Рыбаки с разных уголков Витебщины попытали удачу на обласных соревнованиях по зимней ловле рыбы

В общественных организациях Мир увлечений

Апантанага рыбака не пужаюць дождж, снег і вецер, у свой выхадны дзень ён гатовы развітацца з цёплай канапай і, узброіўшыся вудай, ледабурам і іншымі рыбалоўнымі прыладамі, адправіцца на возера. Менавіта такія людзі з усёй вобласці сабраліся ў суботу ў суседнім Полацкім раёне на возеры Гомля на абласныя спаборніцтвы па зімняй лоўлі рыбы, якія традыцыйна праводзяцца Беларускім таварыствам паляўнічых і рыбаловаў.

Тры гадзіны “варажылі” каля сваіх лунак больш 30 рыбакоў, а за тым, каб яны выконвалі ўстаноўленыя правілы, сачыла строгае журы. Сярод удзельнікаў быў і прадстаўнік нашага раёна, у асабістым заліку выступаў І.Судак.

– Хоць рыбалкай захапляюся вельмі даўно, але на падобных спаборніцтвах упершыню. Сабраць каманду не ўдалося, таму ў якасці групы падтрымкі са мной паехала жонка Наталля. Надвор’е было не надта спрыяльным, і многім не тое што вылавіць, нават спробу паклёўкі ўбачыць не давялося! Мне ж пашанцавала больш, але да прызавых месцаў крыху не дацягнуў, ды на настрой гэта ніяк не паўплывала! Як бы банальна ні гучала, але сапраўды, важней аказаліся не перамога, памер улову і падарункі, а ўдзел! Без сумнення паеду на спаборніцтвы яшчэ! – падзяліўся сваімі ўражаннямі Ігар.

Абмеркаваннем вынікаў лоўлі, сакрэтамі майстэрства ўдзельнікі дзяліліся і за смачнай юшкай ды кашай. Многія з іх любяць парыбачыць на ўшацкіх азёрах.

Завяршыць сёлетні зімні рыбалоўны сезон Віцебская абласная арганізацыя БТПР мяркуе рыбалоўным фестывалем, які запланаваны ў суботу ў Бешанковіцкім раёне на возеры Слабадское. Прыняць удзел у мерапрыемстве могуць усе жадаючыя, як у камандным, так і асабістым заліку, галоўнай умовай з’яўляецца членства ў таварыстве.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *