В ОАО «Ильюшинский» уродила неплохая кукуруза. Её уборка — на финишной прямой

Сельское хозяйство

Землі меліярацыі ААТ “Ільюшынскі” ў наваколлі Старога Сяла і Вацлавова механізатары гаспадаркі любяць – вялікія ўчасткі, працяглыя гоні, на якіх ёсць дзе разагнацца. Зрэшты, гэта пры ўмовах спрыяльнага надвор’я. І хаця ў панядзелак яно было якраз такім – пагодлівым, без ападкаў, але зямля пасля дажджоў настолькі набрыняла вільгаццю, што нават на ўзгорках вялікая тэхніка магла прайсці далёка не ўсюды. Заездамі рухаліся два КВК-800, манеўравалі і падстройваліся пад іх трактары – уборка 330 гектараў кукурузы ў “Ільюшынскім” выходзіць на фінішную прамую.

Мікалая Ступко (на здымку) застаў за дробным рамонтам жняяркі, які той праводзіў прама ў полі, пакуль чакаў трактары на адвозцы. Улічваючы тое, што ў гаспадарцы яшчэ працягваецца сяўба азімых, назіраецца недахоп механізатараў.

“Памятаю, мы раней іншым гаспадаркам дапамагалі, а вось сёлета наадварот”, – кажа трактарыст-машыніст другога кормаўборачнага агрэгата Уладзімір Лёля, без якога нарыхтоўку кукурузы проста немагчыма ўявіць. Механізатар на працягу апошніх гадоў нязменна ўваходзіць у лік перадавікоў раённых спаборніцтваў на гэтым відзе работ, дасканала ведае ўсе нюансы працэсу.

– Дзесьці яшчэ гектараў пад сорак застаецца, – расказваў Уладзімір Уладзіміравіч. – Плюс дваццаць, запланаваных пад насенне. Яго нашымі камбайнамі мы не ўбяром, неабходны “Нью Холанд”, які мае спецыяльную жняярку. У два КВК хутка ідзе, вось толькі адвозчыкаў малавата.

Здробненую кукурузу на сіласную траншэю ў Старым Сяле, дзе трамбаваў масу Антон Коўшаль на “Амкадоры”, дастаўлялі Аляксандр Селезень, Дзмітрый Бурак і прыйшоўшыя на дапамогу Руслан Грачоў з “Дземенца” і Віктар Хадасевіч з ААТ “Агра-Селішча”. Гэтыя гаспадаркі скаапераваліся і аб’яднаным мехатрадам, дзе гэта было магчыма, убралі кукурузу на сваіх землях. Там таксама вядуцца розныя віды работ – сяўба азімых, уздым зябліва, корманарыхтоўка, але знайшлі магчымасць выдзеліць па адзінцы тэхнікі на дапамогу “Ільюшынскаму”.

Кукуруза тут урадзіла добрая. Начальнік мясцовага вытворчага ўчастка Віктар Іванавіч Шэршань мужчына немаленькі, а расліны ўзнімаюцца намнога вышэй яго галавы. Падсохла “каралева палёў”, прыхвачаная марозікам, а дае пад 250 цэнтнераў з гектара масы. Назваць яе зялёнай, канечне, нельга, але аграрыі сцвярджаюць, што не ў колеры справа – такі сілас будзе не менш спажыўным з-за выспеўшых пачаткаў. “Унеслі сюды шмат арганікі вясной, месца адкрытае, без ценю – якраз для такой цеплалюбівай культуры, – тлумачыць В.І.Шэршань. – Пачаткі не малочныя, а ўжо практычна гатовыя нават на насенне”.

Побач з палеткамі кукурузы ляжаць і рулоны ў стрэйч-плёнцы, у якую “закансервавалі” спісаную зернесумесь – пры ўсім кадравым дэфіцыце ільюшынцы выкарыстоўваюць любую магчымасць папоўніць запас умоўных кармавых адзінак. Па стане на 22 кастрычніка іх нарыхтавана 3644,3 тоны – больш толькі ў філіяле “Маяк-Ушацкі”. Гэта амаль 7 тысяч тон сенажу, у тым ліку 866 – у палімернай упакоўцы, 248 тон зернесенажу, 669 – сена, амаль 4,5 тысячы тон сіласу. На адну галаву вялікага статку буйной рагатай жывёлы прыходзіцца зараз 22,2 цэнтнеры ўмоўных кармавых адзінак. Гэта на 4,8 менш, чым у мінулым годзе, але корманарыхтоўка працягваецца. Ёсць у гаспадарцы і леташні запас, а разам з гэтым і ўпэўненасць, што рэальныя галовы жывёлы будуць забяспечаны і рэальнымі кармамі.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *