Праздник деревни в Белом получился интересным путешествием

Год малой родины

Свята любой вёскі пачынаецца з экскурсу ў гісторыю, звычайна з тых небагатых звестак, што захоўвае кніга “Памяць”. У Белым ён таксама быў, але праз экскурсіі па кутках аграсядзібы “Рыбакова хата”. Яе гаспадыня Ірына Фёдараўна Навагродская падрыхтавала пад адкрытым небам некалькі экспазіцый, якія прысвячаліся розным перыядам развіцця вёскі. Аднак аб’ядноўвала іх адраснасць кожнай рэчы. Дэманструючы ступу, вышыванку ці чарнільніцу, яна прыгадвала таго чалавека, каму яны належалі. І гэта рабіла абстаноўку дамашняй – сустрэчай добрых знаёмых, хоць многія не бачыліся дзесяцігоддзямі і з цяжкасцю пазнавалі адзін аднаго. Ну а для калектыву “Муза”, які амаль поўным саставам прыехаў падтрымаць Ірыну Фёдараўну – проста цікавым падарожжам, вяртаннем у дзяцінства і маладосць.

Дзедаў скарб

“Хто скажа, што гэта?” – задавала ўдзельнікам свята вершаваныя загадкі гаспадыня “Рыбаковай хаты” І.Ф.Навагродская, а потым тлумачыла: “Канечне, люлька, а належала яна Ларысе Францаўне Спірыдовіч са Старынкі. Па жанчыне нядаўна адзначылі саракавіны, няма ўжо нікога з тых, хто гушкаў у ёй малых, а рэч захавала энергетыку тых часоў, расказвае пра побыт нашых продкаў. Як і гэты куфар – пасаг Наталлі Іванаўны Галай. Розных памераў былі скрыні, адны можна было ўзяць у руку, на вялікіх нават спалі, аднак берагліся любыя – сапраўдны скарб для сялянскай сям’і. А вось цэгла з графскіх пабудоў з заводскім кляймом. Каромыслы, калаўроты як з Белага, так і навакольных вёсак, і самыя дарагія мае рэчы – маслабойка і лучынніца. Каштоўных металаў у іх няма, простыя, драўляныя, а дарагія тым, што з гарышча дзедавага дома”.

Гляк, гладышы… Тут вельмі багата ганчарных рэчаў, рукадзелля жанчын, аднак гаспадыня аб’екта агратурызму заклікала прыносіць усё, што не трэба, паколькі мае намер зрабіць сядзібу этнаграфічным музеем бельскага боку. Пра які і будзе расказваць вось так, у асобах, з цікавымі гісторыямі іх уладальнікаў. Прычым не толькі Белага, але і навакольных Немірова і Шасцярнёў, дзе жывуць Васіль Васільевіч Бондал і сям’я Галінскіх – адзіныя прадстаўнікі, якія трымаюць свае вёскі. З ужо пустуючых Губінкі і Вялічкаўцаў. І неіснуючай Старынкі.

Цягнік у СССР

Калі на экспазіцыі “Матчыны рукі” ўдзельнікі больш слухалі, то вось у “Школьным рэху” ажывіліся. “Менавіта па такіх падручніках мы вучыліся ў шасцідзясятых, а чарнільніца – не вучнёўская, а настаўніцкая ці дырэктарская. У карычневай форме з белым фартухом хадзілі ў святочныя дні ў школу ўсе прысутныя “дзяўчаты”. Пад навесам сядзібы размясціўся “Цягнік у СССР” – з рэчамі той эпохі, не толькі школьнымі, – блізкімі кожнаму з прысутных.

Для Тамары Ільінічны Галай – асабліва. Яна трымала ў руках партфель, з якім прыходзіла на ўрокі ў Бельскую школу, чамадан, з якім ездзіла на сесіі падчас завочнай вучобы. Яна расказала пра дырэктара-франтавіка Міхаіла Міхайлавіча Асіпёнка, пра іх гонар, ураджэнку Немірова, кандыдата філалагічных навук Ірыну Васільеўну Бондал. А таксама пра тое, што ў 1974 зачынілі спачатку васьмігадовую, а потым і пачатковую школы.

Многа маладых настаўніц знайшло тут сваіх суджаных, як і Кацярына Мікалаеўна Яршова. Калі яна прыехала па размеркаванні, у вёсцы яшчэ не было святла, а вось у яе пачатковым класе вучылася 22 чалавекі. Матэматыку выкладала Надзея Васільеўна Каваленка, на свяце прысутнічала яе дачка Вера Пятроўна, былы першы сакратар райкама камсамола. Яе маці, а таксама іншым старажылам вёскі, ветэранам жывёлагадоўлі Любові Сцяпанаўне Корсак і Соф’і Іванаўне Дзямешка Ірына Фёдараўна падрыхтавала маленькія падарункі.

Вотчына не прадаецца

На свяце ж прысутнічалі маладзейшыя жыхары. Канечне, старэйшына вёскі, былая перадавая даярка Зінаіда Аляксандраўна Рубіс. У Белым некалі было ажно дзве фермы – кароўнік на 200 галоў і цялятнік, а сама вёска з’яўлялася цэнтрам калгаса “Чырвоны Усход”. Зараз тут зусім нямнога працаздольных. Анатоль Мікалаевіч і Зоя Валер’еўна Севярын – сацыяльныя работнікі, як і Уладзімір Уладзіміравіч Дзямешка.

Ён і Наталля Дзмітрыеўна Барысёнак, якая працуе прадаўцом у Мосарскім магазіне, выхоўваюць дачку – адзіную ў вёсцы школьніцу. Наталля Мікалаеўна і Васіль Васільевіч Мягель да пенсіі працавалі ў сістэме гандлю і сельскай гаспадарцы, як і былы трактарыст Пётр Мікалаевіч і цялятніца Вольга Адамаўна Севярын.

На лета ў Белае прыязджае шмат дачнікаў – пераважна ўраджэнцаў вёскі, якія не прадалі бацькоўскі дом, а праводзяць тут большасць часу. Падтрымліваюць яго ў гэтым маляўнічым куточку Тамара Пятроўна Карабань, Надзея Міхайлаўна Мягіль і Кацярына Яўгенаўна Дакшаніна з Мінска, прыязджае з Расіі Галіна Якаўлеўна Галай, а яе сястра Таццяна Якаўлеўна ўжо перабралася на пастаяннае месца жыхарства. У Цэнтры – так называюць частку вёскі, дзе былі школа, магазін, кантора – пражывае ўлетку Тамара Фёдараўна Жыжова, дачка былога франтавіка Фёдара Васільевіча Каваленкі. І.Ф.Навагродская назвала таксама Дзмітрыя Іванавіча Дзямешку і іншых ветэранаў Вялікай Айчыннай, якіх ужо няма ў жывых, і заклікала бяльчан зрабіць фотаздымкі, каб быў свой “Бессмяротны полк”. На летнік падчас водпускаў прыязджаюць Наталля Гуськова і Жанна Бяляева. Усёй сям’ёй была Святлана Пятроўна Дземчанка. На сцяне “Рыбаковай хаты” вісіць вышыўка яе свекрыві Антаніны Мельнікавай, якая прыехала сюды з Чачні.

Стварылі свята “музаўцы”

З асаблівай адказнасцю збіралася ў Белае рэжысёр народнага клуба “Муза” Людміла Васільеўна Смыслова. Ехала на малую радзіму, паколькі вучылася ў Мосарскай школе, у якой выкладаў матэматыку яе бацька. Яна тут ведала многіх, і яе – усе. Таму і падабралі разам з кіраўніком клуба Наталляй Міхайлаўнай Каваленкай лепшыя нумары. Гэта песня “Сцяжыначка”, заваяваўшая на апошнім фестывалі “Песні сунічных бароў” у Лёзна гран-пры. Перад бяльчанамі адбыліся нават прэм’еры: песні “Абеліскі” на словы Валерыі Міхно і музыку Святланы Мушы, якую яна акапэльна выканала, і апошняй байкі Тамары Барадзёнак. І.Навагродская чытала шмат сваіх вершаў, патрыятычных, пра бацькаўшчыну, дзякуючы якім сёлета стала пераможцам спачатку раённага, а потым і абласнога конкурсу ў Лёзне.

Свята вёскі было вельмі змястоўным, з прадуманым сцэнарыем, які пісала загадчык Мосарскай бібліятэкі Ніна Пятроўна Рубанік. Яна захоўвае выразкі з “Патрыёта” і іншых выданняў, дзе прыгадваецца пра бяльчан – усё гэта знайшло адлюстраванне на спецыяльнай выставе. А дзякуючы ўдзелу “Музы” і супрацоўнікаў РДК мерапрыемства атрымалася вельмі яркім і душэўным. Выступленні Галіны Данілёнак, Вольгі Жукавай, Людмілы і Сяргея Мядзведзевых і іншых прафесіяналаў разварушылі бяльчан, адкрылі духоўны мір гэтых людзей. Тамара Галай, Святлана Дземчанка не адзін раз спантанна выходзілі на імправізаваную сцэну і чыталі свае, а таксама любімыя радкі вядомых паэтаў. Канечне Н.М.Каваленка запрасіла ўсіх у “Музу”. Да позняга вечара працягвалася свята бяльчан. “Не памятаю, калі я адчувала сябе такой шчаслівай”, – дзякавала арганізатарам самая старэйшая з удзельнікаў К.М.Яршова. А сакрэт просты – кожнаму з сяльчан надавалася шчырая ўвага. Загадаўшы жаданні, яны павязалі сімвалічныя стужкі на векавой алеі графа Забэлы. Сядзелі пад сенню яблыні, магчыма яшчэ той, што прышчэпліваў графскі садоўнік Людвіг Кулінус. Яны былі дома, у сучасным і ў былым адначасова.

Вужака, белы клён і лебедзь

Гадоў сем таму на Мосаршчыне не было ні змей, ні вужоў. Гэта не байка, а факт, які не паддаецца логіцы і таму даводзіцца верыць у існуючае тут паданне. У пажылога пана-удаўца падчас прагулкі сямнаццацігадовую дачку ўкусіла вужака. Дзяўчына памерла. У вялікай скрусе бацька пусціўся ў падарожжа па свеце. І, вярнуўшыся, прывёз белы канадскі клён, як сімвал вэлюму (фаты), у якім і была пахавана незамужняя дачка. Вінаграднымі смаўжамі яго частавалі ў багатых дамах, і ён завёз іх на Радзіму, каб зрабіць замежны далікатэс даступным для беларускіх сялян. А таксама адшукаў знахарку, якая замовіла, каб у Белым і наваколлі 100 гадоў не было вужак.

Вінаградныя смаўжы хоць і не палюбіліся, аднак распаўзліся па ўсім раёне. І няма падстаў сумнявацца ў іншых бельскіх легендах. Напрыклад, пра лебедзя, што прыносіў шчасце, калі яго сустракалі. Рыбакі вярталіся дамоў з багатым уловам. А аднойчы мнагадзетны вясковец нават падняў са дна возера залаты кубак.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *