На Вечелье спасали… Максима. В рамках единого дня безопасности на Ушаччине провели интересные практические занятия

Cлужба-101 Профилактика и безопасность

Як зразумець, што чалавек тоне, і як аказаць яму дапамогу? Што можна і нельга рабіць у справе выратавання на вадзе? На гэтыя і многія іншыя пытанні на фінішы купальнага сезона атрымалі адказы больш паўсотні ўшацкіх школьнікаў у сераду не на ўроку, а на пляжы возера Вечалля. У рамках адзінага дня бяспекі правесці практычныя заняткі ў нашым раёне былі запрошаны прадстаўнікі Віцебскага абласнога таварыства выратавання на водах.

“Хто з вас умее плаваць?” – спытаў начальнік вадалазна-выратавальнай службы таварыства В.А.Горын і, убачыўшы паднятыя рукі, адзначыў, што гэта і ёсць патэнцыяльныя парушальнікі правіл. 44 патануўшыя (4 з іх дзеці) з пачатку года на Віцебшчыне былі ўпэўнены ў сваіх сілах, аднак… У многіх выпадках трагедыі папярэднічалі выразы: “Глядзі, як я ўмею!”, “А табе слабо…”.

Абсалютная большасць з нас уяўляе тонучага чалавека, як гэта паказваюць у кінафільмах. Аднак насамрэч гэта адбываецца зусім не так: ён не можа крычаць ва ўсё горла і махаць рукамі, распырскваючы ваду на некалькі метраў.

Ён спыняецца, затым як паплавок знікае і вынырвае, а калі вы пачняце яго клікаць, то не пачуеце ніякай рэакцыі, позірк яго накіраваны будзе міма вас. “У такіх выпадках памятайце: адлік ідзе на секунды! Трэба зваць на дапамогу, у тым ліку выратавальнікаў і “хуткую”, і паспрабаваць дапамагчы тонучаму. Толькі рабіце гэта не ў адзіночку, а ў складзе групы: адзін аказвае дапамогу, другі – падстрахоўвае. Падайце чалавеку які-небудзь прадмет – матрац, круг, вяроўку, палку, а калі накіроўваецеся да яго, не заплывайце ў зону захопу – ён скарыстаецца вамі як лесвіцай і шанцаў выжыць у абодвух практычна не будзе”, – адзначыў Вячаслаў Анатольевіч і прадэманстраваў, як трэба набліжацца да пацярпелага.

Зрэшты, падаваць выратавальны круг трэба правільна, каб выпадкова не ўдарыць чалавека. Сярод удзельнікаў мерапрыемства знайшлося нямала жадаючых патрэніравацца ў гэтым.

Але ж выцягнуць чалавека з вады – гэта яшчэ паўсправы, да прыезду медыкаў трэба аказаць дапамогу, правесці сардэчна-лёгачную рэанімацыю. Важнае правіла – пацярпелага трэба пакласці на цвёрдую роўную паверхню, пад плячамі і грудной клеткай размясціць цвёрды прадмет. Як адзначыў прадстаўнік абласнога таварыства выратавання на водах, ні ў якім разе нельга класці пацярпелага праз калена, каб выдаліць ваду (а менавіта так робяць многія), бо раптам у вадзе ён ударыўся галавой ці пашкодзіў шыйныя пазванкі. Як вызначыць прытомнасць, пульс, зрабіць штучнае дыханне – пра гэта і многае іншае ішла гаворка, але тэорыя – адно, а практыка – зусім іншае. Таму, каб не быць галаслоўнымі, на беразе Вечалля ратавалі… Максіма – спецыяльны манекен, які мае такое ўмоўнае імя. Калі дзеянні былі правільныя, на адпаведным экране загаралася зялёная лямпачка, калі не – чырвоная. Канечне, не ва ўсіх усё атрымлівалася лоўка: адным удалося рэанімаваць Максіма, іншыя яму “зламалі рэбры”.

В.А.Горын з задавальненнем прыняў прапанову калі-небудзь правесці такія практычныя заняткі ва ўмовах, яшчэ больш набліжаных да рэальных – у басейне “Юнацтва-Ушачы”.

Да мерапрыемства далучыліся і супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, якія прадэманстравалі спецыяльнае абсталяванне, якое прызначана для выратавання людзей на вадзе. Часцей за ўсё прымяняць яго пакуль даводзілася падчас аказання дапамогі гора-рыбакам.

Мяркуючы па рэакцыі і эмоцыях школьнікаў, гэты не­звычайны ўрок ім спадабаўся, а значыць у галаве засталіся жыццёва неабходныя веды.

* * *

У рамках адзінага дня бяспекі ў раёне адбылося яшчэ мноства разнапланавых мерапрыемстваў. Так, напрыклад, ва УП ЖКГ прайшла адпрацоўка планаў эвакуацыі з персаналам гасцініцы, а на вытворчай базе работнікі прадпрыемства “шліфавалі” навыкі карыстання вогнетушыцелем (на здымку). Прычым, стаўку рабілі на жаночую палову, якія звычайна баяцца гэтага прыбора. Таксама на прадпрыемстве правялі дзень адчыненых дзвярэй, дзе са сродкамі індывідуальнай абароны і многім іншым знаёмілі ўсіх жадаючых. Такі ж дзень прайшоў і ў раёне газазабеспячэння, дзе ўшачане да таго ж маглі атрымаць адказы на ўсе пытанні, звязаныя з газавай гаспадаркай. Аб правілах карыстання электрапрыборамі ў многіх калектывах расказалі прадстаўнікі энерганагляду. Ва ўсіх навучальных установах раёна, у тым ліку і дашкольных, з удзелам супрацоўнікаў аддзялення ДАІ і МНС праведзены тэматычныя мерапрыемствы, акцэнтавана ўвага на правілах паводзін на дарозе і пажарнай бяспецы. Напрыклад, ва Ушацкай школе цэлы тыдзень прайшоў пад эгідай прафілактыкі дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму, а ў першы дзень навучальнага года з вучнямі, якія падвозяцца на заняткі, праведзены адпаведны інструктаж. Тэме бяспекі было прысвечана і пасяджэнне клуба “Прававы навігатар” у раённай бібліятэцы. Яшчэ больш узмацнілі прафілактычную работу і выратавальнікі, якія выступаюць у працоўных калектывах, арганізуюць трэніровачныя эвакуацыі і вучэнні. Дарэчы, 10 верасня яны запрашаюць ушачан на дзень адчыненых дзвярэй у пажарную аварыйна-выратавальную часць.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *