Розныя па характарах, захапленнях – аднак з аднолькавым жаданнем дапамагаць людзям. 10 маладых спецыялістаў папоўнілі калектыў Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы. У штат установы ўліліся адзін урач і дзевяць прадстаўніц сярэдняга медперсаналу, тры з якіх – нашы зямлячкі.
Першых сваіх пацыентаў у паліклініцы зараз прымае стаматолаг-тэрапеўт Вераніка Кавалец (на здымку). У медыцынскіх маніпуляцыях, якіх баяцца многія, ураджэнка абласнога цэнтра, выпускніца Віцебскага медуніверсітэта адчувае сябе дастаткова ўпэўнена – падчас праходжання інтэрнатуры разабралася ва ўсіх практычных нюансах.
– Ва Ушачах дагэтуль ніколі не бывала, аднак размеркаванню сюды парадавалася, – прызнаецца малады доктар. – Прыемна ўразіла тэхнічнае аснашчэнне стаматалагічнага кабінета – не ў кожнай гарадской медустанове такое ўбачыш! Ды і працаваць у калектыве прафесіяналаў прыемна: у выпадку неабходнасці ёсць да каго звярнуцца, папрасіць параду.
З абавязкамі памочніка ўрача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе спраўляецца Марыя Мусская. У жаночай кансультацыі дапамагаюць доктару сачыць за здароўем прадстаўніц прыгожай паловы Вераніка Хадан і Вікторыя Салавей. Ужо гучаць словы ўдзячнасці ў адрас Карыны Ермалаевай, якая ў працэдурным кабінеце паліклінікі “адказвае” за забор крыві, іншыя маніпуляцыі. Вопыт работы ў дзіцячай кансультацыі набывае Анастасія Мацюш, у кабінеце функцыянальнай дыягностыкі – Анастасія Пашко, працэдурным кабінеце тэрапеўтычнага аддзялення – Ніколь Мігай. Не засмучаюцца накіраванню ў сельскія медустановы Дар’я Калеснікава і Лізавета Ягорава – дзяўчаты сталі загадчыкамі Вяркудскага і Селішчанскага ФАПаў адпаведна.
– Мы традыцыйна робім стаўку на моладзь, даём накіраванні на паступленне ў медустановы краіны і ўсяляк падтрымліваем нашы новыя кадры, – падкрэсліў галоўны ўрач райбальніцы Юрый Валянцінавіч Пацёмкін. – Усе дзяўчаты (а некаторыя прыехалі з іншых абласцей), забяспечаны камфортным жыллём у райцэнтры. Не павінны паскардзіцца яны і на заработную плату: прадугледжаны спецыяльныя надбаўкі маладым спецыялістам, за спецыфіку працы, кантракт і іншыя. За кожнай замацаваны настаўнікі – вопытныя ўрачы і работнікі сярэдняга звяна.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.


