Массаж нужно делать с душой! Молодой специалист Ушачской ЦРБ давно легко завоевал доверие пациентов

Образование и молодежь

З пункту гледжання ўсходніх методык, чалавечае цела з’яўляецца своеасаблівай геаграфічнай картай з мноствам мерыдыянаў, рэк і каналаў. Правільнае ўздзеянне на іх здольна не проста расслабіць арганізм, але і аднавіць яго энергетычны баланс. Масажыст фізіятэрапеўтычнага аддзялення Ушацкай ЦРБ Уладзіслаў Якубёнак ведае толк у гэтай справе. Як з сямі нот нараджаюцца цэлыя оперы, так з пяці масажных прыёмаў – пагладжвання, размінання, паляпвання, вібрацыі і скручвання – ён штодня складае для пацыентаў эфектыўныя лячэбныя праграмы.

Аб прафесіі медыка, якой прысвяцілі жыцці яго маці і многія блізкія, Уладзіслаў марыў з дзяцінства. Таму пасля заканчэння 11 класаў Ушацкай школы практычна не вагаўся з выбарам і, узяўшы накіраванне ад ЦРБ, паступіў у Полацкае медвучылішча.

– Прынцыпова абраў спецыяльнасць “сястрынская справа”, паколькі лічу яе ўніверсальнай, – расказвае У.Якубёнак. – З ёй ёсць магчымасць уладкавацца ў любое аддзяленне бальніцы, а значыць трэба ўмець літаральна ўсё! Я ж у пэўным сэнсе перфекцыяніст, заўсёды да гэтага імкнуся.

Ва Ушацкай ЦРБ герой нашага аповеду працуе ўжо трэці год. Пачынаў з пасады, мякка кажучы, не для слабанервовых – медбрата працэдурнага кабінета хірургічнага аддзялення. Маладому спецыялісту даводзілася бачыць кроў, скалечаныя целы, пакуты, але разуменне таго, што дапамагае пацыентам, надавала ўпэўненасці. Доказам жа яго прафесіяналізму сталі не толькі шматлікія словы ўдзячнасці ад тых, хто паправіўся, але і заслужанае другое месца на мінулагоднім раённым конкурсе прафмайстэрства сярод маладых медыцынскіх сясцёр (братоў) Ушаччыны.

Не пабаяўся У.Якубёнак асвоіць і новую для сябе спецыяльнасць – па прапанове адміністрацыі ЦРБ прайшоў адмысловыя курсы ў Віцебску і стаў масажыстам фізіятэрапеўтычнага аддзялення. У вясенне-летні перыяд паспяваў падпрацоўваць у санаторыі “Лясныя азёры”. Адмовіцца ж ад такой нагрузкі прымусіла вучоба: сёлета Уладзіслаў стаў студэнтам Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава – зараз завочна атрымлівае спецыяльнасць біяэколага.

У штодзённай працы галоўным для У.Якубёнка з’яўляецца якасць праве­дзенай працэдуры. Масаж, па яго словах, гэта не проста механічныя рухі, яго трэба рабіць з душой. Дарэчы, інакш у маладога чалавека і не атрымліваецца, таму жадаючых трапіць у кабінет спецыяліста заўсёды шмат. За дзень паспявае прыняць каля 15 чалавек.

– Дагэтуль не думаў, што такія працэдуры настолькі запатрабаваныя, – кажа Уладзіслаў. – Прыходзяць з самымі рознымі праблемамі: адны скардзяцца на болі ў спіне, другім трэба “прывесці ў тонус” нагу пасля зняцця гіпсу, трэціх непакоіць бяссонніца… Усім ім па прызначэнні ўрача стараемся дапамагчы. І вельмі прыемна бачыць вынік сваёй работы! Так, скажам, прыходзіш у палату да чалавека, які перанёс інсульт (работа масажыстаў не стацыянарная – да пажылых і цяжкіх пацыентаў ходзім у палаты), адзін бок у яго амаль нерухомы… Праводзіш працэдур дзесяць – і чалавек ужо можа ў руках нешта ўтрымаць, на нагу прыступіць. Вядома, для лепшага эфекту патрэбны паралельныя заняткі лячэбнай фізкультурай, іх таксама прапаную сваім пацыентам.

На прыём да У.Якубёнка трапляюць і зусім маленькія дзеці, якім патрабуюцца масаж ці гімнастыка. Кожнага з непасед, іх бацькоў Уладзіслаў умее супакоіць, ператварыць працэдуру ў цікавую гульню. Да кожнага ў яго свой падыход – імкнецца і ўсе нюансы здароўя пры падборы масажных методык улічыць, і давер пацыентаў заслужыць.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *