Для души и для доченьки! Обычные заколки и обручи в руках Ирины Левшовой превращаются в оригинальные украшения

Мир увлечений

Хто з нас, жанчын, ніколі не спрабаваў сябе ў якім-небудзь відзе творчасці? Вязанне, бісерапляценне, вышыванне ці штосьці падобнае. У адных усё цудоўна атрымлівалася, у другіх не хапала часу, цярпення і фантазіі на карпатлівую работу. Але галоўнае ў творчым працэсе, як сцвярджае Ірына Ляўшова, не прыродны талент, не наяўнасць часу, а ўсяго толькі жаданне!

Штодня яе дачушка ідзе ў садок з прыгожай прычоскай і арыгінальнымі заколкамі, якія маладая мама робіць сваімі рукамі. Пачыналася ж усё чатыры гады таму, калі на першы дзень нараджэння Лізы вырашыла зрабіць для маленькай прынцэсы карону. Для яе вырабу выкарыстала фетр, а шукаючы ідэі выканання ў інтэрнэце, убачыла шмат іншых упрыгожанняў для дзяўчынак з розных матэрыялаў. Асабліва захапілі яе ідэі з фааміранам. Звычайныя заколкі, рызінкі, абручы ў яе руках пераўтвараюцца ў адметныя ўпрыгожанні.

– Фааміран знешне нагадвае ліст паперы і часта выкарыстоўваецца для вырабу розных дэкаратыўных – кветак, букетаў, лялек ці заколак. Яго яшчэ называюць рэвелюр, фаам, пластычная замша. Ён мяккі і падатлівы, лёгка рэжацца звычайнымі нажніцамі. Для стварэння якога-небудзь вырабу па шаблоне, а іх можна знайсці ў інтэрнэце ці намаляваць самому, выразаюцца розныя дэталі, якім можна надаваць неабходную форму. Для гэтага нарыхтоўкі награваюць, затым сціскаюць, расцягваюць, пракручваюць паміж пальцамі. Вось, напрыклад, гэтыя звычайныя рознакаляровыя рызінкі для валасоў купіла за некалькі капеек, з фаамірану зрабіла маленькія ружы і з дапамогай клеявога пісталета прымацавала, аздобіла пацеркамі. Такім жа чынам пераўвасабляю абручы. А вось тут металічныя заколкі ўпрыгожыла банцікамі, матылькамі, сардэчкамі, – дэманструючы вырабленае сваімі рукамі, расказвае І.Ляўшова.

Яшчэ адзін плюс гэтага матэрыялу ў тым, што вырабы з фаамірана можна мыць, ён дрэнна ўбірае вільгаць. І калі ваша ўпрыгожванне раптам намочыць дождж, гэта ніяк не адаб’ецца на яго якасці.

Ідэі ж Ірына знаходзіць не толькі ў інтэрнэце, але і падчас зносін з такімі ж майстрамі, а матэрыял набывае на рынку, спецыялізаваных магазінах ці праз інтэрнэт.

Асвоіла яна і тэхніку канзашы – мастацтва вырабу кветак з тканіны. Імі на Усходзе ўпрыгожвалі адзенне, прычоскі і дом. У наш час канзашы стала папулярным, як выраб кветак для заколак, брошак і іншых аксесуараў. Вось і павязкі для галавы гераіня нашага аповеду дапаўняе кветкамі з атласных стужак. Арыгінальнымі аксесуарамі радуе не толькі сваю дачушку, а і пляменніц, а таксама да святаў дорыць знаёмым. Як прызнаецца Ірына, для яе гэта справа – яшчэ і занятак для душы. Хоць з маленькім і непаседлівым Цімафеем у дэкрэтным адпачынку на хобі застаецца не так і многа часу. Але хлопчык імкнецца ўнесці і свой уклад, каб было чым парадаваць сястрычку.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *