Клёцки онлайн и жареные «японцы». В агрогородке Кубличи прошёл праздник картофеля

Общество

Памятаеце словы гераіні знакамітага савецкага кінафільма “Дзяўчаты” Тосі: “А што, бульба?.. З бульбы, ведаеш, колькі страў можна прыгатаваць? А ну лічы: бульба смажаная, тушаная, пюрэ, фры, піражкі з мясам, аладкі, запяканка…” Гэты пералік з лёгкасцю дапоўнілі б яшчэ мноствам пунктаў кубліцкія гаспадыні. Аб стравах з “другога хлеба” і не толькі ішла гаворка на нядаўнім свяце бульбы, што ладзілася ў аграгарадку Кублічы.

Радзімай бульбы з’яўляецца Лацінская Амерыка, а ў Еўропе 500 гадоў таму нават і не ведалі пра такую культуру! У Расію бульбу прывёз Пётр I, але ўжывалі яе спачатку няправільна – елі не клубні, а ягады. Крухмал і спірт, атрыманыя з бульбы, выкарыстоўваюць у парфумернай, лекавай, харчовай, тэкстыльнай і іншых галінах прамысловасці. У Бельгіі і Амерыцы маюцца музеі бульбы, а помнікі гэтай культуры ўстаноўлены ў Румыніі, Расіі, Украіне, Швецыі, Германіі.

Пра гэтыя і іншыя цікавыя факты можна было даведацца на адмысловай выставе, падрыхтаванай работнікамі кубліцкіх Дома культуры і бібліятэкі. А ў фае культустановы ўладарылі “Уладар”, а таксама “Рая”, “Белароза”, “Каралева Ганна”, “Здабытак”, “Фрэска”, “Лілея”, “Маніфест”, “Журавінка” і іншыя сарты, якія вырошчваюць на сваіх сотках кублічане. А мяркуючы па выстаўленых экзэмплярах, сёлета ў іх вырас выдатны ўраджай.

Прыцягвала ўвагу і выстава “Цуда прыроды”. Тут можна было ўбачыць і сабачак, і качак, некалькі штрыхоў – і бульба пераўтваралася ў цягнік, чабурашку ці вусеня. Фантазію да гэтага прыклалі і вяскоўцы: “Гэта вулкан! У вялікую бульбіну ўставіла свечку і атрымалася, быццам лава цячэ, асновай для вулкана паслужыў гарбуз, для большага эфекту і попел насыпала”, – дэманстравала свой выраб Соф’я Кляпец. Як і многія кубліцкія гаспадыні, яна з задавальненнем адгукнулася на прапанову паўдзельнічаць у конкурсе на лепшую страву з бульбы. “Гэта несправядліва, бо калі паспытаць усё – можна лопнуць!” – казалі ўдзельнікі мерапрыемства, якія спрабавалі і галасавалі за страву, якая найбольш спадабалася. А каб выбар быў аб’ектыўным, яны выстаўляліся пад нумарамі без прозвішчаў. Тапчонікі з капустай, фаршыраваная бульба, дранікі, бульбяны пірог з начынкай, чыпсы і “японцы” – чаго толькі не было! Як высветлілася, апошняя страва ў прыгатаванні нагадвае клёцкі – толькі яе не вараць, а смажаць.

Канечне, не абышлося свята бульбы і без клёцак. Гатаваліся яны ў рэжыме “анлайн” побач з культ­установай. Марыя і Вольга Кляпец, Ларыса Хадасевіч не толькі праводзілі майстар-клас, а і частавалі ўсіх гэтай любімай ушацкай стравай, якая, адзначу, у іх атрымалася вельмі смачнай. “Ведаем, што клёцкі гатуюць па-рознаму, у Кублічах жа свой рэцэпт. Так для начыння выкарыстоўваецца свіны фарш або сала кавалкамі, дадаецца цыбуля і прыправы. У драннё дабаўляем крыху пюрэ, мукі, солі, крухмалу. Канечне, прыгатаванне на свежым паветры надае клёцкам асаблівы смак”, – дзяліліся гаспадыні, не адрываючыся ад працэсу, а дапамагалі ім з падтрымкай вогнішча Васіль Качан і Віктар Цвіклінскі. Менавіта клёцкі ў конкурсе страў атрымалі ад журы і гледачоў безагаворачнае гран-пры. А перамогу раздзялілі Святлана Быкава і Соф’я Кляпец за чыпсы і фаршыраваную бульбу.

Працягнулася свята ва ўтульнай зале Дома культуры, дзе больш дзвюх гадзін ладзілася забаўляльнае мерапрыемства з канцэртам. Ад душы смяялася поўная зала пасля прагляду сцэнкі “Як муж, жонка і цешча бульбу садзілі”. Вядомыя песні чаргаваліся з арыгінальнымі конкурсамі, у якіх з энтузіязмам удзельнічалі і дзеці, і дарослыя – каманды сапернічалі ў імправізаванай пасадцы і капанні “другога хлеба”, мужчыны замест гіры падымалі вядро з бульбай, знайшліся і смельчакі, якія без дапамогі рук даставалі яе з вядра вады. Пераможцы заахвочваліся прызамі, а самыя актыўныя ўдзельнікі конкурсаў атрымалі яшчэ і арыгінальныя ўпрыгожанні з бульбы.

– Нездарма наш знакаміты зямляк Рыгор Барадулін у адным са сваіх вершаў называў бульбу гаспадыняй стала, – вітала ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства старшыня Кубліцкага сельвыканкама Марыя Васільеўна Ярмош, якая адзначыла лепшых гаспадароў аграгарадка, што рупліва працуюць на сваіх участках і робяць населены пункт прыгажэйшым. Шчыра дзякавала за ўдзел у мерапрыемстве артыстам, гаспадыням і гледачам дырэктар Кубліцкага СДК Святлана Лабёнак. Свята бульбы ўдалося, а пацвярджэннем таму былі пажаданні кублічан, каб яно ў аграгарадку стала традыцыйным.

Вольга КАМАРКОВА.



1 комментарий по теме “Клёцки онлайн и жареные «японцы». В агрогородке Кубличи прошёл праздник картофеля

  1. Здаецца ж есьць Сеціва, і ім ня дужа складана карыстацца. Не? З чаго тады вось гэтыя байкі аб Пятры №1. Магчыма для кагосьці тое будзе навіной, але у часы жызьнядзейнасьці прыгаданага цара нашы продкі жылі зусім у іншай дзяржаве. І бульбу культывавалі задоўга да таго, бо адносіліся (як бы тое каму не муліла) да эўрапейскай цывілізацыі. А на Маскоўшыне яшчэ у 1840-44 гг. адбываліся г.з. “бульбяныя бунты”. І стала вырошчваць там гэты карняклубень пачалі не раней трэцяй чвэрці XIX стагоддзя. Дык якім бокам цар Пётра ды маскалі да нашых клёцак?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *