В Миорах прошёл областной фестиваль-ярмарка тружеников села «Дожинки — 2026»

Главное Сельское хозяйство

Фестываль-кірмаш “Дажынкі-2026”! Шматлікія дэлегацыі з усіх раёнаў Віцебскай вобласці сабраліся 17 кастрычніка ў Міёрах – паўночны рэгіён завяршаў чараду галоўнага свята хлебаробаў краіны – падводзіў вынікі і ўручаў заслужаныя ўзнагароды перадавікам жніва.

Аднак не толькі ўдзельнікі ўборачнай кампаніі падымаліся сёлета на сцэну. “Дажынкі” ўжо 30 год адзначаюцца так ўрачыста, як ніводнае прафесійнае, бо аб’ядноўваюць людзей самых розных спецыяльнасцяў, якія працуюць над галоўным – харчовай бяспекай краіны. Вось і ў вельмі прадстаўнічай дэлегацыі Ушаччыны на чале са старшынёй райвыканкама Сяргеем Шамовічам сёлета поплеч з камбайнерамі і вадзіцелямі былі аператары зернетакоў, даяркі і даглядчыкі, ветурачы і бухгалтары.

Павінны быць у тройцы лідараў
“Для нас сёлетні год – гістарычны. Віцебская вобласць атрымала рэкордныя паказчыкі па надоях, прывагах і ўраджайнасці рапсу, мы збяром 1 мільён 200 тысяч тон зерня”, – віншуючы са святам аграрыяў, адзначыў кіраўнік вобласці Аляксандр Рагожнік. Ён падзякаваў за небывалую падтрымку, аказаную сёлета аграрыям, Прэзідэнту краіны Аляксандру Лукашэнку і падкрэсліў, што ў нас ёсць усё, каб трапіць у тройку лідараў па рэспубліцы.
Мы б і былі ў ёй, калі б не прыродныя асаблівасці Прыдзвіння. Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Сергяенка, намеснік Главы Адміністрацыі Прэзідэнта РБ Уладзімір Пярцоў, як і літаральна ўсе выступаючыя на галоўнай сцэне фестывалю, адзначалі асаблівы прафесіяналізм аграрыяў Віцебшчыны, якія нават ва ўмовах рызыкоўнага земляробства ўмеюць расціць хлеб. !
Першае месца па намалоце (127 тысяч тон) заняў Аршанскі раён, другое – Віцебскі, трэцяе – Докшыцкі. Апошні і пераняў эстафету ў Міёршчыны на правядзенне “Дажынак-2027”.

“Палессі”, “Джылі” і касілкі
Прама ля галоўнай сцэны стаялі аўтамабілі з таблічкай “Падарунак”. Яны прызначаліся галоўным віноўнікам урачыстасці. На новенькай “Джылі” вяртаўся дамоў абсалютны лідар па намалоце, а сярод прадпрыемстваў, што атрымалі новую тэхніку, аказалася і наша ААТ ”Ільюшынскі”. Галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Белагрыўцаў пракаменціраваў, што невялікая па памеры новая касілка “Амкадора” выдатна падыдзе для навядзення парадку на зямлі.
Асабліва ўзнёслы настрой быў у прадстаўніка гэтага прадпрыемства Анатоля Усовіка – павіншаваць з атрыманнем Ганаровай граматы абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні сабраліся яго самыя блізкія родныя. Улетку бачыліся рэдка – ветэран працы хоць і выйшаў на заслужаны адпачынак, аднак увесь цёплы сезон зноў правёў на палетках.

Затое зараз разам з унучкай і дачкой, якая жыве ў Міёрах, гуляў па святочным горадзе.

Узнагарод ва ўшачан сёлета аказалася больш, чым у папярэднія “Дажынкі”. На галоўнай сцэне Ганаровую грамату Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання атрымаў кіраўнік КУСГП “Вялікадолецкае” Антон Сафонаў, Падзяку старшыні Віцебскага аблвыканкама – механізатар гэтай гаспадаркі Сяргей Філімонаў, а яго калега Сяргей Вусько вяртаўся ў Малыя Дольцы з трохярусным чамаданам. Сапраўднаму гаспадару – а ён такі і на грамадскіх, і на ўласных палетках, дарэчы будзе набор інструментаў ад Ціраспальскай ПМК. Шыкоўныя падарункі для аграрыяў падрыхтавалі практычна ўсе прамысловыя прадпрыемствы рэспублікі: былі і трактары апошніх узораў, і вагоны мінеральных угнаенняў, і сертыфікаты на значныя сумы.

Павянчаныя з зямлёй
Так, сертыфікат на 3000 рублёў ад “Бабруйскаграмаша” атрымаў Анатоль Спірыдзёнак з “Ільюшынскага”. Неаднаразовы тысячнік па намалотах сёлета не ўбіраў ураджай, а закладваў яго падмурак. І ў святочны дзень – таксама. Каб не замаруджваць сяўбу азімага жыта, ён застаўся ў гаспадарцы і ўнёс угнаенняў на плошчы ў 40 гектараў. У “Ільюшынскім” кажуць – такіх механізатараў няма кім замяніць. Іх называюць прафесіяналамі ад Бога, а правільней, напэўна, ад зямлі, з якой “павянчаныя” і якой не могуць здрадзіць, як Васіль Калітуха з гэтай жа гаспадаркі ці Мікалай Яловік і Аляксандр Лабань з “Сафійскіх дароў”. Апошні вадзіцель – самы ўзроставы прадстаўнік дэлегацыі, размяняў сёлета восьмы дзясятак, а на “Дажынках” – упершыню, бо пераважная большасць работнікаў працуе і ў гэты дзень.

Ды і ў дарозе да Міёр усе гаварылі пераважна пра працу. “Гурамі Гівіевіч кліча на работу ўжо ў пачатку сакавіка. Ведае, што ў выхадны люблю рыбачыць, і паведамляе, што ўведзена забарона”, – расказваў Юрый Юркевіч. І як толькі заканчваецца ацяпляльны сезон, машыніста кацельні не трэба ўгаворваць дапамагчы аграрыям. Ён лічыць сябе адным з іх, шчыра любіць уборачную, і ці дзіўна, што яго сын-школьнік, марыць толькі пра трактар. Камунгасаўцы Васіль Качан, Артур Ігнатовіч таксама палову года праводзяць у “Сафійскіх дарах”.
“На тэлефоне” падчас свята была і брыгадзір “Вялікадолецкага” Алена Бельская. Яна прыехала са сваімі лепшымі работнікамі Алёнай і Васілём Мошчанка і хвалявалася, як на ферме ў Селішчы прайшла дойка. “На ўдалёнцы” кіраваў працэсам і яе калега – брыгадзір комплексу “Завячэлле” Андрэй Літвін. А ўжо назаўтра, у нядзелю, працоўным дзень аказаўся для механізатараў Антона Коўшаля і Аляксандра Майсеенкі з “Ільюшынскага”, Івана Гомана і Юрыя Стрыжонка з “Вялікадолецкага”, ды практычна ўсіх членаў дэлегацыі.

Будзе што прыгадаць
Ці трэба казаць, што самай цікавай для ўдзельнікаў “Дажынак” аказалася выстава сельскагаспадарчай тэхнікі. “Вельмі прадстаўнічыя мадэлі новых трактароў, “памацалі” і кормараздатчык, які хутка з’явіцца ў гаспадарцы, – казаў намеснік дырэктара “Сафійскіх дароў” Аляксандр Гарбаценка. А галоўны інжынер Дзяніс Давыдаў нават рулетку з сабой прыхапіў, з якой даследаваў, у прыватнасці, сеялку ад “Амкадора”. “Здаецца, заправіўся б і паехаў, – “прымяраў” сучасны, непадобны на “прадзеда” – Беларус-82 Дзмітрый Калітуха з “Ільюшынскага”. – Узмоцнены пярэдні прывад, усе прычапныя, а выглядае як!”

Зазірнуць на кожную са шматлікіх пляцовак не атрымалася б нават у тых, хто гуляў па горадзе з раніцы. Толькі на абноўленай набярэжнай возера, на якім забіў фантан і паказвалі шоу флайбардысты, іх размясціліся дзясяткі. Аднак, дакладна ўсе любаваліся выставай снапоў, караваяў, лялек і рабілі здымкі ля сімвалаў сваіх раёнаў. Тысячы людзей сабраліся на выдатны канцэрт з удзелам беларускіх і расійскіх зорак. А яшчэ ў Міёрах акрыўся зал барацьбы, новы выгляд да гэтага дня атрымала 150 аб’ектаў інфраструктуры – цэнтр абласных “Дажынак” па ўсёй краіне абавязкова становіцца больш утульным і зручным для жыцця. Таму так жадае ім стаць кожны раён. Таму так чакаюць 2028 года ўшачане.

Вольга Караленка.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *