Превращает шары в букеты и другие интересные композиции. Наталья Азаронок любит поздравлять своих близких оригинально!

Мир увлечений

“Люблю віншаваць сваіх блізкіх са святамі цікава!” Менавіта такі прынцып падштурхнуў ушачанку Наталлю Азаронак паспрабаваць сябе ў вырабе разнастайных кампазіцый з паветраных шароў. Атрымліваецца, сапраўды, незвычайна і запамінальна!

Свае першыя вырабы яна зрабіла каля трох гадоў таму, калі знаходзячыся ў дэкрэтным адпачынку, вырашыла ўдзяліць час творчасці. Так, паглядзеўшы майстар-клас у інтэрнэце, з лёгкасцю разабралася з працэсам. “Такі незвычайны букет немалога памеру ўздымае настрой і радуе не менш, чым жывыя кветкі, а стаіць даўжэй! Хаця быў у мяне і кур’ёзны выпадак: збіраючыся на вяселле брата, вырабіла вялізны яркі букет, на якім спыняліся позіркі ўсіх гасцей. Але на парозе рэстарана, калі маладыя на шчасце разбіваюць кубкі, рэшткі шклянога посуду паляцелі якраз у бок букета, які імгненна зменшыўся ледзь не напалову”, – расказвае Наталля.

Паступова яна ўцягвалася ў справу і паспрабавала штосьці новае. Так, у падарунак маме зрабіла кветкі з каласкамі ў камплекце з вазай, а на другі дзень нараджэння сыночка – лічбу два ў выглядзе жырафы. Зрэшты, для такога захаплення патрэбны толькі шары для мадэліравання і спецыяльная помпа. Дэталі кампазіцый яна дамалёўвае пры дапамозе фламастараў ці ручак.

У Наталлі заўсёды мноства варыянтаў, чым парадаваць блізкіх і сяброў. Колькі радасці ў дзяцей выклікалі вырабленыя ёй мішка, пчолка, лялька, футбаліст, клоун, сімка з папулярнага мультсерыяла “Фіксікі” і іншыя героі. А для сваёй сяброўкі Наталля аднойчы зрабіла з шароў… афрыканца ў рост чалавека! На арыгінальны выраб, канечне, была затрачана не адна гадзіна, але гэта таго каштавала.

Сярод захапленняў ­Н.Азаронак і выраб салодкіх букетаў з гафрыраванай паперы і цукерак, аднак прызнаецца, што ўсё ж работа з шарамі ёй бліжэй.

Асвоіла ўжо не толькі кампазіцыі і букеты, а і выраб арак для ўпрыгожання памяшканняў. Так, аформлены шарамі ўваход у яслі-сад №3 падчас яго ўрачыстага адкрыцця пасля рэканструкцыі – справа рук Наталлі. Як і ўпрыгожанне ў той жа дзень музычнай залы садка, дзе ладзіўся канцэрт, а калектыў разам з малышамі атрымлівалі падарункі ад ганаровых гасцей. Н.Азаронак працуе памочнікам выхавацеля ва ўстанове, а таму не магла застацца ўбаку ад святочнага афармлення. Прыклала руку сёлета і да ўпрыгожання сцэны шарамі да выпускнога балю Ушацкай СШ, паколькі ў ліку выпускніц была яе пляменніца.

Ну а гэтымі днямі ў яе доме з’явілася не толькі навагодняя ёлка, а і вясёлы снегавік з шароў. У будучым Наталля марыць адкрыць сваю справу па святочным афармленні і ўвасобіць у жыццё яшчэ шмат прыгожых ідэй!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *