Воспитанники Елены Ковалёвой из яслей-сада №2 г.п.Ушачи растут во всех смыслах слова!

К профессиональному празднику Экономика и малый бизнес

Калі ў адным з артыкулаў прачытала, што выхавацелі дзіцячага ясляў-сада №2 на занятках выкарыстоўваюць блокі Дзьенеша і палачкі Кюізінера, шчыра прызнацца, засумнявалася: а ці варта “грузіць” малышоў мудрагелістымі методыкамі, ці не робіцца гэта ў даніну педагагічнай модзе? Але ж днямі давялося папрысутнічаць на занятку па фарміраванні элементарных матэматычных уяўленняў у інтэграванай групе садка. Паглядзеўшы, як упэўнена і ахвотна дзеткі параўноўвалі форму, велічыню каляровых блокаў і нават складалі з іх простыя малюнкі, праніклася павагай да сучасных педагагічных тэхналогій.

Кіраваў жа захапляльным навучальным працэсам сапраўдны майстар: выхавацель з 36-гадовым стажам Алена Уладзіміраўна Кавалёва. У пачатку 80-х выпускніца Ушацкай школы прыслухалася да парады тагачаснага спецыяліста раённага аддзела адукацыі Аляксандры Андрэеўны Смык і падала дакументы ў Полацкае педвучылішча. А ўчора калегі і блізкія віншавалі Алену Уладзіміраўну з 55-гадовым юбілеем. Яна ж прызнаецца – менавіта цудоўны калектыў стаў галоўным фактарам таго, што ў яе працоўнай кніжцы значыцца адзіны запіс, а апантанасці і адданасці роднай установе вучылася ў яе нязменнага кіраўніка Людмілы Андрэеўны Напрыенкі.

Ды ўсё ж, канечне, столькі год працаваць з малышамі можна толькі калі шчыра любіш сваю справу. Напачатку ж былі і моманты роспачы: прыгадвае, як 18-гадовай дзяўчынай упершыню трапіла ў ясельную групу, убачыла манежык, дзе капашылася больш дзясятка немаўлят з вялікімі пустышкамі ў роціках, і ўзялася за галаву – хіба ж рэальна справіцца з такой “гаспадаркай”?.. З усмешкай прыгадвае эпізод, як аднойчы чакалі важную праверку з вобласці. “Гоманава едзе! Ой, будуць праблемы!” – анансіравалі падзею бывалыя калегі. Хваляванне перадалося і Алене: агледзела яна сціплы на ўбранства пакой групы, а потым рассыпала ўсе наяўныя цацкі, пасадзіла на падлогу малышоў і “прызямлілася” побач – можа, не прыкмеціць яе грозная Гоманава? Але тая не толькі прыкмеціла, а і вылучыла: “А вось гэта – правільна! Такому выхавацелю будзе лёгка наладжваць кантакт з дзецьмі!”

Прароцтва спраўдзілася. За гады працы праз добрыя ўмелыя рукі Алены Уладзіміраўны прайшлі сотні маленькіх ушачан, але яна памятае літаральна кожнага. І сочыць за іх поспехамі: чытае артыкулы ў “раёнцы” пра перамогі ў розных конкурсах і адной з першых падпісалася на YouTube-канал газеты, дзе можна паглядзець відэа выступленняў яе былых выхаванцаў. А яшчэ, напрыклад, захоўвае альбомны аркуш, што нагадвае пра першае знаёмства з будучым пераможцам рэспубліканскіх алімпіяд па нямецкай мове Пашам Гардзіёнкам. “Хочаце, я вам дыназаўра намалюю?” – запытаўся трохгадовы хлопчык і на вачах у здзіўленага выхавацеля вывеў абсалютна дакладны контур дагістарычнай жывёлы з характэрным грэбнем на спіне! І хоць Алена Уладзіміраўна не згадзілася з маёй заўвагай, што ўнесла свой уклад у фарміраванне асобы таленавітага юнака (“Ну, што вы! Гэта – “гены”, бацькі, настаўнікі”), але ж няма сумненняў, што менавіта ў раннім дзяцінстве закладаюцца галоўныя навыкі і рысы характару.

Вось і выхаванцы групы, якую яна набрала летась, за год выраслі ва ўсіх сэнсах, засвойваюць веды, вучацца камунікаваць і выконваць абавязкі: самі апранаюцца, без напамінаў расстаўляюць па сваіх месцах цацкі. А як артыстычна прачыталі мне вершыкі пра восень і небяспеку гульні з запалкамі прыгажунькі Даша і Паліна! І хоць пакуль 3-4-гадовым малышам даюцца не ўсе гукі, але самае хадавое “Алена Уладзіміраўна” яны вымаўляюць максімальна старанна. Што, зрэшты, і нядзіўна, бо так завуць не толькі выхавацеля, а і яго памочніка. 19 год Алена Уладзіміраўна Гусёнак працуе побач з гераіняй аповеду і амаль пастаянна – у адных групах, таму яны лічаць сябе ўжо нават і не калегамі, а роднымі людзьмі.

Свой педагагічны талент А.Кавалёва прымяняе зараз у выхаванні ўнучак. “Мне вельмі пашчасціла, бо заўсёды магу разлічваць на прафесійную параду і дапамогу!” – прызнаецца яе дачка Юлія. Я ж лічу, што пашанцавала ўвогуле ўсім, хто па жыцці мае справу з гэтым добрасумленным чалавекам.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *