Сто нюансов наследства. На вопросы наших читателей отвечает нотариус

Правовая консультация

Апошняе тэлефанаванне “на прамую лінію” з натарыусам Жаннай Леанідаўнай Каваленка паступіла ўжо пазней вызначанай гадзіны. “Ледзь дазваніўся”, – раздаўся задаволены голас. І сапраўды, ушачане як заўсёды актыўна карысталіся магчымасцю атрымаць бясплатную юрыдычную кансультацыю, якая не будзе лішняй для ўсіх нашых чытачоў.

Маці памерла ў 2009 годзе, я аформіў спадчыну, хоць дом і не зарэгістраваў на сябе. Цяпер там жыве брат, а я аплачваю падаткі на зямлю і нерухомасць. Ці магу адмовіцца ад спадчыны?

– Не, гэта магчыма толькі на працягу 6 месяцаў пасля смерці спадчынадаўцы. Зараз жа параю Вам усё ж зарэгістраваць на сябе дом і падарыць брату.

Муж даўно памер, калі сыну было толькі 8 гадоў. Свёкраў дом сёстры і браты мужа аформілі на сябе, хаця раней ён быў падараваны адной з дачок. Ці можа прэтэндаваць на частку дома мой сын?

– Не, ён з’яўляўся б спадчыннікам па законе – яму б належала частка памерлага бацькі – Вашага мужа, аднак толькі ў тым выпадку, калі не было завяшчання і тым больш дарэння. Гэтыя акты – пажыццёвая воля ўласнікаў, і калі ў іх не ўказаны Ваш сын, значыць права на частку дома не мае. Ён можа звярнуцца ў пракуратуру, калі лічыць, што парушаны яго правы .

– З мужам, які нядаўна памёр, знаходзіліся ў шлюбе з 1997 года, і да яго заключэння ён зрабіў першы ўзнос у жыллёва-будаўнічы кааператыў, астатнюю суму гасілі сумесна. На што можа прэтэндаваць яго дачка ад першага шлюбу?

– У Вашай сітуацыі абавязкова трэба выдзеліць долю мужа і Вашу. Мужава, канечне, будзе большай і падзеліцца паміж Вамі і дачкой ад першага шлюбу, Ваша доля застанецца Вам.

Прадалі дом з растэрміноўкай плацяжу, што было заверана дагаворам у бюро тэхнічнай інвентарызацыі. Купец аднак ужо некалькі месяцаў не плаціць. Ці можна аформіць на яго натарыяльны надпіс і спаганяць доўг праз судовага выканаўцу?

– Не. Гэта было б магчыма, калі б дагавор куплі-продажу быў засведчаны натарыяльна, а не ў органах рэгістрацыі нерухомасці.

Памёр бацька, мы з сястрой жывём далёка. Як больш правільна паступіць, каб пажылой маці не давялося хадзіць па інстанцыях. Ці можна наогул нічога не рабіць, паколькі яна прапісана ў прыватызаванай кватэры?

– Маці абавязкова давядзецца пераафармляць кватэру на сябе, каб не паўстала пытанняў са службамі і аплатай, таму на працягу 6 месяцаў ёй неабходна звярнуцца да натарыуса. Вам з сястрой мы паведамім аб праве на спадчыну. Калі вы не пададзіце заяў, гэта будзе расцэнена як яе непрыняцце і яна дастанецца толькі Вашай маці.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *