Жители Двор Плино з образцовой ответственностью относятся к сортировке мусора в соответствующие контейнеры

Экология

На календары – апошнія тыдні года, і зусім няшмат часу застаецца ў нас, каб падцягнуць даведзеныя раёну мэтавыя паказчыкі па нарыхтоў­цы другасных матэрыяльных рэсурсаў. Паспрыяць гэтаму закліканы месячнік па зборы ДМР, аб’яўлены ў снежні.

У гэты час яшчэ больш інтэнсіўную дзейнасць разгорнуць арганізацыі, якія з’яўляюцца галоўнымі нарыхтоўшчыкамі другаснай сыравіны – камунгас і райспажыўтаварыства. Але ж, канечне, для паспяховага выканання планаў далучыцца да працэсу павінна і насельніцтва.

Як паведаміў нам майстар участка цвёрдых бытавых адходаў УП ЖКГ Ушацкага раёна Д.П.Станкевіч, за прайшоўшы перыяд года прадпрыемства нарыхтавала 36 тон макулатуры, 12 – адходаў пластыку і 46,5 тоны шклабою. І калі па апошнім відзе планавы паказчык, які складае 50 тон, будзе выкананы, то па астатніх дасягнуць іх праблематычна.

– Работнікі нашай спецыяльнай брыгады штодня на палігоне цвёрдых бытавых адходаў г.п.Ушачы адбіраюць са смецця каля 150 кілаграмаў шкла, 70-80 – прыдатных для перапрацоўкі адходаў паперы і кардону, каля 50 кг ПЭТ-бутэлек, – расказвае Дзмітрый Паўлавіч. – Дапамагае, канечне, і насельніцтва, калі выкідвае шкло і пластык у адпаведныя скрыні. Хочацца ад імя адміністрацыі нашага прадпрыемства і ад сябе асабіста выказаць падзяку жыхарам вёскі Двор Пліна, якія з узорнай адказнасцю ставяцца да гэтай справы: змесціва жоўтых і сініх кантэйнераў з гэтага населенага пункта можна адразу адпраўляць на перапрацоўку, бо яно заўсёды “чыстае”. Як правіла, няма ў нас прэтэнзій і да жыхароў Арэхаўна, Ільюшына. А вось у райцэнтры, нягледзячы на вялікую тлумачальную работу, якую мы вядзём у тым ліку праз газету, у спецыяльныя скрыні людзі з упартасцю працягваюць кідаць не толькі тое, што там павінна быць. І калі са зборам пластыка сітуацыя яшчэ неблагая, то шкло нашым работнікам амаль заўсёды даводзіцца перабіраць уручную, бо яно забруджана бытавымі адходамі. У гэтай сувязі хачу яшчэ раз папрасіць ушачан, каб яны не кідалі ў сінія кантэйнеры шклабой разам з пакетамі, нельга змяшчаць туды аконнае, дзвярное, люстраное, аўтамабільнае шкло, бо яно не ідзе ў перапрацоўку разам з бутэлькамі і шклянкамі.

У час правядзення месячніка раённая экалагічная інспекцыя ўзмоцніць кантроль за тым, каб у вывозімых на палігон адходах не было другасных рэсурсаў. Зрэшты, гэта работа вядзецца планамерна на працягу ўсяго года: за 11 месяцаў выяўлена 6 адпаведных выпадкаў, дзве юрыдычныя і дзве пасадныя асобы прыцягнуты да адказнасці на агульную суму 1249,5 рубля.

Пераднавагоднія дні – самы час ачысціць свае дамы, балконы, адрыны ад макулатуры, пустой тары, старой электратэхнікі, таму, здаўшы ўсё гэта нарыхтоўшчыкам, вы зробіце карысную справу і для сябе, і для грамадства.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *