущинской Слободке поймали необычное животное

Общество

Вечарам панядзелка да нас патэлефанавалі з Гушчынскай Слабодкі: “У суседа ў двары нейкі дзіўны звер паляваў на курэй. Сяргей яго паленам прыбіў, а зараз не можам вызначыць, што за жывёліна! Такога дзіва ніхто ніколі не бачыў: пярэднія лапы кароткія, заднія доўгія, сам гарбаты, а хвост доўгі і голы, нібы ў пацука – нейкая чупакабра! Прыязджайце, калі зацікавіла!”. Зацікавіла, і ўчора раніцай мы накіраваліся ў прыгаданую аддаленую вёску.

Канечне, стаць адкрывальнікамі новага біялагічнага віду або сведкамі здабычы міфічнай чупакабры не спадзяваліся, але захацелася зірнуць на дзіўнага звера, якога нават старажылы не змаглі распазнаць. Каб даехаць да Гушчынскай Слабодкі, у прамым сэнсе прыйшлося пракладаць сабе шлях – над дарогай, абочыны якой моцна зараслі, нахілілася дрэва, і каб прабіцца на “Ніве”, давялося ламаць вецце. Саму вёску таксама апанавала кустоўе і жывёлы ў наваколлі хапае. Напрыклад, у мінулым годзе мясцовы жыхар Мікалай Андрэевіч Русецкі сутыкнуўся ў малінніку з мядзведзем! Абышлося без наступстваў для абодвух: “Проста разбегліся!” – расказвае сын пенсіянера Мікалай Мікалаевіч, які прыехаў на выхадныя з горада – ён нам напярэдадні і тэлефанаваў.

– Наведваюся да бацькоў часта. Тата і маці таксама яшчэ курэй трымаюць, дык бацька і казаў, што тыдні два таму запрыкмеціў ля хаты нейкую дзіўную істоту, якая хутка схавалася ў кустоўі. Мабыць гэта яе сусед і “ўпаляваў”.

Шчыра скажу, такога звера таксама не чакаў убачыць (на фота). Памерам з невялікага сабаку або лісу – і на гэтым падабенства заканчваецца! Але калі паказалі здымкі спецыялістам, то сенсацыі ўсё ж не атрымалася.

– Гэта янот, – вызначыла начальнік райветстанцыі Вольга Расціславаўна Сінякова. – Кажу з упэўненасцю, бо з такой жа “чупакабрай” не так даўно сутыкаліся ў Бычках ра­зам з паляўнічымі. Ужо немаладая асобіна і да таго ж хворая на лішай – з-за яго практычна поўнасцю адсутнічае поўсць на целе і янот мае такі непрыгожы выгляд. Да жылля людзей жывёлу, калі яна не шалёная, цягне ў першую чаргу голад. Яноты ў такую пару года актыўна нагульваюцца перад зімоўкай. А гэты з-за ўзросту і хваробы хутчэй за ўсё не мог паляваць у натуральных умовах, таму і накіраваўся зрабіць гэта ў загарадцы з курамі, дзе за нядобрыя намеры і быў пакараны.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *