Дмитрий Иванович Михно из Кублищино проложил для нужд односельчан дорогу через болото

Мир увлечений Наш современник Экономика и малый бизнес

Хоць і недалёка ад райцэнтра размешчана вёска Кублішчына, але яе жыхарам, асабліва тым, хто жыве на другой палове, дабірацца да аўтобуснага прыпынку не так блізка. Здавалася б, вунь яна, шаша ля Лутава Сяльца, усяго ў паўкіламетры, нават добра бачна, якія па ёй машыны едуць, але ж пераадолець гэтую адлегласць перашкаджае балота. Не адно пакаленне вяскоўцаў, паглядаючы ў той бок, уздыхала: эх, была б тут дарога ці хаця б сцежка…

А вось Дзмітрый Іванавіч Міхно, які пасяліўся ў вёсцы некалькі гадоў назад, «уздыхаць» не стаў, а адразу ўзяўся за справу. Гэты чалавек увогуле не з тых, хто доўга запрагае: між нараджэннем ідэі і яе ажыццяўленнем у яго тэрмін мінімальны. «Дзівак-чалавек! Пракласці дарогу праз балота?! Гіблая справа… — канстатавалі некаторыя суседзі, скептычна назіраючы, як Дзмітрый Іванавіч цягае зямлю на змайстраванай са старога халадзільніка валакушы. І сапраўды, як зрабіць, каб багна не «праглынула» новы шлях? Дзмітрый Іванавіч распрацаваў спецыяльную паэтапную тэхналогію і зрабіў дарогу мнагаслойнай. Першы яе пласт стаў драўляным: у ход пайшлі старыя дошкі, абрэзкі рэек, галінкі дрэў і кустоў. Гэты падмурак быў пакрыты кавалкамі поліэтылену, джутавымі мяхамі і іншымі падобнымі рэчамі, якія, па задуме майстра, не павінны даць балоту размыць насыпаную паверх іх глебу. Зверху ж былі ўкладзены кавалкі дзёрну — можаце сабе ўявіць, якая тытанічная работа была зроблена гэтым чалавекам у сталым узросце.

У хуткім часе дзёран прарос, замацаваўшы «канструкцыю», і дарога была «здадзена ў эксплуатацыю». Першым яе ацаніў сам будаўнік: выпрабаванні паказалі, што па новым шляху можна рухацца не толькі пешшу, але і на веласіпедзе. Не прымусілі сябе запрашаць і суседзі-скептыкі, якія хутка аблюбавалі кароткую дарогу. Зараз жыхары дальняй часткі вёскі проста не ўяўляюць, як жылі раней без гэтай «зручнасці». Літаральна са слязьмі на вачах расказвае пра Дзмітрыя Іванавіча Галіна Васільеўна Варанько: «Жыву адна на хутары за вёскай, каб дайсці да прыпынку, раней мне трэба было пераадолець некалькі кіламетраў, а гэта ў 81-гадовым узросце вельмі няпроста! Цяпер жа напрамкі — удвая бліжэй. Увогуле, часта звяртаюся да гэтага чалавека па дапамогу: ці то касу натачыць, ці па якой іншай гаспадарчай справе — ніколі ён не адкажа ні мне, ні іншым суседзям. Як жа пашанцавала нам, што ён у Кублішчыне з’явіўся!» А яшчэ адзін сусед, уладальнік папулярнай ва ўшачан «Чайнай лаўкі» Аляксандр Лісоўскі, з удзячнасцю прыгадвае, як Дзмітрый Іванавіч дапамог яму абсталяваць гандлёвую кропку. «Ён не толькі выдатны майстар любой справы, але і нераўнадушны чалавек, у якога многаму можна павучыцца, — расказвае Аляксандр. — Напрыклад, едучы па вясковай дарозе, заўсёды спыніцца, каб убраць са шляху пластыкавую бутэльку, зламаную галіну. Ведаеце, ён і мяне да гэтага прывучыў!»
А вось як характарызуе мужчыну цяперашняя спадарожніца яго жыцця і памагатая ва ўсіх справах Любоў Ільінічна Адамава: «Ён проста не можа сядзець, склаўшы рукі, нават зімой знаходзіць сабе справу: майструе драўляныя кампазіцыі, якія летам упрыгожаць сядзібу, рамантуе машыну, чысціць снег у двары і на дарозе».
Але можна застаць яго і на канапе ва ўтульнай цёплай верандзе — калі па тэлевізары паказваюць спаборніцтвы па біятлоне. «Вельмі хварэю за нашу дзяўчынку,» — так называе Дзмітрый Іванавіч беларускую спартсменку Дашу Домрачаву. А на пытанне, чаму яго цікавіць менавіта біятлон, адказвае, што ў маладосці, асабліва падчас службы ў арміі, займаўся гэтым відам спорту, разам з братам Пятром удзельнічаў у спаборніцтвах. А яшчэ прыгадвае, што вайсковая служба прайшла без асаблівых цяжкасцей і канфліктаў: мала хто рашаўся пакрыўдзіць іх з братам-блізняцом — дужых вясковых хлопцаў, рана страціўшых бацьку, а таму з маленства звыклых да цяжкай фізічнай працы…
На жаль, няма ўжо ў жывых брата, няма магчымасці бачыць людзей, з якімі хацелася б быць побач. Але ёсць цяпло і ўдзячнасць тых, для каго ён сёння жыве. Радуе вока прыгожы дом, расфарбаваны звонку арыгінальнымі малюнкамі (гэта справа таленавітых рук Любові Ільінічны), у кожным пакоі хаты пануе ўтульнасць — а дадаюць яе дзясяткі мяккіх цацак, якія насялілі тут літаральна кожны куточак. «У дзяцінстве не дагулялі,» — жартуе гаспадыня наконт незвычайнага для сталага ўзросту захаплення. І як выдатна, што гэтыя людзі захавалі рысы, якія часта знікаюць у дарослых: уменне радавацца жыццю, здзіўляць сябе і іншых, гатоўнасць рабіць нешта на агульную карысць, не чакаючы матэрыяльнай узнагароды.
Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *