Больше чем просто водитель. 8 лет спешит на помощь людям Егор Азевич

Экономика и малый бизнес

Няпісанае шафёрскае правіла – лепш аб’ехаць 100 кіламетраў па добрай дарозе, чым “паўзці” 10 па дрэннай – у рабоце Я.В.Азевіча не дзейнічае. Маршрут руху, як правіла, мужчыну даводзіцца выбіраць самы кароткі і мацней ціснуць на газ, нягледзячы на дарожныя недасканаласці.

Ягор Віктаравіч – вадзіцель аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Ушацкай цэнтральнай райбальніцы. Як ні пафасна гэта гучыць, але ад яго спрыту і майстэрства часам залежыць чалавечае жыццё. Адсюль – каласальны груз адказнасці.

У працоўнай кніжцы ўраджэнца Глінішча запісаў некалькі, аднак радніць іх нязменная прафесія – вадзіцель. Як і ўсе вясковыя хлапчукі, малым ён любіў зай­мацца з рознымі агрэгатамі і механізмамі. Напэўна тады і прачнулася любоў да машын…

Шмат гадоў калясіў Я.В.Азевіч па ўхабістых дарогах, працуючы шафёрам райпаліўзбыта і ПУП “Ляснеўшчына”. У райбальніцу ж прыйшоў 12 гадоў таму, а “хуткай” кіруе 8. Прычым, не толькі выязджае па выкліках, а з’яўляецца галоўным памочнікам фельчара – цяпер гэта Ю.А.Паршонак.

– Калі пералічваць усё, што давялося пабачыць, наўрад хопіць газетнага нумара, – кажа мужчына. – Але больш за ўсё ўразаюцца ў памяць трагічныя выпадкі. Напэўна, многія памятаюць аварыю з маршрутным таксі ў Сарочыне. Я быў на дзяжурстве і першым прыехаў на месца. Мароз мінус 30, а на дарозе, нібы рыбы на патэльні, курчацца ад болю акрываўленыя людзі. Іх ціхае “Дапамажыце!” як страшны сон прыгадваю і зараз. А трэба было хутка і пры гэтым вельмі акуратна загрузіць самых “цяжкіх” у машыну – везлі па трое – і імчаць у бальніцу, каб потым зрабіць яшчэ рэйс. Даставілі ўсіх жывымі. Другой брыгадзе пашчасціла менш: малады чалавек на сваіх нагах зайшоў у “хуткую” – відаць, знаходзіўся ў стане шоку, аднак да бальніцы не даехаў…

У машыне Я.В.Азевіча за гады работы ўвогуле не было смяротных выпадкаў, таму самі медыкі і пацыенты лічаць яе ў пэўным сэнсе шчаслівай. Паспяваў Ягор Віктаравіч своечасова давезці і шматлікіх парадзіх да радзільнага дома.

– Неяк еду ўжо па Полацку, фельчар падганяе – маўляў, вось-вось малыш пачне з’яўляцца на свет, а наш УАЗ на перакрыжаванні іншыя машыны не прапускаюць, на ўключаную сірэну не рэагуюць, – расказвае субяседнік. – Нічога не заставалася, як узяць гучнагаварыцель і злосна назваць з указаннем нумароў аўто парушальнікаў. Шлях імгненна быў адкрыты.

З рознымі выпрабаваннямі герой нашага аповеду сустракаецца штодня. Так, напрыклад, з-за непагадзі не заўсёды можна даехаць у аддаленыя вёсачкі раёна. Неяк зімой у адзінай жыхаркі Пеннай Нівы здарыўся сардэчны прыступ. Па дарозе да яе машына завязла ў гурбах – давялося звярнуцца да выратавальнікаў, якія і пацыентку медыкам прывезлі, і іх машыну выцягнулі са снежнага палону.

За 12 гадзін дзяжурства ў брыгады “хуткай” бывае ў сярэднім па 6-8 выклікаў. Вось і ў дзень, калі збіраліся сустрэцца з Ягорам Віктаравічам, выкраіць хвілінку для нас вадзіцелю было няпроста: спачатку разбалелася сэрца ў жанчыны з Касароў, а потым адразу ў кубліцкі бок паехаў. Між тым такая занятасць Я.В.Азевічу даспадобы, кажа, што адчувае сваё дачыненне да выздараўлення людзей.

Вопытны вадзіцель не толькі ўмела кіруе транспартам, але і па-майстэрску валодае слясарнай справай. Замацаваны за ім УАЗ, хоць і мае ўжо немалы “ўзрост”, ні разу не ламаўся ў дарозе. Сакрэт – у належным доглядзе і прафілактычным рамонце. Апошні, дарэчы, Ягор Віктаравіч праводзіць у вольны ад работы час.

Гэты чалавек адразу выклікае да сябе прыхільнасць: камунікабельны, адкрыты, а яшчэ добры сем’янін (дарэчы, медыцынскай сястрой у бальніцы працуе яго жонка Святлана Фёдараўна Лемеш), гаспадар і працаголік. Такую характарыстыку вадзіцель даказвае справамі. Вось і нядаўна ён адзначаны Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама.

– Працую ў самым лепшым калектыве! – зазначае мужчына. – Галоўны ўрач С.А.Маісееў дбае пра мадэрнізацыю ўстановы – у нашым аддзяленні, у прыватнасці, абсталяваны ўтульны пакой для адпачынку. Забяспечанасць аўтапарка запчасткамі – клопат механіка У.Я.Пальчэха. Ну а работнікі аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі на чале з М.Г.Харэвіч – сапраўдная сям’я для мяне.

Часта можна пачуць, што людзі, якія працуюць у медыцыне, валодаюць халодным розумам. Калі размова ідзе аб жыцці чалавека – гэта так. А ў астатнім яны надзвычай пазітыўныя, шчырыя людзі. І Ягор Віктаравіч – яркі таму прыклад.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *