Главное — «погода» в доме. Каждую неделю на Ушаччине проводятся рейды в рамках акции «Семья без насилия»

Общество

Жнівеньскі вечар. Спякота ўрэшце адступіла, дыхалася лягчэй. Чарговы рэйд па праблемных адрасах у рамках акцыі “Сям’я без насілля” аказаўся ў чымсьці сугучным са зменамі ў надвор’і. Там таксама паболела станоўчага. Намаганні шматлікіх службаў недарэмныя, асобныя сем’і ў хуткім часе можна здымаць з кантролю.

Разам з супрацоўнікамі інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі, сацыяльна-педагагічнага цэнтра спыняемся ля дома, дзе жывуць Івановы (прозвішчы ва ўсіх выпадках зменены). У двары сустракаем галаву сям’і, які выйшаў па гаспадарчых клопатах. “Прайсці ўнутр дазволіце?” – пытаемся з асцярогай, памятаючы ранейшую “разруху” ў памяшканнях, якая да таго ж пагражала бяспецы. “Ніякіх праблем! Многае выправілі”, – запэўнівае мужчына. І не падманвае! Старую праводку тут замянілі, прытопачны ліст ля печы замацавалі, ды і парадак больш-менш прыстойны навялі. “А гэта наш халадзільнік!” – з гонарам дэманструе нядаўнюю пакупку гаспадар. І па яго вачах бачна: новым “распарадкам” у сям’і ён задаволены. Застаецца высветліць, ці раздзяляе гэта з мужчынам яго суджаная. На выхаванні ў Івановых адно малое дзіця, хутка з’явіцца другое.

Яшчэ адзін адрас – і зноў дастаткова аптымістычная карціна. У ранейшыя часы муж і жонка Пятровы нярэдка дазвалялі сабе пусціцца ў запой, забываючы пра непаўналетняга сына. Цяпер сітуацыя, здаецца, стабілізавалася: “пад градусам” гэтых ушачан не бачна, галава сям’і афіцыйна працуе, жанчына збірае на здачу ягады, грыбы. І ўсё ж зацікаўленым службам будзе спакайней, калі 16-гадовы хлопец, які сёлета стаў студэнтам, паедзе на вучобу ў Лепель.

Яшчэ адзін дом – і ўласна маё здзіўленне: “Мы не памыліліся?” Прыгожы, дагледжаны будынак, яркія кветнікі вакол, дарагая агароджа… Пра гаспадароў такіх сядзіб пішам у газеце звычайна ў разрэзе дасягненняў, нядобранадзейных бацькоў у іх ліку дагэтуль не было. Усе кропкі над “і” дапамагае расставіць прывабная жанчына, што сустракае нас на парозе: “А дачкі з унучкай няма, пайшлі некуды. Жывуць пакуль у мяне, вось іх пакой, адзенне, цацкі…” Аказваецца, маладая дзяўчына, якая адна выхоўвае дачку, некалькі месяцаў таму засвяцілася на п’янцы, ну а каб не паўтарыць такога, часова перабралася да бацькоў, дзе ёсць і падтрымка, і дадатковы кантроль. Між тым, здымаць Сідаравых з уліку пакуль не будуць: трэба паназіраць за сітуацыяй, калі яны ў верасні вернуцца ў родныя пенаты.

У дзень нашага рэйду наведана яшчэ сем адрасоў – ва Ушачах, Ліпаўцы, Стараселлі, Лутаве і іншых населеных пунктах. Не ведаю, як унутры, а звонку пытанні да бацькоў непаўналетніх яўна былі. Гэта і гнілыя аконныя рамы, зацягнутыя плёнкай, і развалены, а значыць небяспечны парог, і зарослыя крапівой падворкі. На жаль, сустрэцца з гаспадарамі не ўсюды атрымалася: іх проста не было па месцы жыхарства. Выпадковасць ці ўсё ж хованкі? Напэўна апошняе, таму, дзеля большага эфекту, графік правядзення падобных мерапрыемстваў, да якога многія маглі прывыкнуць, можна было б перагледзець.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *